Кампанію пад такой назвай распачаў аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя.

Яна мае быць прысвечана праблемам беларускай мовы і нацыянальнай культуры.

Першым мерапрыемствам у рамках кампаніі, якая будзе доўжыцца на працягу 2009 года, стала практычная канферэнцыя, якая прайшла 1 лютага ў офісе Партыі БНФ.

Як сказаў у інтэрв’ю БелаПАН адзін з членаў аргкамітэта па стварэнні БХД Віталь Рымашэўскі, мэтай канферэнцыі было сабраць людзей, якія паспяхова займаюцца праектамі папулярызацыі беларускай мовы і нацыянальнай культуры, абмяняцца думкамі і вопытам і, магчыма, прыцягнуць да гэтай працы новых людзей.

«У план кампаніі ўваходзіць беларусізацыя навучальных устаноў, а таксама дзяржаўных і камерцыйных арганізацый, сем’яў, царкоўных, недзяржаўных і іншых арганізацый. Акцэнт мы будзем рабіць менавіта на супольнасцях людзей. На нашу думку, беларусізацыя і нацыянальнае адраджэнне пацярпелі паражэнне не ў кабінетах улады, а менавіта ў думках людзей, на кухнях і ў кватэрах. Дзесяткі і сотні тысяч людзей, якія выступаюць за беларускую мову, дома размаўляюць па‑руску», — зазначыў В.Рымашэўскі. Паводле яго слоў, адзін з кірункаў кампаніі — дапамога ў вырашэнні менавіта гэтай праблемы.

«Шмат залежыць ад людзей, ад грамадскай ініцыятывы. І гэтыя розныя ініцыятывы, якія існуюць, мы маем намер скаардынаваць. Канешне, мы будзем супрацоўнічаць з «Таварыствам беларускай мовы», з іншымі грамадскімі арганізацыямі. І думаем, што ў Мінску і ў буйных гарадах мы зможам правесці гэтую кампанію», — сказаў В.Рымашэўскі.

Ён зазначыў, што

праграма‑максімум кампаніі — стварыць у кожным раёне Беларусі беларускамоўны дзіцячы садок і беларускамоўную школу.
«Гэта ўсё дасягальнае, і ўсё залежыць менавіта ад ініцыятывы людзей. Наша мэта — зрабіць так, каб людзі гэтую ініцыятыву праяўлялі», — заявіў В.Рымашэўскі.

«Фактычна, нават дзейны закон «Аб мовах» дае магчымасць беларусізаваць адукацыйныя і дзяржаўныя ўстановы. Трэба проста арганізаваць людзей, каб яны праяўлялі актыўнасць «знізу». Бо праблема пакуль толькі ў тым, што такой ініцыятывы проста няма», — лічыць В.Рымашэўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?