10 ліпеня ў Брэсцкім абласным судзе абвясцілі прысуд 44-гадоваму беларусу, які абвінавачваўся ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны на баку самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі». Пра суд над наёмнікам піша TUT.BY

Фота з асабістай старонкі абвінавачанага ва Укантакце

Фота з асабістай старонкі абвінавачанага ва Укантакце

Мужчыну прызналі вінаватым ва ўдзеле ва ўзброеным канфлікце на тэрыторыі замежнай дзяржавы і прызначылі яму пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на 2 гады ў калоніі агульнага рэжыму. Суд таксама ўлічыў змякчальныя акалічнасці: яўку з павіннай, чыстасардэчнае раскаянне, актыўнае спрыянне выяўленню злачынства.

Абвінавачанага заключылі пад варту ў зале суда. Калі на ім зашпілілі кайданкі, ён спытаў суд, за што яго так сурова пакаралі.

Прысуд не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны.

Абвінавачаны — жыхар Брэста Вадзім. Адукацыя сярэдняя: скончыў Ганцавіцкую дапаможную школу-інтэрнат. Да таго, як з'ехаў на Данбас, працаваў на адным з прадпрыемстваў Брэста. Раней тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за крадзяжы.

Службу ў беларускім войску абвінавачаны не праходзіў па здароўі, але гэта не перашкодзіла яму трапіць ва ўзброеныя фарміраванни самаабвешчанай ДНР. На паўднёвы ўсход Украіны Вадзім прыехаў у 2015 годзе. На пасяджэнні 1 ліпеня ён патлумачыў суду, што «запісаўся добраахвотнікам па ідэйных меркаваннях». Яго залічылі шарагоўцам у штурмавы полк марской пяхоты. Першы час займаў пасаду намесніка камандзіра баявой машыны, затым перавёўся ў гранатамётчыкі. Ваяваў пад пазыўным Ветрык.

Вадзім браў удзел у баявых дзеяннях у вёсцы Камінтэрнава Валнавахскага раёна Данецкай вобласці. З 3 сакавіка па 10 ліпеня 2016 года дыслакаваўся паблізу вёскі Соханка Новаазоўскага раёна, затым — да 21 лістапада — быў ля лініі размежавання.

У 2017 годзе Вадзім паляцеў у Сірыю. Паводле яго слоў, там ён не ваяваў, а працаваў на нафтабазе. У Сірыі абвінавачваны правёў два месяцы — з 23 кастрычніка да 21 снежня. Затым вярнуўся ў ДНР.

22 мая 2018 года берасцейца залічылі шарагоўцам у батальён данецкай народнай міліцыі на пасаду старшага стралка. 1 жніўня яго перавялі ў кулямётчыкі. За некалькі гадоў удзелу ў ваенным канфлікце на паўднёвым усходзе Украіны Вадзім двойчы быў паранены: адзін раз у руку, другі — у нагу.

У канцы 2018 года ён з'ехаў у Брэст — нібыта ў адпачынак. У судзе ён патлумачыў, што вяртацца назад не збіраўся з-за «афіцэрскага бязмежжа» ва ўзброеных фармаваннях ДНР.

У Брэсце мужчына напісаў яўку з павіннай і аднёс яе ў КДБ. У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу і ўзялі пад варту. Пазней перавялі пад хатні арышт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?