19.07.2019 / 12:56

Ці згуляла мінскае «Тарпеда» сваю апошнюю гульню і ці вернецца Брэст на першы радок? Пытанне наступнага тура вышэйшай лігі 6

Разам з Букмекерскай канторай Марафон працягваем сачыць за вышэйшай лігай, у якой скончыўся першы круг. Летнім чэмпіёнам, дзякуючы першай у сезоне паразе брэсцкага «Дынама», стаў БАТЭ.

Берасцейцы прысвяцілі дынамаўскае дэрбі беларускім традыцыям і прапаноўвалі прыемныя бонусы заўзятарам у вышыванках. Але свята сапсаваў паўабаронца мінскага «Дынама» Дзмітрый Біланог, два галы якога дазволілі камандзе Сяргея Гурэнкі здабыць важную перамогу на запоўненым АСК «Брэсцкі».

Дзмітрый Біланог забівае пераможны гол. Фота: ФК «Дынама-Мінск».

БАТЭ ж нечакана разгромна дома абышло суседзяў з Жодзіна і, бадай, першы раз у чэмпіянаце ўзначаліла табліцу. З цікавостак тура варта адзначыць чарговы карнавал з удзелам «Энергетыка-БДУ» — студэнты здабылі валявую перамогу ў Магілёве з лікам 4:3. Весела было і на «камвольным» дэрбі — «Мінск» і «Іслач» падзялілі балы, забіўшы на дваіх шэсць мячоў.

А вось каму зусім не смешна, дык гэта гульцам і заўзятарам мінскага «Тарпеда». Матч 16-га тура супраць «Шахцёра» быў перанесены па просьбе салігорцаў на канец кастрычніка, і ёсць імавернасць таго, што пасля паўзы мы «аўтазаводцаў» у чэмпіянаце больш не пабачым. Святла на тым канцы пакуль не відаць, а футбалісты тым часам заключаюць кантракты з іншымі клубамі.

19 ліпеня ў Беларусі адкрыецца трансфернае акно, і ўжо ў надыходзячым туры зможам пабачыць на полі новых гульцоў у складах каманд.

Цяпер да падзей 16-га тура.

«Энергетык-БДУ» — «Слуцк»

Атакуючыя поспехі «студэнтаў» не засталіся незаўважанымі іншымі камандамі. Так, Уладзіслаў Васільеў, які аддаў столькі ж галявых перадач у бягучым першынстве, як і Ігар Стасевіч, перайшоў у брэсцкае «Дынама». Таксама паведамлялася, што берасцейцы падпішуць лепшага бамбардзіра каманды Усевалада Садоўскага ды паўабаронцу Аляксея Наско, пасля чаго вернуць іх да канца сезону ў «Энергетык», але афіцыйнага пацвярджэння пакуль не было.

Уладзіслаў Васільеў у складзе «Дынама». Фота ФК «Дынама-Брэст».

У «Слуцка» таксама змены ў складзе: склад «цукровых» пакінулі Аляксандр Яцкевіч, Яўген Савасцьянаў і Алег Чмырыкаў. У чацвер случчакі оптам падпісалі адразу шасцярых футбалістаў, сярод якіх толькі адзін беларус. Віталь Паўлаў спрабуе выправіць становішча каманды, але гэта нагадвае ўкладванне асфальту ў лужыны. Ці дапамогуць навічкі ў гульні супраць маладых і хуткіх гульцоў «Энергетыка»? І як будуць гуляць «студэнты» без свайго лідара — вось гэта цікава.

Прагноз «НН»: Страта лідара, які зімой ездзіў на прагляд у БАТЭ, не выглядае нечаканай для «Энергетыка». У дасведчанага трэнерскага штаба мусяць быць варыянты замены Васільева, і, мяркуем, што на стылі гульні гэта не адаб'ецца. Таму прагназуем класічны тотал, большы за 2,5.

«Нёман» — «Гомель»

«Гомель» нарэшце перарваў 12-матчавую серыю без перамог і разам з вікторыяй звёз на поўдзень двух гульцоў «Тарпеда»: Андрэя Васільева і Сяргея Глябко. 

Адна праблема, здаецца, сышла, але з'явілася новая — коўч «бела-зялёных» на прэс-канферэнцыі выказаўся абразліва ў бок тых, хто крытыкуе каманду і яго як трэнера, маўляў, няма часу спыняцца і кідаць камяні ў кожнага сабаку, які лае.

Гэта на свой рахунак успрынялі заўзятары і фанаты каманды. Апошнія праз свае суполкі ў інтэрнэце запатрабавалі тлумачэнняў ад трэнера. 

«Нёман» у апошнім туры выдаў бляклую нулявую нічыю са «Слуцкам» і ў дадатак да гэтага згубіў на тры тыдні праз траўму брамніка Сяргея Курганскага. Але ёсць цікавостка: хутчэй за ўсё, месца ў варотах гарадзенцаў зойме Дзмітрый Дудар, які некалькі дзён таму перайшоў якраз з «Гомеля», дзе не меў гульнявой практыкі.

Прагноз «НН»: Гарадзенцы ў апошніх турах выглядаюць вельмі няблага. Перамога ж «Гомеля» над гаротным «Тарпеда» не значыць пакуль нічога — ці выйшла каманда з піке, будзе бачна па матчах з моцнымі супернікамі кшталту таго ж «Нёмана». Таму прагназуем перамогу гаспадароў.

«Гарадзея» — «Іслач»

  • 20.07, 17:00. Стадыён «Гарадзея»
  • Матч першага круга — 0:2

«Цукровыя» не прайграюць апошнія сем тураў, вынікам чаго стаў сёмы радок, які каманда займае сёння. На прыступцы вышэй якраз «Іслач», якая не можа пахваліцца такой стабільнасцю: у апошніх сямі турах у каманды Віталя Жукоўскага ўсяго дзве перамогі.

«Ваўкі» першы круг скончылі з 26-ю баламі ў скарбонцы — план па зборы 50-і балаў выконваецца. Як пойдзе ў другім крузе?

Прагноз «НН»: У апошніх пяці матчах «Іслач» прапусціла 12 мячоў, іх будучыя супернікі — на сем менш. Прагназуем даволі асцярожны футбол, у якім «цукровыя» працягнуць сваю станоўчую серыю. «Гарадзея» не саступіць.

«Дынама-Брэст» — «Тарпеда-БелАЗ»

  • 20.07, 20:45. АСК «Брэсцкі»
  • Матч першага круга — 2:1

Галоўны матч праграмы ўсечанага тура. Першы круг абедзве каманды завяршылі непрыемнымі паразамі, і для вырашэння амбіцыйных задач кожнай патрэбная перамога.

Што датычыцца трансфераў, то абодва клубы пакуль з гэтым вельмі асцярожныя. Гучных падпісанняў не было, а што датычыцца страт, то найбольш значная — гэта пераход форварда Джаэля Фамяе з «Дынама» ў «Арэнбург».

Прагноз «НН»: Цяпер берасцейцы аказаліся ў ролі даганяючых. Але праз перанос матча барысаўскім БАТЭ ў «Дынама» ёсць добры шанец вярнуць сабе першы радок. Трэба ўсяго перамагчы, і падначаленыя Лічкі, вядома, прыкладуць для гэтага ўсе намаганні. Таму думаем, што «Дынама» пераможа.

«Віцебск» — «Мінск»

  • 21.07, 20:45. ЦСК ФК «Віцебск»
  • Матч першага круга — 0:0

«Віцебск» адзіны з нашых прадстаўнікоў у еўракубках вырашыў не пераносіць матч 16-га тура. У матчы ў адказ супраць фінскага «КуПС» віцебчукі паказалі класную гульню, але гэтага не хапіла для праходу ў наступны раўнд.

«Мінск» другі матч запар губляе балы «дзякуючы» пенальці ў дададзены час. У Салігорску падначаленыя Андрэя Разіна маглі здабываць нічыю, а ў гульні з «Іслаччу» — перамогу, але не датрывалі.

Прагноз «НН»: Абедзве каманды гуляюць вельмі нестабільна, і на сённяшні дзень іх у табліцы раздзяляе толькі тры балы. Але ў чым перавага «Віцебска», дык гэта ў досведзе — мяркуем, што клас і выйдзе на першы план. Таму думаем, што «Віцебск» пераможа.

Матчы «Тарпеда-Мінск» — «Шахцёр», «Славія» — «Дынама-Мінск» і «Дняпро» — БАТЭ адбудуцца 30 кастрычніка. Наступны тур пачнецца 9 жніўня.

ТУРНІРНАЯ ТАБЛІЦА

Дзяліцеся прагнозамі ў каментарах і абавязкова схадзіце на стадыён! Лічыце сябе экспертам у беларускім футболе — зрабіце стаўку ў Букмекерскай канторы Марафон

Тым больш Марафон прапануе выдатную магчымасць для ўсіх новых кліентаў зрабіць бяспройгрышную першую стаўку. Каб зрабіць гэта, трэба зарэгістравацца на сайце і ўвесці промакод START. Зычым поспехаў!

Піліп Каваленка

4
Жвір / Адказаць
19.07.2019 / 14:30
«Энергетык-БДУ» — «Слуцк» - 0:2
«Нёман» — «Гомель» - 1:1
«Гарадзея» — «Іслач» - 0:0
«Дынама-Брэст» — «Тарпеда-БелАЗ» - 1:1
«Віцебск» — «Мінск» - 1:0
3
Жвір / Адказаць
19.07.2019 / 14:52
«Гарадзея» не саступіць.
A što jana zrobic` ??? :)
3
Уладзімірка / Адказаць
19.07.2019 / 20:45
«Энергетык-БДУ» — «Слуцк» - 0:1
============================
«Нёман» — «Гомель» - 3:1
«Гарадзея» — «Іслач» - 1:2
«Дынама-Брэст» — «Тарпеда-БелАЗ» - 2:0
«Віцебск» — «Мінск» - 1:1
https://nn.by/?c=ar&i=233955
Паказаць усе каментары/ 6 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру