Чацвёра аўстралійскіх падлеткаў скралі ўседарожнік, загрузілі яго рыбалоўнымі снасцямі і праехалі больш за 900 кіламетраў на поўдзень кантынента, паведамляе BBC.

Трое хлопчыкаў і дзяўчынка, ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў, былі знойдзены ў нядзелю здаровымі і цэлымі ў мястэчку Графтан, у штаце Новы Паўднёвы Уэльс.

У мінулыя выхадныя яны выехалі з Грэйсміра ў штаце Квінсленд. Наколькі вядома, адзін з хлопчыкаў пакінуў бацькам запіску, што сыходзіць з дому.

У паліцыі паведамілі, што маюць намер прад'явіць падлеткам абвінавачванні, хоць пакуль што не ясна, якія менавіта.

Паводле інфармацыі мясцовых уладаў, чацвёра падлеткаў — з розных сем'яў. Яны скралі ўседарожнік аднаго з бацькоў.

Раніцай у нядзелю, прыкладна за 140 кіламетраў ад дому, падлеткі спыніліся на бензакалонцы ў горадзе Банана і заправіліся, пасля чаго з'ехалі, не расплаціўшыся.

Як расказаў адзін з работнікаў бензакалонкі, па камерах знешняга назірання было відаць, што машына рухалася цалкам нармальна, але ў яго з'явіўся сумнеў пасля таго, як адзін з пасажыраў выйшаў для таго, каб заправіць аўтамабіль.

«Ён аказаўся каратышам — яго галава амаль не даставала да акна ў машыне», — распавёў ён.

Увечары таго ж дня паліцэйскія заўважылі скрадзеную машыну на дарозе каля Графтана і пагналіся за ёй. Пераслед спынілі, калі стала зразумела, што за рулём сядзіць падлетак і што пагоня можа стаць небяспечнай для жыцця.

Неўзабаве аўтамабіль быў знойдзены на абочыне дарогі ў Графтане. Дзеці замкнуліся знутры, і паліцэйскім прыйшлося дубінкай разбіць акно, каб адкрыць дзверы.

Па словах паліцэйскіх, падлеткі, хутчэй за ўсё, мяняліся месцамі за рулём, бо праехаць амаль тысячу кіламетраў для аднаго падлетка даволі складана.

У паліцыі сказалі, што дапытаюць дзяцей пасля таго, як туды прыбудуць іх бацькі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0