Украінскае заканадаўства забараняе публікацыю звестак экзіт-полаў да сканчэння галасавання. Аднак законы ва Украіне выконваюць не ўсе. У прыватнасці, дэпутат-журналіст Мустафа Наем у сваім канале выкладвае вынікі экзіт-полаў — іх ва Украіне праводзяць адначасова чатыры сацыялагічныя службы. Варта адзначаць, што ўсе чатыры агенцтвы з вялікай дакладнасцю прадказалі вынік прэзідэнцкіх выбараў увесну.

Сацыялагічныя апытанні па стане на пасля абеду даюць прадказальную перамогу прэзідэнцкаму спісу «Слуга народа», але ён набірае менш, чым спадзяваўся. Пакуль за спіс Зяленскага галасуюць ад 40 да 45 % выбарцаў. Можа быць, гэтая лічба вырасце пад вечар, калі на ўчасткі прыйдзе менш дысцыплінаваны малады электарат.

З раніцы больш актыўна галасавала ўсходняя Украіна, млява — захад і цэнтр.

У парламент таксама праходзяць прарасійская Апазіцыйная платформа за жыццё з 12% галасоў, а таксама партыя Пятра Парашэнкі «Еўрапейская салідарнасць» з 9% і «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнка з 8%.

На мяжы выбарчага бар'еру вагаецца партыя «Голос» спевака Вакарчука. Ёй застаецца спадзявацца, што гарадскія «совы», моладзь увечары дададуць ёй галасоў.

Пры такім раскладзе ў выбарчым спісе «Еўрапейскай салідарнасці» ў Раду праходзяць два лідары крымскіх татар — народа, які не прыняў анексіі Крыма Расіяй і захоўвае вернасць Украіне. Гэта Мустафа Джэмілеў і Ахтэм Чыйгоз.

Ці атрымае «Слуга народа» абсалютную большасць у Радзе, вырашыцца ў аднамандатных акругах, дзе ўкраінцы часта галасуюць за яскравую ці багатую асобу, а не за партыю.

«Слуга народа» займае цэнтрысцкія пазіцыі на ўкраінскай палітычнай сцэне. Дзве найбольш праеўрапейскія і пранацыянальныя сілы — гэта «Еўрапейская салідарнасць» і «Голас».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?