BuzzFeed апублікаваў матэрыял пра перамовы, якія, па сцвярджэнні выдання, адбыліся ў Маскве ў кастрычніку 2018 года паміж прадстаўнікамі правай італьянскай партыі «Ліга», якая ўваходзіць у кіруючую кааліцыю, і нейкімі высокапастаўленымі расіянамі. На гэтай сустрэчы гаварылі аб фінансаванні Масквой палітычнай партыі «Ліга» і яе кампаніі 2019 года на выбарах у Еўрапейскі парламент. Усяго ў гэтай сустрэчы, як сцвярджае выданне, удзельнічалі тры італьянцы і тры расіяніны.

BuzzFeed адзначае, што высветліць асобы расіян, якія ўдзельнічалі ў перамовах, журналістам не ўдалося. Тым не менш, піша BuzzFeed, яны, імаверна, былі высокапастаўленымі чыноўнікамі, бо ведалі пра перамовы віцэ-прэм'ера Італіі Матэа Сальвіні з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, якія праходзілі ў Маскве ў гэты момант.

Матэа Сальвіні — віцэ-прэм'ер Італіі, лідар партыі «Ліга» (раней «Ліга Поўначы»), вядомы прыхільнік збліжэння з Расіяй. Ва ўрадзе займае пасаду міністра ўнутраных спраў. Падчас свайго візіту ў Расію ў кастрычніку 2018 года ён назваў антырасійскія санкцыі «сацыяльным, культурным і эканамічным абсурдам».

Пасля выхаду матэрыялу BuzzFeed Сальвіні заявіў, што мае намер падаць у суд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?