«Наша гісторыя» №7

У свежым нумары часопіса:

«Што тут, думаю, за ліха? Зусім п’яных не відаць».

Гэты артыкул Сяргея Астанковіча — і пра тое, чаму ў Беларусі пілі менш, чым у Расіі, і пра ролю чалавека ў гісторыі. 

«Больш чыстыя» — артыкул з гісторыяй аднаго міфа.

У сацыяльных сетках ці ў прыватнай размове пасля лазні, калі заходзіць гаворка пра паходжанне беларусаў, нярэдка можна пачуць, што беларусы, маўляў, самыя чыстыя славяне. Адкуль у такіх поглядаў растуць ногі, разабраўся кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі.

15 жніўня 2019 года спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэння Напалеона Банапарта — чалавека, які пакінуў велізарны след у сусветнай гісторыі. Пра незвычайныя наступствы тагачаснай напалеонаманіі піша кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў. Ён знайшоў дзень і месца, калі ў Беларусі ўпершыню дзіця ахрысцілі Напалеонам і колькі такіх дзяцей усяго было.

Пастаянным чытачам «Нашай гісторыі» лішне рэкамендаваць артыкулы Андрэя Скурко, які аднаўляе біяграфіі самых значных постацяў беларускай і сусветнай гісторыі. Гэта заўсёды захапляльна.

Гэтым разам герой вокладкі — Андрэй Грамыка, самы ўплывовы беларус СССР.

З іншага — 

хто і як бамбіў беларускія гарады ў вайну: праўда і міфы. 

Вампір пад Лепелем: як у 1845 годзе сяляне з Акуліна раскапалі магілу і адсеклі галаву суседа Ларкі Пабойні.

Жывая і мёртвая. Дзве жонкі князя Януша Радзівіла на адным партрэце — расказвае мастацтвазнаўца Надзея Усава.

Ад Pingwina да «Белага полюса»: беларуская гісторыя марозіва. Расказвае доктар гісторыі Аляксандр Белы.

Польская вёска на беразе Басфора — з гісторыяй больш чым у паўтара стагоддзя. Піша гісторык Сяргей Егарэйчанка.

«Халера ясная!» Хвароба, якой мы не баімся, але часта ўспамінаем. Піша гісторык Андрэй Вашкевіч.

А ў рубрыцы «народы Беларусі» кандыдат гістарычных навук Юрый Унуковіч гэтым разам апавядае пра літоўцаў усходу Беларусі.

Артыкул Ганны Севярынец: чаму пасварыліся Міцкевіч і Пушкін.

Першыя аўтамабілі Беларусі — аматары аўтагісторыі знойдуць сабе сваё.

І ўжо традыцыйна на радасць дзецям і падлеткам — коміксы.

Лілія Ільюшына. Ключ Дарог

Раман для дзяцей сярэдняга школьнага веку.

На свеце ёсць месца, адкуль пачынаюцца ўсе шляхі і дарогі Сусвету. Той, хто валодае Ключом ад яго, можа абудзіць даўно паснулыя сцежкі ці назаўжды закрыць шлях да шчасця.

Джым выяўляе ў сябе здольнасць кіраваць дарогамі, а ў свайго сябра — дар бачыць смерць.

Яны выпадкова даведваюцца, што непрыемнасці ў іх мястэчку — справа містара С., вядомага бізнесмена. Вось толькі як справіцца з ім, калі ён і ёсць Гаспадар Дарог, да таго ж звязаны са старажытнымі ведзьмакамі?..

Катажына Бонда. Акулярнік

Раман. Пераклад з польскай мовы А.Брусевіча.

Падзеі дэтэктыўнага рамана польскай пісьменніцы беларускага паходжання Катажыны Бонды адбываюцца ў падляшскім мястэчку Гайнаўка і наваколлі. У ім некалькі сюжэтных ліній, адной з якіх з’яўляецца трагічная гісторыя забойства ў 1946 годзе некалькіх дзясяткаў сялян-беларусаў жаўнерамі Арміі Краёвай з атрада Рамуальда Райса «Бурага».

«Акулярнік» пасля выхаду ў Польшчы адразу здабыў шалёную папулярнасць у чытачоў і выклікаў бурную дыскусію ў прэсе.

У 2015 раман здабыў прэстыжную ўзнагароду «Бестселер Эмпік». Перакладзены на шэраг еўрапейскіх моў.

Севярын Квяткоўскі. Каларадская пушча

Сатыра, постапакаліпсіс, фэнтэзі — тры словы, якія характарызуюць раман «Каларадская пушча».

Мінула трыццаць гадоў пасля глабальнай катастрофы. Сусветны акіян узняўся на 199 метраў. Менскае ўзвышша ператварылася ў архіпелаг. Менск падзяліўся калючым дротам і візавым рэжымам на ўласна Менск і Горад-Герой.

Пасля катастрофы частка менчукоў перабралася на аддаленыя выспы, дзе ўтварыла горад Добрае Месца. Нечаканая небяспека вымусіла іх выправіць у Горад-Герой выведніка на мянушку Дзікун…

У хітразаплеценым сюжэце ўяўнай будучыні чытач можа ўбачыць сучасны Менск і нават болей — сучасную краіну, на якім бы кантыненце яна ні была.

Гісторыя беларускай дзяржаўнасці. Том 3 

История белорусской государственности. У 5 т. Т. 3. Белорусская государственность: от идеи к национальному государству (1917-1939 гг.) / А. А. Каваленя [і інш.]; адк. рэд. тома: В. Г. Мазец, Н. В. Смяховіч, С. А. Траццяк; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі.

У трэцім томе «Гісторыі беларускай дзяржаўнасці» раскрытыя перадумовы, выяўленыя заканамернасці, разгледжаныя і ахарактарызаваныя этапы, формы, кірункі і асаблівасці працэсу станаўлення і развіцця беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці ў кантэксце глабальных геапалітычных зменаў цягам 1917—1939 г.

Выданне разлічана на шырокае кола чытачоў: прафесійных гісторыкаў, выкладчыкаў ВНУ і сярэдніх школ, моладзь, рэкамендуецца для выкарыстання ў навукова-даследчай рабоце і навучальным працэсе.

Беларускі іканапіс XVI - першай паловы XX ст.

Альбом / Г. А. Флікоп-Світа; навук. рэд. Б. А. Лазука.

У альбоме прадстаўленыя шэдэўры іканапісу Беларусі са збораў Музея старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі.

Гэтыя творы з'яўляюцца спадчынай праваслаўнай, каталіцкай і ўніяцкай цэркваў.

Асобную групу складаюць народныя абразы, якія размяшчаліся на покуці і прызначаліся для хатняй малітвы.

Разлічаны на мастацтвазнаўцаў, супрацоўнікаў музеяў, калекцыянераў і ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.

Мінкульт. 2. Толькі проза

У другім нумары літаратурнага альманаха «Мінкульт», які выходзіць за ахвяраванні, можна прачытаць прозу Уладзіслава Ахроменкі (друкуецца яго раман «Нясвіжская крыза, альбо Вернуты рай»), Віктара Шніпа, Таццяны Скарынкінай, Паўла Касцюкевіча, Вінцэся Мудрова і шэрагу іншых аўтараў.

Наталля Батракова. Імгненне бясконцасці 2

Миг бесконечности 2. Бесконечность любви, бесконечность печали…: раман. У 2 кнігах.

Каця з дачкой ненадоўга прыязджаюць у Мінск. Дзеля здароўя Марты яе маме даводзіцца прымаць няпростыя рашэнні. Пра сустрэчу з Вадзімам яна не думае: ён зрабіў свой выбар яшчэ чатыры гады таму і забыўся пра яе існаванне.

Вадзім Ладышаў сапраўды пастараўся выцесніць з памяці любыя ўспаміны пра Кацю. Увесь час займае праца: новы віток бізнесу, новыя паплечнікі, новыя канкурэнты і нават новыя ворагі. Часу на асабістае жыццё не застаецца.

І ўсё ж лёсу было заўгодна, каб сустрэча Каці і Вадзіма адбылася.

Набыць гэтыя ды іншыя новыя выданні і бестселеры, можна ў кнігарні «Акадэмічная кніга» (пр. Незалежнасці, 72).

 РУП «Акадэмічная кніга» УНП 101462648

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0