24.07.2019 / 23:25

«У школе я была агрэсаркай, вярталася дадому, цалавала дзверы — і ператваралася ў ахвяру» 11

Крысціна Бандурына для budzma.by ў межах праекту «Маё права», які пакліканы пашырыць веды пра свае правы ды магчымасці ў дзяцей малодшага школьнага ўзросту і падлеткаў, адкрыта і шчыра пра тое, як быць ахвярай і катам адначасова.

Гэты тэкст я пісала тры тыдні. Ён даўся мне цяжэй за ўсе папярэднія разам узятыя. Цяжка быць шчырай, калі ты разумееш, што твая шчырасць можа выйсці табе бокам. Хочацца схавацца, закрыцца, пракаўтнуць і забыць. Гэта ж так лёгка — прамаўчаць, праўда?

Пісаць пра гвалт заўсёды складана. У мяне няма для гэтага слоў. Няма слоў, каб сказаць пра тое, што рабілі са мною і што я раблю з іншымі. Складана зрабіць гэта так, каб не скаціцца ў шкадаванне сябе, каб не паказаць сябе анёлам. Каб не ачарніць і без таго чорнае. А яшчэ — каб не ачарніць сябе.

Як застацца аб’ектыўнай, калі ты пішаш «знутры»?

Бадай што, гэта самая складаная задача, якую я сабе ставіла.

У маленькай мяне быў рытуал: кожны дзень, вяртаючыся са школы, я спынялася перад уваходнымі дзвярыма з алюмініевай лічбай «6» — абабітымі падрапаным карычневым дэрмацінам, запыленымі і хісткімі. Іх можна было вынесці адным ударам нагі.

Я заплюшчвала вочы і малілася. «Дарагі Божанька, зрабі, калі ласка так, каб яго не было дома. Ці каб ён спаў. Калі ласка, калі ласка, калі ласка…» Добра вучыцца — усё, што я магла абяцаць наўзамен. Хрысцілася. І — абавязковы пункт — чамусьці цалавала дзверы. Гэтыя брудныя старыя дзверы. Ведаеце, як цалуюць крыж.

Без таго не было веры. І калі за дзвярыма мяне сустракала цішыня, я верыла, што мяне пачулі.

Мне было сорамна прачынацца ў мокрым ложку. «Ей уже 14, а она всё сцыт в кровать. Не стыдно?» — было ні халеры не лепш за тое, што мяне прымушалі нюхаць матрац у жоўтых плямах і слізкія кляёнкі. Часта раніца пачыналася са скандалу, а бывала, што ён не заканчваўся з ночы, — і я не мела магчымасці зайсці ў ванны пакой. Трэба было ўцякаць, хавацца ў школе, якая, вядома, і блізка не была Хогвартсам, але ўсё адно была больш бяспечнай, больш любімай, чым дом.

Новы клас. Укамплектаваны з «самых-самых». Мяне ўзялі туды за добрую вучобу.

«От тебя воняет мочой», — сказаў неяк мой аднакласнік пры ўсіх гэтых класных вясёлых прыгожых дзяўчатах, да якіх мне было як да неба.

Калі я пачала даваць здачы бацьку, праблема з мокрым ложкам знікла сама сабою.

І ў восьмым класе ў мяне з’явілася сяброўка.

Чалавечая жорсткасць не мае межаў. І я не ведаю, у каго яна страшнейшая: у дарослых ці ў дзяцей.

Мы вельмі лёгка забываем пра тое, як гэта — калі дрэнна.

Я больш не была пасіўнай — я давала здачы. Мокрага ложку не было. У мяне была сяброўка. Я нават пачала заглядацца на хлопцаў.

Мабыць, гэта давала мне права лічыць сябе калі не лепшай, то, ва ўсялякім разе, ужо не горшай за астатніх — і кпіць з іншых. Са слабейшых. З тых, хто не адпавядаў падлеткавым стандартам крутасці. Мне шкада, што толькі цяпер я разумею, наколькі яно было страшна: ты быццам не дакранаешся да людзей, але ўсё адно працягваеш гвалт — той гвалт, які чыняць над табой.

