Некалькі гадоў таму была ўхваленая прэзыдэнцкая праграма для вырошчваньня на Гомельшчыне цыбулі і зялёнага гарошку. Нядаўна Камітэт дзяржаўнага кантролю падвёў вынікі праверкі выкананьня прэзыдэнцкай праграмы. Як высьветлілі кантралёры, нягледзячы на бадзёрыя рапарты, праграма была з трэскам праваленая. Матэрыялы праверкі перададзеныя ў пракуратуру. У чым прычына правалу, высьвятляла наша карэспандэнтка.

Згодна з загадам кіраўніка дзяржавы, у 2005 годзе Беларусь павінна была вырабіць 10 мільёнаў слоікаў кансэрваванага гарошку. Цяжка сказаць, адкуль ўзялася такая лічба – па слоіку гарошку на кожнага жыхара краіны. Гаспадаркам Гомельшчыны былі даведзеныя заданьні ў вырошчваньнi гароху. Натуральна, бальшыня гаспадарак абсалютна не знаёмая з тэхналёгіяй, няма адмысловай тэхнікі для апрацоўваньня, збору гароху.

Меркаваньне былога міністра сельскай гаспадаркі Васіля Лявонава:

(Лявонаў: ) «Гарошак можна вырошчваць. Яго і вырошчвалі раней, але машын няма, ведаў пэўных няма. Але самае галоўнае – нікога гэта не цікавіць. Гэта ж усё зьверху задаецца, а пакуль дойдзе да нізу, зусім інакш выглядае. Трэба, каб чалавек быў зацікаўлены, перш за ўсё. А такіх у сельскай гаспадарцы сёньня няма. Яны ад страху дрыжаць, але цікавасьці ў іх няма. Няма машын, няма ведаў, няма ніякага інтарэсу. Вось галоўнае!»

З 1030 гектараў, засеяных пад гарох, 416 былі ўбраныя з парушэньнем тэхналёгіі. Вынік – недабрана больш за 40 % гароху. Адзін толькі Тураўскі кансэрвавы завод перапрацаваў 442 тоны перасьпелага гарошку. Тры чвэрці слоікаў так і засталіся нерэалізаванымі. Страты – больш за паўтара мільярда рублёў.

Каб выканаць загад прэзыдэнта адносна гароху, перапрацоўчыя прадпрыемствы Гомельскай вобласьці вымушаныя пераарыентаваць вытворчасьць. Раней заводы выраблялі па дзясятку найменьняў розных саленьняў, марынадаў, сокаў, летась – адно-два. Таматаў, гуркоў, салаты, яблыкаў з прычыны даведзенага загаду па гароху заводы амаль не перапрацоўвалі. Вынік – у беларускіх крамах кансэрвы з гуркоў і памідораў малдаўскія, расейскія, нават яблычны сок – украінскі.

Па цыбулі, другой прыярытэтнай для Гомельшчыны культуры, прэзыдэнцкае заданьне таксама праваленае. З заплянаваных на 2005 год 25 тысяч тонаў цыбулі вырашчана толькі 16 тысяч тонаў. Паводле падлікаў Камітэту дзяржкантролю, больш за 3 мільёны даляраў, выдаткаваных на цыбуляводзтва, папросту закапаныя ў зямлю. Некаторыя кіраўнікі гаспадарак страцілі пасады, некаторыя аштрафаваныя. Матэрыялы праверкі накіраваныя ў пракуратуру.

Цяпер перад сельскай гаспадаркай Гомельшчыны пастаўленыя новыя задачы: закласьці плянтацыі спаржавай фасолі (для кансэрваваньня), і бахчу для вырошчваньня гарбузоў (для вытворчасьці соку).

Член-карэспандэнт Акадэміі навук, прафэсар Іван Нікітчанка выказаў такое меркаваньне:

(Нікітчанка: ) «У нас няма тэхнікі ўборачнай. Спаржавую фасолю трэба ж убіраць па асаблівай тэхналёгіі. У нас ніколі ж ёй ніхто не займаўся, за выключэньнем дачнікаў. Гэта пустая трата сродкаў, пустазвонства. Нічога з гэтага не атрымаецца».

Гаворыць экс-міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў:

(Лявонаў: ) «Гэта ўсё папулізм. Мы ўжо шмат чаго вырошчвалі...»

(Карэспандэнтка: ) «А гэта не нагадвае хрушчоўскага часу з кукурузай?

(Лявонаў: ) «Гэта, па-мойму, нават горш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0