Я ўжо пісаў пра посткаланіяльны сіндром, пра залежнасць нашага грамадства ад расейска-савецкай і польскай спадчыны. Яна праяўляецца літаральна ва ўсім: у шасцізначных кодах паштовых аддзяленняў, у савецкай нумарацыі вайсковых частак і аддзяленняў колішняга Ашчаднага банка, які цяпер завецца Беларусбанкам, у абсурдных «датах нараджэння» арміі, інжынернага і памежнага войскаў, у транслітарацыі нашых тапонімаў і гідронімаў на лацінку… Усюды мы танцуем ад старой імперскай печы, трымаемся за расейшчыну і пальшчызну, нават за літуаншчыну, як п’яныя за плот. І ў гэтым наша халопства. У нас, у нашых газетах і падручніках, на нашых картах не Вільня, а Вільнюс, не Саколка і Гайнаўка, а Сакулка і Гайнуўка, нават Хайнуўка, не Салечнікі і Свянцяны з Меднікамі і Друскенікамі, а цяжкавымоўныя Шальчынінкай, Швянчоніс, Мядзінінкай і Друскінінкай… Ніяк не можам пазбыцца польска-расейскай спадчыны ў назвах Берасця, Наваградка, Менска, Хвойнікаў ды іншых гарадоў і мястэчак. Рэдка сустрэнеш лацінічнае беларускае напісанне нашай краіны: Bielaruś.

Здаецца, ужо нешта робіцца нашымі мовазнаўцамі. У Менску, напрыклад, назвы станцый метрапалітэна падаюцца нашай лацінкай. І танцуюць тут ад свайго, беларускага. Хоць і не без пагрэшнасцяў. Але ўжо такая хвароба ў нашых лінгвістаў — невылечная лёсікаўшчына. Пра гэта я напішу калі асобна. Цяпер жа вяртаюся да кнігі з гісторыі Беларусі на англійскай.

Кніга мае загаловак: «Belarus: Pages of History». Выйшла яна ў выдавецтве «Беларуская навука» ў мінулым годзе. Здавалася б, пісьменны чалавек, пагатоў гісторык, які ведае нашу сучасную лацінку, павінен ведаць, што назву выдавецтва трэба падаць як «Bielaruskaja navuka». Што ж мы чытаем? А чытаем мы «Belaruskaya navuka». На адваротным баку тытульнага аркуша чытаем што кнігу рэдагаваў вялікі калектыў — The Editorial Board (рэдакцыйная калегія). І што кіраўніком гэтай калегіі з’яўляецца A. A. Kovalenya. Хто б падказаў гэтаму вучонаму мужу, што ягонае прозвішча сучаснай лацінкай пішацца Kavalienia? 

І на такі — расейскі капыл — перакручаны прозвішчы астатніх членаў калегіі. Перакладчык не ведаў, што ў нашай лацінцы ёсць літара č, што наша г перадаецца як h, і пішуць замест гэтых літар ch і g (Golenchenko). Яны дадумаліся даваць імёны дзеячаў, танцуючы і ад расійскай, і ад літоўскай, і ад беларускай печаў. І вось мы чытаем пра вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, што ён не Kazimir Jahajlavič, а Kazimir Yagailovich (Kazimir Yahajlavich). Так і напісана. А пад выявай Вітаўта Вялікага яны напісалі, што гэта Vitovt (Vitautas, Vitaut). Не ведаю, як тут з расейскай лацінкай, але і па-літоўску, і па-беларуску імя вялікага князя пададзена непісьменна (трэба Vytautas i Vitaūt).

Сутыкнуўшыся з гэткай непісьменнасцю, з гэткім моўным халопствам, знаёміцца са зместам кнігі я не захацеў. Спадзяюся, нехта з гісторыкаў прааналізуе і змест.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?