Так з мяне выходзіла агрэсія. Так змяняліся мае ролі: у школе я была агрэсарам, вярталася дадому, цалавала дзверы — і ператваралася ў ахвяру.

(Калі я ўпершыню скарыстала маміну туш, дома быў страшны скандал. Бацька прымусіў мяне доўга-доўга мыць твар. «Давай, там ещё осталось!» І некалькі дзён нікуды не выпускаў.

Пасля ўсё паўтаралася. Толькі цяпер было па-іншаму: цяпер словы былі яшчэ вастрэйшыя, мы рвалі адзенне адно на адным, падаючы ад удараў на падлогу, хапаліся за нажы, а самым дзейсным інструментам уплыву стала ежа.

Пакуль ты маленькая, быць галоднай не так складана: ты не ўсведамляеш сваё права на ежу і камфорт, і калі табе кажуць, што гэта пакаранне, ты ўспрымаеш гэта як належнае. Але калі ты вырастаеш і пачынаеш бачыць рэчы такімі, якія яны ёсць, і разумееш, што так не мусіць быць, што ты маеш на ўсё роўна столькі ж правоў, колькі і іншыя (у тым ліку і ён), быць галоднай — гэта тое яшчэ выпрабаванне. Можа быць, нават большае, чым збіванне.

Таму што для мяне пытанне ўласнай годнасці паўстала ва ўсёй сваёй прыўкраснасці: прасіць ежы было нашмат больш зневажальна, чым прасіць не біць.)

…І тады ты ідзеш у вялікі свет — шукаць выйсця. А свет гэты жыве па сваіх законах.

Падлеткам вельмі важна «быць не горшым». У прынцыпе, на нашай прасторы ўсім важна быць не горшымі. Але ў падлеткаў гэтае пытанне выходзіць на першы план.

Шмоткі, касметыка, тэлефоны, піва, хлопцы, дыскатэкі… Гэта не набор з жанравых амерыканскіх фільмаў — гэта тое, што мяне акаляла. Тое, што акаляе кожнага падлетка, калі ён трапляе ў соцыум. І далёка не апошнюю ролю ў гэтым адыгрываюць грошы.

Грошы, якіх у мяне не было.

У 16 ты гатовая на любую працу, якая дасць табе ежу і «выхад у свет». Ты думаеш, што самае страшнае ўжо мінула, што зараз пачнеш зарабляць — і жыць стане лягчэй. І нават не ўяўляеш сабе, што ўсё толькі пачынаецца. Бо ты выходзіш у свет дарослых, і свет гэты вучыць цябе аднаму: не верыць.

(Ты — расходны матэрыял, лёгкадаступны і танны. Усім пляваць на твае драмы, калі можна цябе скарыстаць і на табе сэканоміць. Ты цягнешся да дарослых — іншых дарослых — у спадзеве на абарону, цяпло і клопат, а яны бачаць у табе прывабную жывёлінку, вымуштраваную так, што з ёй можна рабіць што заўгодна — яна не пікне. А галоўнае — гэта тое, што па гэтую жывёлінку ніхто не прыйдзе, ніхто не будзе ўчыняць разборкі і пісаць заявы ў міліцыю.

«Ты — животное», — мантра, якой клапатліва рыхтаваў мяне да дарослага жыцця бацька.

Яна і сама нікому не скажа.

Супраціўленне заўсёды заканчвалася кепска. «Я не буду гатаваць табе ежу / прасаваць твае шмоткі / цярпець здзекі»… Скажы што-небудзь з гэтага бацьку — і яшчэ адзін незабыўны вечар табе забяспечаны. Урэшце «сціснуць зубы і трываць» стала кепскім жартам для мяне самой.)

…У фэйсбуку нядаўна быў флэшмоб, падчас якога людзі пісалі пра тое, за што ім плацілі грошы. Наўрад ці хто напіша дрэнна пра сябе. Але я мушу заставацца аб’ектыўнай — таму што і кат, і ахвяра ёсць у кожным. Таму што ілюзіі харошых, паспяховых шчаслівых людзей, якія мы ствараем праз інтэрнэт, не рыхтуюць маленькіх людзей да рэальнасці. Таму што чорнае і белае ўрэшце даюць нашмат больш за пяцьдзясят адценняў.

З 16 гадоў і да сённяшняга моманту мне плацілі грошы: за дэгустацыю мёду ў касцюме пчолкі (заплацілі столькі, што не хапіла нават на сшыткі ў школу), за пераробку чужых тэкстаў, за фотаздымкі аголенай, за догляд ляжачых людзей; я працавала санітаркай у дзённыя і начныя змены; прадавала марозіва, папкорн і кітайскія цацкі, круціла салодкую вату; рабіла рэпартажы з усялякіх мерапрыемстваў; мне плацілі за мае тэксты (вершы, прозу і нататкі па дробязі); а цяпер я «выбілася ў людзі» — я рэдактарка і карэктарка, і плацяць мне за тое, што я раблю з тэкстамі іншых.

Я хапалася за любую працу. Найгоршым з усяго былі фотаздымкі. Я рабіла гэта двойчы, і гэта быў самы чорны мой час: школа скончаная, трэба плаціць за вучобу, бацька не працуе і прапівае маміну зарплату, выжываем дзякуючы бабулі, у мяне сур’ёзныя праблемы з сэрцам, я вымушаная звольніцца з цяжкай фізічнай працы, і дома праз гэта скандалы — дармаедкай лічылася толькі я.

50 тысяч гадзіна — столькі каштавала «фотасесія».

Калі я прыходзіла дадому з прадуктамі, мама радавалася. А мне хацелася ўдавіцца.

Мне так часта хацелася ўдавіцца, што гэта сапраўды цуд, што я яшчэ жыву.

(Ты хапаешся за любую працу, якую сумленна выконваеш ад пачатку і да канца, і таму чакаеш гэтай сумленнасці ад іншых. А іншыя, напэўна ж, мусяць разумець, што не ад харошага жыцця ты ідзеш драіць унітазы ў палатах для пенсіянераў ці круціць парэзанымі ад зацвярдзелага цукру пальцамі праклятую вату. Не ад харошага жыцця, так. І яны гэта разумеюць. А значыць табе можна не заплаціць. Або заплаціць і не дадаць. Або заплаціць, не дадаць, а пасля яшчэ і адымець.)

Так ці інакш, калі ты зарабляеш грошы, гэта дадае адчування годнасці, дадае моцы — і дома ўжо не так страшна. Ты вырасла. І можаш адправіць нах*й п’янага бацьку з яго папрокамі.

Нарэшце з’яўляецца сваё жыццё. Свет вакол фарміруе такую карціну: заканчваеш школу, сустракаеш «сапраўднага мужчыну», выходзіш замуж і выконваеш сваё прызначэнне — нараджаеш дзіця.

Але да гэтага ты яшчэ мусіш прайсці іншую «школу»: у падлеткаў, калі ты хочаш быць крутой, «сваёй», аўтарытэтнай, ты мусіш быць «дарослай» — ведаць, што такое алкаголь і сэкс і раздаваць парады «няўдачнікам». Найвышэйшы пілатаж — гарэлка ў краме без пашпарта і прэзерватывы ў аптэцы, а не ў шапіку ля школы, дзе прадавачка на цябе нават не гляне.

Дарослыя любяць паўшчуваць падлеткаў за разбэшчанасць, нявыхаванасць, амаральнасць і іншыя -сці. І забываюць пра тое, што кантэкст для гэтага створаны імі самімі: пачынаючы з казак у дзяцінстве і заканчваючы школьнымі ўрокамі кшталту «вы павінны…» — усё навязвае адзіны магчымы сцэнарый паводзін, які цудоўна накладваецца на адсутнасць любові і ўвагі і жаданне быць дарослымі.

Няма нічога новага пад месяцам. Грошы, алкаголь і сэкс — рэцэпт, які дазваляе падлетку здабыць тое, чаго яму не хапае. І — ура! — вось у цябе ёсць іншыя людзі. Ты верыш ім, цягнешся да іх. Іх увага (асабліва старэйшых) робіць цябе кімсьці значным — ва ўласных вачах і ў вачах акружэння.

