У ваенкамат Салігорска даставілі моладзевага актывіста Івана Шылу.
Міліцыянты цэлы дзень дзяжурылі пад вокнамі ягонай кватэры. Дзесьці а 17:00 яны паказалі санкцыю, выпісаную намеснікам пракурора Салігорскага раёна сп.Бельчынам, на правядзенне ператрусу ў кватэры.
Івана адразу затрымалі і даставілі ў ваенкамат, дзе хлопец і знаходзіцца цяпер.
18:27. Як паведаміў нам бацька Івана Ўладзімір Шыла, хлопца ў суправаджэнні двух людзей у цывільным, а таксама ваенкомаўскага маёра, адвезлі ў Салігорскую бальніцу, хаця працоўны час там ужо скончыўся.
Ваенкамату трэба аналізы Івана Шылы. Хлопец адмовіўся іх здаваць. Пасля невялікай тэлефоннай кансультацыі маладзёна зноў павезлі ў ваенкамат.
19:04 Брат Івана Ілля Шыла паведаміў, што ў ваенкамат тэрмінова пачалі падцягвацца лекары. Напэўна, будуць збіраць камісію, каб вызначыць, ці годны хлопец да службы.
20:46. У ваенкамат запрасілі бацьку і брата Івана Ўладзіміра і Іллю Шылаў адпаведна.
21:07. Ваенкомаўская камісія прызнала Івана Шылу годным для праходжання тэрміновай вайсковай службы. Вечарам хлопца адвязуць у Мінск на прызыўны пункт, адкуль размяркуюць у адну з вайсковых часцей.
Іван нават не пройшоў медычнай камісіі. Хлопец патрабуе разгляду гэтай справы ў судзе, а на час працэсу спыніць прызыў.
Кажа, што найхутчэй служыць адправяць у войскі супрацьпаветранай абароны.
10:34. Івана Шылу трымаюць у Завадскім ваенкамаце Мінску, дзе і правёў ноч. Хлопец адмовіўся праходзіць медкамісію, а таксама напісаў некалькі скаргаў.
Цяпер вайскоўцы раяцца, адпраўляць скаргі, ці адпраўляць хлопца ў частку. Абяцаюць, што пойдзе Іван служыць некуды пад Лепель.
***
Некалькі міліцыянтаў таксама былі ўварваліся ў кватэру Змітра Хведарука. Яны патлумачылі, што нібыта ёсьць прадпісаньне ў прымусовым парадку даставіць яго ў прызыўную камісію ў ваенкамат. Хлопца адбіў бацька.
18:38 Адбіў, але ненадоўга. Цяпер хлопец знаходзіцца ў ваенкамаце Першамайскага раёну Мінску.
19:22. Змітру выпісалі павестку ў ваенкамат на заўтра а 9:00. Цяпер адвезлі ў Першамайскі РУУС. Кажуць, што датычыць інцыдэнта, які здарыўся дома ў хлопца, калі ён не ўпускаў у кватэру міліцыянтаў.
20:52. Хведаруку паведамілі, што ён будзе адбываць пакаранне за акцыю на 1 траўня.
Нагадаем, што Зміцер завочна быў асуджаны на 10 сутак арышту, але пакаранне ўсё яшчэ не адбыў. Хлопец па-ранейшаму ў пастарунку.
Падрабязнасці пазней на сайце.
Іван Шыла. Фота Юліі Дарашкевіч