15.07.2019 / 16:47

У Мінску адкрыўся лагер, у якім дзяцей-сірот вучаць IT

З 13 па 21 ліпеня на базе гасцінічнага комплексу «Алмаз» у Мінску праходзіць праект YOU CAN — адукацыйны IT-лагер для дзяцей-сірот з усёй краіны. 70 юных беларусаў ва ўзросце ад 13 да 16 гадоў прыехалі ў сталіцу, каб атрымаць базавыя веды ў праграмаванні і сумежных навуках. Выкладчыкі абяцаюць, што да канца змены ўдзельнікі IT-лагера распрацуюць праекты мабільных дадаткаў і сайтаў, якія будуць вырашаць асноўныя задачы мэтаў устойлівага развіцця ААН.

Пілотная версія праекта YOU CAN прайшла ў мінулым годзе ў Брэсцкай вобласці. У 2019 яго стваральнікі вырашылі не спыняцца і правесці IT-лагер у 2-і раз. Дзякуючы інфармацыйнай падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, тэставае заданне на выяўленне самых заматываваных дзяцей было распаўсюджана па ўсіх спецыялiзаваных установах. Таму ўдзельнікамі 2 сезону сталі хлопцы і дзяўчаты з усіх абласцей нашай краіны. 

Вельмі часта дзеці-сіроты лічаць, што іх будучыня вызначана толькі каледжамі або прафесіямі, якія не патрабуюць ніякай адукацыі. Прычынай гэтаму можа быць і складаная жыццёвая сітуацыя, у якой яны апынуліся, і асяроддзе, у якім яны растуць, — расказвае Кацярына Брыль, кіраўнік праекта YOU CAN. — Нашым лагерам мы хочам не толькі пазнаёміць дзяцей са сферай IT, але і пераканаць кожнае дзіця, што ў гэтым свеце можна дасягнуць любых мэтаў і рэалізаваць сябе ў любой прафесіі. А галоўнае, што для гэтага неабходна, — гэта паверыць у мару і сказаць сабе: «Ты можаш!».

У рамках 9-дзённай вучэбнай праграмы юныя беларусы пазнаёмяцца з праграмаваннем, вэб-маркетынгам і вэб-дызайнам, інтэрнэт-журналістыкай, SEO, SMM і бізнэс-планаваннем ў сферы IT. Выкладчыкі праекту адзначаюць, што за такі кароткі тэрмін паўнавартасна навучыць дзяцей складаным «універсітэцкім» дысцыплінам немагчыма. Таму асноўная задача курса — ахапіць усе актуальныя кірункі IT-сферы і даць дзецям агульнае разуменне кожнай з іх. Каб гэты працэс быў эфектыўным, у лагеры працуе псіхолаг-прафарыентолаг. Ён дапамагае вызначыць найбольш удалы кірунак для кожнага дзіцяці ў адпаведнасці з яго інтарэсамі і здольнасцямі.

Але на занятках у навучальных класах праграма лагера не сканчаецца. Кожны дзень у госці да хлопцаў будуць прыходзіць дырэктары і кіраўнікі аддзелаў буйных беларускіх кампаній. Акрамя гэтага, для дзяцей прадугледжаны экскурсіі ў офісы распрацоўшчыкаў камп'ютарных гульняў і спецыялістаў у інтэрнэт-камунікацыі. У вольны час удзельнікі праекта змогуць разам з шэф-кухарам навучыцца гатаваць сушы або сабраць канструктар памерам з чалавечы рост, затым паспрабаваць сябе ў ролі візажыста або адправіцца ў джып-тур па бездаражы.

Каманда арганізатараў праекта YOU CAN плануе вярнуцца з трэцім сезонам ужо на зімовых вакацыях. У планах на будучыню — будаўніцтва ўласнага адукацыйнага кампуса, дзе навучаць дзяцей праграмаванню можна будзе круглы год.

2 сезон праекта YOU CAN рэалізаваны сумесна з беларускім адукацыйным цэнтрам «Адукар» пры падтрымцы сеткі аўтазаправачных станцый А-100, відэасэрвісу VOKA, кампаній NIKO Firm, МТС і Konstryktor.org.

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру