16.07.2019 / 13:06

Зяленскі хоча правесці ва Украіне Алімпіяду

president.gov.ua

Пра гэта ён сказаў падчас сустрэчы з міністрам спорту Ігарам Жданавым і прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Украіны Сяргеям Бубкам.

«Нам патрэбны пэўны план, што мы, скажам, гатовыя за 3-4 гады ўсе пабудаваць, і тады можам быць у чарзе і прыняць Алімпіяду. Мы павінны быць амбіцыйнымі. Трэба даць заданне нашым хлопцам, якія шукаюць інвестыцыі, даць заданне нашаму бюджэту, каб штогод выдзяляліся грошы на аб'екты, якія нам патрэбныя, а потым будуць выкарыстаны для Алімпіяды. Трэба хаця б спрабаваць гэтага дасягнуць», — цытуе прэзідэнта яго прэс-служба.

Бубка адзначыў, што найбліжэйшая Алімпіяда, на правядзенне якой можна падаць заяўку — гэта Зімовыя гульні у 2030 годзе ці летнія ў 2032-м. Ён дадаў, што больш рэальна правесці ва Украіне адну з наступных юнацкіх Алімпіяд.

Планы правесці Алімпіяду ва Украіне таксама выношваў Віктар Януковіч. У прыватнасці, прапаноўвалася падаць заяўку на правядзенне Зімовай Алімпіяды ў 2022 годзе

NN.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру