23.07.2019 / 12:29

Нягеглыя злачынцы: як мінскія пенсіянеркі тэрарызуюць суседзяў 11

Вылічваючы падазраваных па тым ці іншым эпізодзе, нават дасведчаныя аператыўнікі часам бываюць шакаваныя, бо да злачынстваў аказваюцца датычныя людзі сталага ўзросту. Якія злачынствы і правапарушэнні здзяйсняюць мінскія бабулі, у матэрыяле карэспандэнта агенцтва «Мінск-Навіны».

Ілюстратыўнае фота. Аўтар — Надзея Бужан. 

Чакаючы чаргі ў банку, 80-гадовая жанчына пільна назірала за адной з пажылых кліентак, якая ўжо здзейсніла плацяжы і размясцілася на канапцы побач, каб акуратна скласці ў сумку квітанцыі. Скончыўшы свае справы, тая патупала да выхаду, пакінуўшы на сядзенні кашалёк.

Празорлівая бабуля выйшла з чаргі, села на тую самую канапку і, прыкрываючыся торбай, непрыкметна прыбрала да рук чужую маёмасць. У яе адразу адпала патрэба плаціць за камуналку і яна накіравалася дадому, спустошыўшы па дарозе кашалёк і выкінуўшы яго на скрыжаванні вул. Пляханава і пр. Ракасоўскага.

Няпамятлівая мінчанка, якая таксама размяняла дзявяты дзясятак гадоў, не знайшоўшы дома партманэ, паспяшалася заявіць пра гэта ў міліцыю. Вызначыць зладзейку аказалася нескладана: камеры відэаназірання ў аперацыйнай зале банка захавалі ўвесь працэс прысваення чужой маёмасці.

— Я быў упэўнены, што зламысніца вернецца да месца здзяйснення злачынства, і не памыліўся: праз пару дзён нячыстая на руку бабуля зноў з'явілася там, каб усё ж такі заплаціць па рахунках, — кажа оперупаўнаважаны аддзела крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС Вячаслаў Кіргізаў. — Даведаўшыся, што яна падазраецца ў крадзяжы, грамадзянка стала абурацца, маўляў, нічога не крала, а знайшла і ўзяла сабе, бо на пенсіі ледзь канцы з канцамі зводзіць.

У забытым кашальку грошай было няшмат — крыху больш за 50 рублёў, якія затрыманая выдаткавала на ўласныя патрэбы. Калі б яна паклікала гаспадыню або аддала знаходку адміністратару ўстановы, то ў дачыненні да яе не распачалі б крымінальную справу па артыкуле «Крадзеж». Дарэчы, раней зламысніца ўжо была асуджаная за прычыненне цялесных пашкоджанняў.

Іншая сталічная пенсіянерка, якая жыве ў адной са шматпавярховак на вул. Слабадской, днём і ноччу тэрарызуе жыхароў свайго дома. Яна скардзіцца ў міліцыю і іншыя інстанцыі на суседзяў знізу, якія нібыта праводзяць у кватэры зварачныя працы.

Супрацоўнікі міліцыі, якія прыбываюць па выкліку, ні разу не пабачылі нічога супрацьзаконнага. У той кватэры пражывае інтэлігентная сям'я, мужчына даглядае сваю маці-інваліда, — распавяла афіцыйны прадстаўнік Маскоўскага РУУС Анастасія Анікейчык. — Заяўніца працяглы час з дому не выходзіць наогул, заткнула вокны і дзверы старымі анучамі. Яна ўвесь час крычыць, лаецца, стукае на балконе палкай, з-за чаго на працягу пяці месяцаў на яе больш за паўсотні раз суседзі выклікалі міліцыю.

Дарэчы, эксперты не выявілі ў 70-гадовай бабулі якіх-небудзь псіхічных адхіленняў.

На працягу кароткага перыяду ў Першамайскае РУУС паступіла чатыры заявы ад грамадзян, чые аўто пашкодзілі ў адным з двароў на пр. Незалежнасці. Супрацоўнікі міліцыі хулігана выкрылі хутка — момант псавання маёмасці захавала ўсталяваная на пад'ездзе відэакамера. Асоба злачынцы шакавала нават дасведачаных сышчыкаў: ёю аказалася 80-гадовая адзінокая пенсіянерка.

У зробленым бабуля прызналася, патлумачыўшы, што прыпаркаваныя пад вокнамі машыны нібыта загароджвалі праход. Таксама гараджанка была незадаволеная шумам іх рухавікоў і выкідам у атмасферу выхлапных газаў. Да барацьбы за справядлівасць яна не палічыла патрэбным прыцягнуць міліцыянтаў, вырашыўшы разабрацца з нядбайнымі кіроўцамі сама: пакуль ніхто не бачыў, рэзала ключом ад паштовай скрыні кузава іх аўто. 

— Толькі ў адным выпадку ўдалося даказаць, што гэта справа рук пенсіянеркі, — распавёў намеснік начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Першамайскага РУУС Андрэй Макух. — Праведзеная судова-псіхіятрычная экспертыза канстатавала: бабуля здаровая.

Суд прызнаў яе вінаватай у здзяйсненні хуліганства і прызначыў прафілактычнае назіранне тэрмінам на два гады з пастаноўкай на ўлік у крымінальна-выканаўчую інспекцыю.

Нядаўна ў Маскоўскае РУУС звярнулася дзяўчына, якая стамілася цярпець выбрыкі 97-гадовай старой, якая яе пастаянна абражала і нават абяцала ўдарыць па галаве сваёй палкай. Прычына такога ненавіснага стаўлення пажылой жыхаркі аднаго з дамоў на вул. Лермантава да заяўніцы крыецца ў тым, што дзяўчына паркуе свой аўтамабіль у яе двары. Пры гэтым аўталэдзі не парушае ПДР, але бабулі гэтага растлумачыць не могуць ні сама ўладальніца «Рэно», ні відавочцы канфліктаў, ні нават супрацоўнікі міліцыі

— Згледзеўшы маю машыну, пенсіянерка падыходзіць да яе і пачынае калаціць па кузаве кіем, — кажа заяўніца. — Свае паводзіны яна тлумачыць тым, што аўтамабіль замінае ёй свабодна перасоўвацца, атручвае паветра выхлапнымі газамі і г.д. Чаму бабуля на мяне так настроілася, загадка для ўсіх. На маю абарону ўстаюць і яе суседзі, і мінакі, і міліцыянты, але ніхто ёй не ўказ.

Магчыма, складзены адміністрацыйны пратакол за абразу супакоіць сталую парушальніцу спакою.

А ў шматкватэрным доме на вул. Перадавой жыхары рэгулярна заставаліся без святла. І віной таму не якія-небудзь перабоі ў падачы электраэнергіі, а 78-гадовая жанчына. Яна пражывае адна, сваякі наведваюцца да яе вельмі рэдка, вось і прыдумала пенсіянерка для сябе вельмі дзіўную забаўку.

— Калі цямнела, грамадзянка выходзіла на пляцоўку, адкрывала шчыток і выключала святло ў суседскіх кватэрах, — кажа афіцыйны прадстаўнік Партызанскага РУУС Ліліяна Жылянкова. — Зрабіўшы паскудства, бабуля не спяшалася вяртацца да сябе, а чакала, калі жыхары выйдуць ўключыць святло. Пры гэтым яна стаяла «ўзброеная» — з адкруткай у руках.

Калі нехта з'яўляўся на пляцоўцы, бабуля пачынала скандаліць па ўсякіх надуманых прычынах, магла нават кінуцца ў бойку. Спачатку жыхары шкадавалі адзінокую пенсіянерку, нікуды не звярталіся, але, калі такія інцыдэнты сталі адбывацца ледзь не штодня, яны папрасілі ўчастковага пагутарыць з ёй. Відаць, міліцыянту ўсё ж удалося пераканаць бабулю, што яна паступае нядобра, бо ўжо тыдзень святло ў кватэрах яе суседзяў гарыць спраўна.

NN.by

11
фелікс / Адказаць
23.07.2019 / 12:37
Хвароба адна - адсутнасці сумлення. А чаму НН выкарыстоўвае расейскае слова "адзінокі", а не беларускае "самотны" ?
25
maha / Адказаць
23.07.2019 / 12:56
фелікс,чаму яно расейскае? тады самотны - польскае. ды і адценне ў самотнага своеасаблівае, у сэнсе - невясёлы.
0
фелікс / Адказаць
23.07.2019 / 14:31
maha, "Я не самотны, я кнігу маю З друкарні пана Марціна Кухты"
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру