У Маладзечанскім раёне 5-гадовы Іван Лаўрынцоў знайшоў баравік вагой 600 грамаў. Мама хлопчыка Алена распавядае, што такіх вялікіх грыбоў у гэтых краях яны ніколі не сустракалі, піша Tut.by
Фота з архіва герояў
Вялікі грыб маленькі Ваня знайшоў у лесе недалёка ад вёскі Аляхновічы. 16 ліпеня яны з дзядулем пайшлі на чыгуначную станцыю «Аляхновічы» сустракаць бабулю з электрычкі і па дарозе дзіця заўважыла грыб. «Дзед, глядзі», — звярнуў увагу Віктара Васільевіча ўнук. Аказалася, гэта велізарны баравік. Капялюшык у яго большы, чым галава дарослага чалавека.
— Побач з гэтым баравіком рос яшчэ адзін, ён быў большы, але чарвівы, — расказвае Алена. — А гэты зусім чысты. Нашаму дзядулю 65 гадоў. Ён нарадзіўся ў вёсцы і з сямі гадоў ходзіць у лес. Кажа, толькі раз знайшоў грыб памерам з 5-літровае вядзерца.
На станцыі Ваня з вялікім баравіком быў у цэнтры ўвагі. Мінакі хвалілі, а некаторыя нават прапаноўвалі выкупіць у яго знаходку. Колькі прапаноўвалі, Ваня не расказвае, ды і грыб ён не прадаў.
Дома баравік узважылі — 600 грам. Потым парэзалі на дробныя кавалачкі і засушылі.
— У нашага дзядулі шэсць унукаў, таму зімой хопіць на ўсю сям'ю, — усміхаецца Алена.