(У аднаго жонка толькі нарадзіла, таму дома невыносна; другі будзе чытаць табе вершы і слухаць пра твае праблемы; трэці прывязе кветачку на ўласнай машыне пад самы пад’езд; чацвёрты «раскрые табе вочы» на ўсіх мужыкоў і купіць табе «півка». Гетэрасэксуальны рай. Сцэнарый складваецца як трэба. Мама зноў задаволеная: у дачкі столькі кавалераў!

І наўрад ці камусьці захочацца ведаць, што «дома невыносна» — гэта «ў жонкі ўсё парванае, таму я яе не хачу, а хачу цябе»; чытанне вершаў можа скончыцца згвалтаваннем на халоднай зямлі; і кветачка — гэта не бязвінны знак увагі, а вельмі лёгкі і танны спосаб дабіцца прыязнасці, калі ты гатовая паверыць каму заўгодна за грам цяпла; а ў заплечніку чалавека, які падаецца табе самым шчырым з усіх, каго ты сустракала, на выпадак прыгожанькай дурніцы прыпасены шпрыц з «траянкай»: анальгінам, папаверынам і дымедролам.

І пасля рабіць з табой можна што заўгодна.

Наўрад ці камусьці захочацца ведаць, як адчувае сябе чалавек (незалежна ад гендарнай прыналежнасці), якога вось так скарысталі. Па ўмаўчанні, калі ты сціснула зубы і трывала, цібе жэ харашо была. Калі ты прыйшла, значыць ты хацела.

А што ты думала, ім патрэбныя твае соплі пра страшна-больна-ўсё такое?)

…Да мяне часта прыходзіць дзіўнае адчуванне нерэальнасці майго жыцця. Кажуць, так не бывае — каб столькі на аднаго чалавека. Мне і самой цяжка ўсвядоміць, што бывае. Было.

І пішу я гэта для таго, каб вы паглядзелі на сваіх дзяцей. На тых, хто побач з вамі. На вашых жонак, мужоў, бацькоў, сясцёр і братоў. На сваіх сяброў. Мы ўсе варымся ў гэтым. Мы ўсе робім гэта адно з адным. Мы ўсе — і кат, і ахвяра.

Хтосьці на людзях прыгожы і добры, а за зачыненымі дзвярыма збівае сваю сям’ю. Хтосьці для сям’і — найлепшы на свеце, а гвалціць ідзе на вуліцы.

Я пішу гэта для дзяцей, якім, можа быць, у дадзены момант, як і мне шмат-шмат разоў, балюча глядзець бацькам у вочы. Я пішу гэта для бацькоў, якія хочуць глядзець у вочы сваім дзецям. У мяне няма ніякай павучальнай высновы, я проста хачу, каб болю было меней. Таму што так ці інакш мы ўсе заслугоўваем таго, каб нас нехта любіў.

23
Па-коласаўску мудры / Адказаць
25.07.2019 / 03:44
"Гэты тэкст я пісала тры тыдні. Ён даўся мне цяжэй за ўсе папярэднія разам узятыя..."

А каб жа аўтарка ведала, як цяжка было яго чытаць і яшчэ цяжэй разумець...
43
odin / Адказаць
25.07.2019 / 04:11
Странный, депрессивный крик души человека у которого не сложилась жизнь и виноваты все кругом. Все плохие и все виноваты. Соглашусь в одном ,есть люди,которые просто недостойны существовать, но есть и хорошие и отзывчивые люди, хоть их и мало. Может Вам не повезло их повстречать на пути. Жизнь человека это череда проб и ошибок и как ты справишься так и будешь жить и никто кроме тебя самого не виноват в том, что ты из себя представляешь. К сожалению Не у всех получается выживать в современных условиях жизни, но надо жить и бороться и в конце концов надеятся на лучшее. Человек без надежды и веры- просто животное.
7
Zyrafa / Адказаць
25.07.2019 / 07:27
Дзякуй.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру