Адвакатка Вера Арэшка не прызнала віны ў выдаванні тайны следства і захоўванні зброі, паведаміў Радыё Свабода старшыня Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксей Швакаў напярэдадні чарговага пасяджэння працэсу над былым галоўным інжынерам МЗКЦ Галавачом.

Чытайце таксама: На адвакатку двойчы апраўданага інжынера МЗКЦ завялі справу. А пры ператрусе яшчэ і знайшлі пісталет

Паводле Швакава, цяпер Вера Арэшка, якая з'яўляецца ягонай намесніцай у кіраўніцтве калегіі адвакатаў, знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы.

«Перажытае адбілася на яе здароўі. Але мы будзем ёй дапамагаць», — сказаў Аляксей Швакаў. Паводле яго, мера стрымання для Веры Арэшкі не прызначалася.

На адвакатку завялі справу за выдаванне тайны следства (арт. 407 КК) і за зброю (ч. 2 арт. 295 КК). Першы артыкул прадугледжвае як максімальнае пакараньне штраф або арышт, а па другім могуць асудзіць на 7 гадоў турмы з канфіскацыяй маёмасці.

Як сцвярджае ГУБАЗіК, жанчына раскрыла звесткі з крымінальнай справы трэцім асобам, калі прадстаўляла інтарэсы Андрэя Галавача, былога галоўнага інжынера Менскага заводу колавых цягачоў.

У час папярэдняга следства ў яе правялі ператрус і знайшлі пісталет вальтэр 1938 года, а таксама патроны да яго. Высветлілася, што зброя прыдатная да стральбы, а законных падставаў для валодання ёю жанчына не мае.

Калегія адвакатаў у сваю чаргу заявіла, што мае намер абараняць калегу. Генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк адзначыў, што завядзенне крымінальнай справы на адваката выклікала насьцярожанасць у яго як у суддзі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?