Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі праводзіць праверкі толькі па існуючых фактах парушэнняў.

Аб гэтым паведаміў сёння ў час даклада прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку старшыня КДК Зянон Ломаць.

Прэзідэнт праінфармаваны аб выніках работы Камітэта дзяржкантролю ў 2008 годзе. Асноўная ўвага была звернута на комплексныя праверкі, якія даюць магчымасць выявіць значныя парушэнні заканадаўства. Пры гэтым КДК у 2008 годзе скараціў колькасць кантрольных мерапрыемстваў.

Было таксама адзначана, што цяпер праверкі праводзяцца ў строгай адпаведнасці з указам нумар 689 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленню кантрольнай і нагляднай дзейнасці» ад 19 снежня 2008 года. Так, у студзені 2009 году былі выпісаны 174 прадпісанні на правядзенне праверачных мерапрыемстваў супраць 758 за такі ж перыяд мінулага года.

Прэзідэнт пацвердзіў патрабаванне правяраць толькі факты парушэнняў па існуючай аператыўнай інфармацыі.

Значная работа ў пачатку гэтага года праведзена па спыненню незаконных валютна‑абменных аперацый. Дэпартаментам фінансавых расследаванняў КДК затрымана 39 асоб, якія ажыццяўлялі незаконную куплю‑продаж валюты.

Кіраўнік дзяржавы праінфармаваны аб выніках праверкі рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і добраўпарадкавання гістарычнага цэнтра Мінска, якія павінны весціся ў адпаведнасці з комплекснай праграмай. Выяўлены шэраг парушэнняў, звязаных з дзейнасцю інвестараў.

Старшыня КДК паінфармаваў аб нерацыянальным выкарыстанні унікальных прыродных тэрыторый і аздараўленчых аб’ектаў на іх у Мінскім раёне. У лютым 2007 года прэзідэнт даў даручэнне навесці парадак на гэтых тэрыторыях і забяспечыць іх рацыянальнае выкарыстанне. Аднак, як паказалі праверкі, сітуацыя не змянілася.

Цяпер будынкі і збудаванні не былых аб’ектаў аздараўленчага прызначэння (базы адпачынку, аздараўленчыя лагеры) на тэрыторыі Мінскага раёна не закансерваваны.

Тэрыторыі і памяшканні забруджаны смеццем і бытавымі адходамі, абсталяванне прыведзена ў непрыгоднасць, маёмасць разрабавана. Мерапрыемствы, прадугледжаныя Мінскімі абласным і гарадскім выканкамамі на 2007‑2008 гады па выпраўленню сітуацыі, не выкананы.

Абласнымі і раённымі кантралюючымі органамі, Дзяржкаммаёмасці, Мінпрыроды і Міністэрствам аховы здароўя не прымаюцца дзейсныя меры для таго, каб уласнікі гэтых аб’ектаў навялі парадак. Мясцовыя ўлады самаўхіліліся ад вырашэння праблемы рацыянальнага выкарыстання унікальных тэрыторый у наваколлі сталіцы. У бліжэйшы час КДК будзе дэталёва разбірацца з гэтымі фактамі невыканання даручэнняў Прэзідэнта.

Разгледжаны таксама іншыя пытанні, звязаныя з дзейнасцю Камітэта дзяржкантролю. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка даручыў у другім паўгоддзі стварыць адпаведную камісію і дэталёва разгледзець выкананне дырэктыў нумар 1, 2, 3. У першую чаргу — Дырэктывы нумар 3 аб эканоміі і беражлівасці. Зянон Ломаць падкрэсліў, што будуць заслухоўвацца службовыя асобы дзяржорганаў кіравання, якім прэзідэнт персанальна даручыў забяспечыць рэалізацыю гэтых дакументаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?