Як ужо паведамлялася, на суботу 31 студзеня, Нацбанк Беларусі ўстанавіў курс даляра на ўзроўні 2 752 рублі.

Упершыню з 1 студзеня (часу правядзення дэвальвацыі) рубель за дзень патаннеў адразу на 30 рублёў. Учора ён скокнуў на 16 рублёў, а наогул з часу правядзення дэвальвацыі курс даляра вырас на 102 рублі.

Эканаміст Аляксандр Чубрык лічыць:

« ... Нацыянальны банк, калі прывязваў беларускі рубель да «кошыка валютаў« на пачатку гэтага году разам з дэвальвацыяй, стварыў для сябе нешта накшталт казачнай краіны.
У ёй эўра павінна зрабіцца даражэйшай валютай у адносінах да даляра.

У такіх умовах, калі б эўра даражэла адносна даляра, то Нацбанк мог бы даволі лёгка ўтрымліваць курс беларускага рубля 2650, нават крыху ўзмацніцца адносна даляра. І захоўваць гэты кошык у тых межах, якія ён абяцаў. Але атрымалася сытуацыя зусім іншая.

Эўра вельмі істотна патаньнела адносна даляра. Яшчэ адна неспадзяванка для Нацбанку — расейскі рубель даволі хутка дэвальвуецца адносна даляра.

Першае, што атрымалася, — што Нацбанк без істотнага патаньненьня кошыка ня можа ўтрымліваць беларускі рубель адносна даляра на былым узроўні, бо гэта прывядзе да істотнага ўзмацненьня беларускага рубля адносна расейскага рубля. І больш за тое, ва ўмовах дэвальвацыі расейскага рубля выходзіць, што мы ня можам утрымлівацца ў адносінах да даляра, каб не губляць нашу канкурэнтаздольнасьць на расейскім рынку.

Атрымалася такая сытуацыя, што Нацбанк першапачаткова выбраў няправільную стратэгію валютнай палітыкі на гэты год. І ідэя кошыка валют проста правалілася.

Бо цяпер мы падышлі да сытуацыі, калі беларускаму рублю засталося патаньнець адносна расейскага на адзін рубель, і мы апынемся на мінулагоднім, дадэвальвацыйным узроўні».

«Што рабіць далей, калі афіцыйныя прадстаўнікі Расеі кажуць, што дэвальвацыя расейскага рубля можа працягвацца яшчэ год‑паўтара? Гэта, відаць, і далей будзе ўплываць на беларускі рубель?»

«Трэба было даўно зьмірыцца з тым, што ўтрымаць беларускі рубель стабільным, як гэта было раней, не атрымаецца.

Зьмяніліся вонкавыя ўмовы. Гэта было зразумелым напрыканцы мінулага году. І тады трэба было пачынаць тое, што цяпер робіць Цэнтрабанк Расеі — плаўную дэвальвацыю. Цяпер проста непазьбежная цягам пэўнага часу далейшая дэвальвацыя. І такім чынам Нацбанк ізноў рызыкуе ня выканаць тое, што абяцаў. Так што вельмі складанае становішча».

Паводле Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0