Барысаўскі БАТЭ стартаваў у Лізе чэмпіёнаў сезона 2019/2020. У супернікі чэмпіёну Беларусі дастаўся не самы просты клуб, а менавіта пераможцы польскага першынства — «Пяст» з горада Глівіц.

Пікантнасці супрацьстаянню дадаваў той факт, што фанаты БАТЭ ўжо вельмі даўно сябруюць з фанатамі «Пяста». На сектары барысаўцаў заўсёды можна пабачыць эмблему польскай каманды, тое самае адбываецца і ў Глівіцах.

І да сустрэчы на «Барысаў-Арэне» фанаты падрыхтавалі яркі перформанс, а менавіта на фан-сектары БАТЭ быў узняты вялізны банер з надпісам па-беларуску «Сяброўства важнейшае за перамогу». Некалькі разоў з сектара жоўта-блакітных было чуваць «Пяст, Пяст».

На першы матч у Барысаве на трыбунах сабралася больш за 11 тысяч чалавек. Дзіўна, што не было аншлагу, хаця цана на білеты зусім не кусалася (4—11 рублёў). Зрэшты, нават і так падтрымка камандзе была забяспечаная на ўзроўні.

Ужо ў самым пачатку гульні, лічы на роўным месцы, зламаўся цэнтральны абаронца БАТЭ Ягор Філіпенка. Гэта той чалавек, вакол якога і будуецца гульня каманды на задняй лініі. На жаль, у будучыні гэта не вельмі добра адгукнецца для нашага чэмпіёна.

Першы тайм, было ўражанне, каманды ўвогуле хацелі адгуляць без небяспечных момантаў ля абодвух варотаў. Асабліва ў гэтым плане стараўся БАТЭ. Першы сапраўды востры момант у гаспадароў узнік толькі на 33-й хвіліне, калі Стасевіч атрымаў мяч у штрафной. Паўабаронца прыбраў на замаху абаронцу, але нейкім чынам той усё адно змог блакіраваць удар.

Фактычна ўжо ў наступнай атацы «Пяст» змог забіць. Калі з ударам іспанскага легіянера Хорхе Гарсіі брамнік беларусаў Чычкан справіўся, то на дабіванні Пятру Пажышэку не было каму перашкодзіць. Ён галавой прабіў мяч проста па цэнтры варот — 0:1.

Калі зірнуць на статыстыку ўдараў па варотах за першы тайм, то для БАТЭ яна проста катастрафічная — 1:10. Хаця на справе не скажаш, што «Пяст» аж настолькі дамінаваў на полі.

Другі тайм падначаленыя Аляксея Багі пачалі значна весялей. У выніку яны змаглі «падсадзіць» на жоўтыя карткі адразу трох гульцоў чэмпіёна Польшчы. Гульцы «Пяста», якія зусім нядаўна выйшлі з адпачынку, проста не паспявалі за хуткімі хлопцамі ў жоўтай форме.

У выніку перавага БАТЭ ўсё ж дала пра сябе ведаць. На 64-й хвіліне гульні вырашальнай аказалася якраз хуткасць. Фантастычны забег па левай броўцы прадэманстраваў Ігар Стасевіч. Ён змог прастрэліць у штрафную, дзе на перадачу адгукнуўся Стас Драгун. Ягоны ўдар у далёкі кут па сваёй дакладнасці быў дасканалым — 1:1.

Потым, на жаль, БАТЭ зноў неяк адціснуўся на сваю палову поля. Аднойчы Чычкан паказаў выдатнае майстэрства пасля стрэлу гульца «Пяста». На апошняй хвіліне гульні да чырвонай карткі дагуляўся паўабаронца БАТЭ Станіслаў Драгун. Без яго ў Польшчы нашай камандзе будзе надзвычай цяжка.

Гульня ў апошнія хвіліны перарастала ў сапраўдную бойку. Не дужа ўдалае судзейства таксама гэтаму дапамагала. Яднанне на трыбунах між фанатамі, а вось гульцы між сабой перамогі яўна не падзялілі.

Матч так і скончыўся з нічыйным лікам 1:1. Гульня ў адказ адбудзецца ў Глівіцах 17 ліпеня, пачнецца яна а 21 гадзіне па мінскім часе. У Польшчы БАТЭ трэба абавязкова перамагаць, альбо гуляць унічыю мінімум 2:2.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?