15.07.2019 / 13:06

Віктар Марціновіч: Ёсць куды большая праблема, чым адсутнасць магістратуры 3

Віктар Марціновіч на budzma.by разважае пра тэму беларускага войска і вышэйшай адукацыі ды бярэ на сябе смеласць пайсці далей за фантазіі міністраў.

Міністры ў нас дзеляцца на ўдалых і гаротнікаў не па тым, якую палітыку яны праводзяць. Тут «паспяховасць» міністраў вызначаецца ланцугом супадзенняў, па якім ім даводзіцца ці не даводзіцца агучваць як свае ўласныя дуракаватыя ці файныя рашэнні, што былі прынятыя на найвышэйшым узроўні. 

Па гэтым прынцыпе, напрыклад, міністру культуры Паўлу Латушку некалі пашанцавала выставіцца перад чытачамі «Нашай Нівы» гэткім беларускамоўным эфектыўным менеджарам. Бо на той момант менавіта беларускамоўная асоба была дапушчальная на гэтай пасадзе. І я б не пазайздросціў, калі б гэты самы Павел Латушка заняў пост міністра адукацыі цяпер, летам 2019 года. 

Словы чалавека, які цяпер мае міністэрскі партфель, пра патрэбнасць беларускай магістратуры — цалкам слушныя.

І мне толькі дзіўна чуць, што гэтыя словы выйшлі з міністра адукацыі. А не з міністра абароны. Якому беларускія магістранты цікавыя сваёй здольнасцю насіць боты.

Але вось што: я б пайшоў нават далей. Пагадзіўшыся з тым, што беларуская магістратура — «неабавязковая ступень адукацыі», прызначаная для «матываваных людзей», я б сказаў, што яна не патрэбная наогул нікому. 

Што такое беларуская магістратура ў сваёй сутнасці? Даніна павагі двухступеннай мадэлі, навязанай перамовамі па Балонскім працэсе. Які ў нас працягваецца пры старанна заплюшчаных з еўрапейскага боку вачах на такія праблемы, як адсутнасць акадэмічнай аўтаноміі, як заблакаваныя магчымасці акадэмічнай мабільнасці студэнтаў і выкладчыкаў. 

Беларусь удзельнічае ў Балонскім працэсе таму, што гэта патэнцыйна азначае прыцягненне еўрапейскіх грантаў на ўтрыманне таго савецкага нечага, што завецца ў нас акадэміяй.

Еўропа не вельмі педалюе скасаванне ўсіх хібаў нацыянальнай адукацыі кшталту сфатаграфаваных днямі ў тэлеграме Nexta нататак пра ўмовы прыцягнення моладзі да перапісу — таму што ў Еўропе цяпер такі мэйнстрым. Не налягаць на ачалавечванне нашай спецыфікі кшталту наяўнага смяротнага пакарання, каб дапамагчы беднаму маленькаму рэжыму ў яго гераічным супрацьстаянні Расіі. 

Каб гэтая гульня працягвалася, патрэбнае фармальнае захаванне сістэмы ў яе двухступеннасці. А таму ёсць як бы бакалаўры і як бы магістранты. Той факт, што магістратура — гэта пра грунтоўныя даследаванні, пра індывідуальныя праекты, пра падрыхтоўку да дактарантуры, у нас не вельмі прымаецца да ведама. Ці шмат магістрантаў з беларускіх дзяржаўных ВНУ грымнулі сваімі выпускнымі працамі?

Магістратура ў РБ — гэта збольшага тое самае, што асноўная «пяцігодка», толькі доўжыцца меней. Тыя ж прынцыпы. Тыя ж спецыялісты. Што да выхаду на дактарантуру — дык а навошта ён? Ці патрэбныя краіне гуманітарыі?

То я адкрыю вялікую таямніцу: новы закон пра скасаванне адтэрміновак паставіў на вушы ўсю краіну не таму, што тыя 3 тыс. месцаў, якія зарэзерваваныя ў беларускіх магістратурах (пры наяўнасці 56 тыс. выпускнікоў ВНУ), зараз застануцца не занятымі. Нікога тыя месцы асабліва не цікавяць. Шмат гадоў беларускія выпускнікі імкнуліся атрымаць другую адукацыю (у шмат якіх выпадках, асабліва датычных гуманітарнай сферы, гэтая адукацыя будзе для іх першай сапраўднай!) за мяжой.

 Беларуская магістратура пры гэтым асабіста мной сапраўды ўспрымалася як яшчэ два гады адтэрміноўкі ад войска. 

То давайце ўнясём у той самы законапраект папраўку. Адтэрміноўка не будзе распаўсюджвацца на навучэнцаў беларускіх магістратур, якія туды ішлі якраз для таго, каб не служыць. Хай пад іх службу мяняюцца акадэмічныя планы, ссоўваюцца семестры і г.д. Для тых жа, хто вучыцца за мяжой, войска мусіць чакаць вяртання. 

Я так разумею, што, прыгразіўшы магістрантам магчымым нявыездам з краіны ў выпадку няяўкі ў прызыўны пункт нават пры адсутнасці позвы на руках, яны думалі, што зараз ніхто не паедзе. Але насамрэч тое, што я чую навокал, — нашмат сумнейшая альтэрнатыва.

Насамрэч бацькі ліхаманкава збіраюць грошы на тое, каб іх дзеткі ніколі не вярталіся. То адток самых разумных возьме яшчэ большую хуткасць. 

Каб прадухіліць гэты сцэнар, Міністэрству адукацыі давядзецца хадайнічаць аб нявыдачы пашпартоў усім хлапцам, што не паспелі адслужыць у войску. 

Таксама, дарэчы, варыянт: боты, прысяга, і толькі тады — правы грамадзяніна.

3
Железный Дровосек / Адказаць
15.07.2019 / 14:35
Согласен с Мартиновичем,это вообще напоминает крепостное рабство типа той же службы в совковлй армии—забирали прямо после сессии.Парактически не удивляет пассивность граждан,это укладывается в общий примитивный уровень инфантилизм в нашей стране,который Лукашенко активно поддерживает.Иначе б его давно сковырнули,в один день.
7
Мірон / Адказаць
15.07.2019 / 17:50
Спадар Марціновіч дарэмна ганьбіць магістратуру як такую і робіць тут вялікую памылку. Мы ў БДУ распрацоўвалі пераход на фармат 4+2 недзе на пачатку 2000, і скажу, што вытрымалі дух і прызначэнне ступені ў плянах. Нашая савецкая адукацыя (5) давала праслухать курсы адзін раз. А бакалаўр+магістар дае магчымасць яшчэ раз на іншым узорлўні вернуцца да курса. Спачатку вы вучыце пачаткі курса, сістэматыку, а на Магістэрке зусім іншыя падручнікі, частку тэкстаў меліся скласці артыкулы. Балакаўр - мала выбарных курсаў, магістар - модулі з курсамі па выбару. Без магістэркі впшыя веды павярхоўныя, вы не навучыліся выконваць скаданага аналізу, працаваць з крыніцамі, крытычнаму мысленню, якое патрэбна на магістэрке, калі аб'ем ведаў паназапашаны на бакалаўре. І калі мы гэта з адукацыі прыбярэм, то атрымаем, агулам, слаба падрыхтавпных срецыялістаў. Вам можа не падабацца як пабудавалі праграму 4+2 на філфаку. Можа ў іх ведаў не хапіла, а можа і выкладчыкаў, які здодьныя магістарскі ўзровень цягнуць, гэта варта глядзець асобна, але сама па сабе ідэя мець дзве ступені вельмі добрая, што вам падцвердзіць любы выпускнік любога ўніверсітэта па за іежамт РБ.
0
Алег С. / Адказаць
15.07.2019 / 23:37
Хто ня хоча ісці ў войска, усё роўна адкупліваецца. Вось там хай мяністар абароны пашукае канцы недыхопу прызыўнікоў. І адкупнікі не асабліва і хаваюцца, што сведчыць пра надзейнае крышаванне.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру