Арцёму Лантасу, камбайнеру СУП «Хажоваагра-2009», 27 гадоў. Ён расказвае, што першы раз трапіў у кабіну камбайна ў 15-гадовым узросце — тады хлопец працаваў памочнікам камбайнера. Пасля, як толькі атрымаў пасведчанне кіроўцы, перасеў за стырно камбайна і ўжо амаль 10 год не ўяўляе свайго лета без збожжа і палёў.

«Ну не магу я інакш, цягне мяне да камбайна!» — прызнаецца Арцём. На працягу года ён займаецца шынамантажом, працуе ў таксі. У планах распачаць свой бізнэс у роднай вёсцы, але штогод ад 1 ліпеня Арцём нязменна становіцца камбайнерам.

Працуе Арцём на самым старым камбайне ў калгасе — на 17-гадовай «Лідзе».

«За мінулы год ён мяне глабальна не падвёў ні разу, працаваў спраўна. Бывала, што ў брудзе захрасаў, бывала, што зубцы ламаліся. Праўда, мы з ім у перадавікі не трапілі, магутнасці яму не хапае, але я не шкадую. Акрамя мяне, больш ніхто не зможа з ім справіцца. Я яго ведаю да апошняга вінціка», — хваліцца Арцём сваім камбайнам.

Ні для каго не сакрэт, што камбайнеры атрымоўваюць высокія заробкі.

«За два тыдні я сапраўды магу атрымаць да 2000 рублёў. Але я б не сказаў, што праца камбайнера зайздросная. Паспрабуйце вы без выхадных папрацаваць да гадзіны ночы, на спёцы, калі ў цябе рукі па локці ў мазуце», — расказвае Арцём Лантас.

Уборачная для камбайнераў пачынаецца напрыканцы чэрвеня. У гэты час, як кажа Арцём, трэба «паставіць на ногі» камбайн, які не працаваў з мінулага лета, праверыць усё, падкруціць, змазаць.

«Канечне, маёй «Лідзе» цяжка спаборнічаць з новымі беларускімі камбайнамі, у якіх і магутнасць большая, і жатка большая на метр. Мяне не пасылаюць, напрыклад, на ўборку рапсу — не пасуе мой камбайн. Не пераносіць ён і месцы, дзе «падвышаная калматасць». На калгасных палях, дзе чыста, мінулым летам адпрацаваў без паломак, а калі сталі жаць людское, пастаянна ці барабан забіваўся, ці трава намотвалася, што даводзілася амаль цэлы дзень уручную па адной травінцы даставаць з камбайна», — расказвае Арцём.

Раніца камбайнера пачынаецца не з кавы

Арцём смяецца, калі прыгадвае рэкламу пра камбайнераў.

«Памятаеце: устаём з цёмнага рана, увесь дзень у полі, толькі «Ролтан» ратуе? Дык вось, усё абсалютна не так», — кажа Арцём Лантас.

Працоўны дзень у хлопца пачынаецца прыкладна а сёмай гадзіне. Ад раніцы трэба абавязкова праверыць гатоўнасць камбайна да працы.

«Канструкцыя майго камбайна вымушае некалькі разоў у дзень чысціць барабан, бо калі ён забіваецца, то гул стаіць такі, аж галава хістаецца», — расказвае Арцём.

Абавязкова штораніцы неабходна прайсці медагляд. Калі ты дрэнна сябе адчуваеш або адмаўляешся дыхаць у трубачку, да працы цябе не дапусцяць. За гэтым сочаць строга. Толькі недзе пад дзесяць гадзін раніцы гучыць каманда: «Заматорвай!», тады камбайнеры разам з памочнікамі рассаджваюцца па сваіх машынах і рушаць у палі.

«Калі поле новае, спачатку аб’язджаем яго па коле, як бы «настройваем навігацыю». Трэба прызвычаіцца: дзе паварочваць, дзе разварочвацца. У нас гэта называецца «абжацца». Затым аграном кожнаму дае свой участак — і праца пачынаецца», — расказвае камбайнер.

Праца працягваецца, пакуль не загарацца лямпачкі: бункер з зернем запоўнены. Пад’язджае машына. Камбайнер ці яго памочнік запаўняюць рэестр: збожжа здаў, кіроўца машыны збожжа прымае. І такая працэдура паўтараецца да вечара.

Працоўны дзень звычайна доўжыцца да дзевяці гадзін вечара. Зрэдку, калі добрае надвор’е, можна і да дзвюх ночы папрацаваць.

«Раніцай рана не пачынаем, бо яшчэ раса ляжыць. Тое самае і вечарам. Заўважаеш, як барабан пачынае гудзець ад сырасці, тады працу спыняеш. Мінулы год неўраджайны быў. Засуха. А сёлета працуеш — і душа радуецца», — расказвае камбайнер.

Калі надвор’е дажджлівае, камбайнеры ў поле не выходзяць. Рыхтуюць да працы свае машыны на мехдвары.

«Жартуем з хлопцамі, у нас тут такія хохмы бываюць, што ўсяго карэспандэнту не раскажаш. Галоўнае, каб калектыў падабраўся такі, як сёлета», — расказвае Арцём.

Калі ты камбайнер — на паляванне можна не хадзіць. Дзічына сама да цябе ідзе

«Няпраўда, што праца камбайнёра манатонная і нецікавая», — запэўнівае Арцём Лантас.

У кабіне, расказвае хлопец, у яго стаіць кандыцыянер, грае любімая музыка. Ёсць халадзільнік. Кіруе камбайнам Арцём пры дапамозе джойсціка.

«Ды амаль такога, што для камп’ютарных гульняў прадаецца. Ходзіць ён вельмі плаўна, так што за стырном камбайна я адчуваю сябе быццам у легкавой машыне, хаця кірую 14-тоннай махінай», — кажа Арцём.

Каб падзяліцца сваім захапленнем, Арцём завёў інстаграм.

«Што вы! Тут такія кадры могуць трапіцца! Шкадую пра тое, што не паспеў зняць, як праз поле ішла кабаніха, а за ёй шнуравалі 18 маленькіх дзічкоў. Прыгажосць жа! Калі жнём каля лесу, то і лася можна сустрэць, і аленя, і лісіцу. Зайцы пырскаюць з-пад жаткі штодзень. Некаторыя, на жаль, не паспяваюць збегчы. Так што, можна сказаць, і паляванне своеасаблівае атрымліваецца», — расказвае Арцём.

Праца працай, а абед у камбайнераў строга па раскладзе — а 13-й.

«Кормяць смачна. Яшчэ на падвячорак пакідаюць паёк. Звычайна гэта паўпалкі каўбасы або тушонка, паўбуханкі хлеба і агуркі з памідорамі. Па-рознаму. Тры літры мінералкі на дзень. Так што кормяць добра, пахудзець не атрымліваецца», — жартуе Арцём.

Грошы патрэбныя, каб сабраць дачку ў школу

Дапамагае Арцёму працаваць яго тата — Уладзімір Лантас.

«Вядома, працаваць трэба са знаёмым табе чалавекам, з сябрам, паплечнікам. У нас калі ўладкоўваешся камбайнерам, у канторы пытаюцца, ці ёсць на прыкмеце памочнік. Калі не, тады, вядома, прызначаць. Я сёлета прапанаваў свайму тату пайсці да мяне ў памочнікі. З гэтага тут кожны дзень жарты. Бо да таго, як пайсці да мяне ў памочнікі, тата 10 гадоў на СПК адпрацаваў галоўным інжынерам. А вось у камбайне ўпершыню», — расказвае Арцём.

Працуецца мужчынам весела, заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Сёлета дачка Арцёма ідзе ў першы клас, таму грошы, якія заробяць тата і дзядуля, будуць вельмі патрэбныя.

«Грошы ж лішнімі ніколі не бываюць. І трацяцца яны куды хутчэй, чым зарабляюцца. Планаў на восень і зіму шмат, баюся, што заробкаў камбайнера не хопіць. Але не гэта галоўнае. Я праўда тут адпачываю, цягне сюды — і ўсё тут. Усё жыццё ў мяне распісана да і пасля ўборачнай. Вось толькі жонка цяпер любіць дажджлівае лета, бо тады я хаця б дома з’яўляюся», — смяецца Арцём.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?