У Гомелі 30 студзеня каля ізалятара часовага ўтрымання прайшлі провады ў ЛПП 11 жанчын‑алкаголікаў.

Мерапрыемства арганізавана ўпраўленнем прафілактыкі УУС Гомельскага аблвыканкама. У ім узялі ўдзел міліцыянеры, урач‑нарколаг, журналісты, а таксама каля 30 асоб, якія злоўжываюць спіртнымі напоямі, дастаўленых да ІЧУ ўчастковымі міліцыянерамі.

Перад адпраўкай работнікі міліцыі ўручылі жанчынам сувеніры — касметычныя наборы «Пуцёўка ў жыццё».

Як зазначыў намеснік начальніка ўпраўлення прафілактыкі Анатоль Васільеў, ЛПП застаецца адной з самых дзейсных мер па прафілактыцы бытавой злачыннасці. «Жанчыны‑алкаголікі — ці патэнцыяльныя злачынцы, ці патэнцыяльныя ахвяры бытавога насілля. У 2008 годзе ў вобласці ўпершыню за апошнія тры гады быў адзначаны рост бытавых забойстваў. 2009 год пачаўся яшчэ горш — з 10 зарэгістраваных забойстваў шэсць учынена на бытавой глебе. З пачатку года ў ЛПП адпраўлена 40 мужчын», — зазначыў А.Васільеў.

Урач‑нарколаг Ігар Уханін паведаміў прысутным, што 10 гадоў таму на кожныя 10 выпадкаў мужчынскага алкагалізму рэгістраваўся адзін жаночы, цяпер — пяць. «Назіраецца ўстойлівы рост жаночага алкагалізму. Накіраванне ў ЛПП — гэта не лячэнне, а прымусовая ізаляцыя. Чалавеку даюць магчымасць быць цвярозым, аднавіцца, задумацца», — пракаментаваў І.Уханін.

Згодна са статыстыкай, супрацоўнікамі АУС вобласці на ўлік у наркалагічныя службы органаў аховы здароўя у 2008 годзе пастаўлена 4.970 чалавек, з іх 686 непаўналетніх; накіравана ў ЛПП 706 хранічных алкаголікаў, з іх 146 жанчын. За год у медвыцвярэзнікі вобласці было змешчана 32.378 чалавек, 380 грамадзян памерлі ад атручэння сурагатным алкаголем.

Алена Германовіч, БелаПАН

Глядзі таксама:
У ЛПП з аркестрам. Фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0