Сяргея Луканіна многія ведаюць у Мінску, прынамсі візуальна. Калісьці ён працаваў адвакатам, меў сваю юрыдычную кантору, добра зарабляў (4—5 тысяч даляраў на месяц). Сам Сяргей некалі прызнаваўся, што не вытрымаў выпрабавання грашыма, пачаў «багемны» лад жыцця.

Грошы спускаў на жанчын і рэстараны. У выніку Луканін нават прадаў кватэру, але доўгі час працягваў лічыць, што ўсё ў парадку. Ад далейшага падзення яго ўратавала вера ў Бога. Ён прыйшоў у царкву «Новае жыццё» (тую самую, якая шмат гадоў змагалася з гарадскімі ўладамі за сваё памяшканне), стаў юрыстам царквы, бараніў вернікаў у судах.

А яшчэ Луканін выходзіў на вуліцы Мінска дзеля пропаведзяў, за гэта яго затрымлівалі, складалі пратаколы, але ён працягваў казаць слова Божае ўголас. Апошні год Сяргей знік з навінаў. Аказалася, што ён пераехаў на жыхарства ў штат Паўднёвая Караліна. Як так атрымалася, расказаў сам прапаведнік.

«Я ніколі не планаваў з’язджаць з Беларусі. Усе мае думкі былі звязаныя з гэтай краінай, я будаваў дом», — кажа Сяргей.

Свой аповед ён вырашае пачаць з падзеяў 2010 года. Справа ў тым, што ў той год кіраўнік хрысціянскай дэмакратыі

Павел Севярынец звярнуўся да Сяргея Луканіна з прапановай стаць кандыдатам у прэзідэнты ад БХД, бо юрыст «Новага жыцця» цалкам адпавядаў тым характарыстыкам, якія хадэкі хацелі бачыць у сваім кандыдаце.

Сяргей Луканін з дзецьмі на Дні Волі — 2018.

Сяргей Луканін з дзецьмі на Дні Волі — 2018.

«Я з вялікай павагай паставіўся да гэтай прапановы, але ўзяў час на роздум. У выніку я быў вымушаны адмовіцца. Я не мог пайсці на тое, каб праз мой удзел у выбарах пацярпела царква. Усё ж маё прызванне ў іншым», — расказвае спадар Луканін.

Тым не менш, застацца ўбаку ад падзей 2010 года юрыст Луканін не змог. «Павел Севярынец, Віталь Рымашэўскі — гэта мае добрыя сябры, хоць я ніколі і не быў сябрам БХД. Канечне, я пайшоў на Плошчу. Перад гэтым я напісаў пост у фэйсбуку, чаму лічу неабходным там быць, бо я адчуваю ўсю несправядлівасць уладаў, іх ціск на нашу царкву».

У ноч 19 снежня Сяргей Луканін не быў затрыманы на Плошчы. Аднак праз пяць дзён, напярэдадні Раства, да яго дадому прайшлі супрацоўнікі КДБ. «Быў вобшук, калі мяне выводзілі, то сказалі цяжарнай жонцы, што наступны раз сустрэнецеся з мужам, можа, гадоў праз пяць. Калі я ўжо ў машыне спытаў, навошта так жартаваць, то супрацоўнік адказаў, што гэта не жарт, а ён наадварот сказаў мякка, бо можам убачыцца і праз 15 гадоў, бо мяне абвінавачваюць у тэрарызме. Я прыняў гэтую навіну без гневу і раздражнення. Я — Божы слуга, калі ён лічыць патрэбным, то я правяду гэты час у турме. Мяне прывезлі ва ўпраўленне КДБ. Следчаму пры сустрэчы я сказаў: «Вельмі прыемна». «Што ж прыемнага», — спытаў ён. «Прыемна, што яшчэ адзін чалавек пачуе пра Бога».

Сяргей Луканін расказвае, што ўсе пытанні былі толькі пра царкву. «Я і пачаў рассказваць пра п’яніц, якія становяцца бізнэсменамі, пра мужоў, якія здраджвалі, але потым раскайваліся і захоўвалі сем’і, пра вылечаныя хваробы. Потым ён мне кажа: «Я ведаю, што вы былі на Плошчы». Ён паказваў мне відэазапіс тых падзей.

Справа ў тым, што ў адзін момант у людзей на Плошчы сталі з’яўляцца аднекуль палкі ў руках. Адна такая апынулася і ў мяне ў руках. Я выкінуў яе пад ногі, але бачыў людзей, што ідуць з палкамі да Дома ўрада. У гэты момант я кінуўся наперарэз і пачаў крычаць, што гэта правакацыя і вас усіх пасадзяць. Так я і стаяў між людзьмі з палкамі і АМАПам і заклікаў да мірнага вырашэння».

«У выніку следчы КДБ паціснуў мне руку «за смеласць». Мяне адпусцілі, я паспеў на сямейную вячэру, а назаўтра я змог удзельнічаць у каляднай пастаноўцы ў сваёй царкве. Так што гэта была радасная падзея і для сям’і, і для царквы», — расказвае Сяргей Луканін.

Юрыст расказвае, што ў той раз яго ніхто не спрабаваў вербаваць. Але было і такое: «Я прыехаў з канферэнцыі АБСЕ ў Будапешце, як мяне выклікалі ў КДБ. Там казалі, што я павінен дапамагаць дзяржаве, што яны гатовыя знайсці для мяне працу, адправіць дыпламатам. Казалі, што мая царква мяне выкарыстоўвае. Я на гэта адказваў, што заўсёды думаў, што мяне выкарыстоўваюць не людзі, а Бог. Згадзіцеся, гэта гучыць зусім па-іншаму».

Як мы ўжо казалі, Сяргей Луканін выходзіў на вуліцы Мінска, каб несці да людзей Божае слова. У выніку за вулічныя малітвы яго затрымлівалі больш за 40 разоў. «Я заклікаў да пакаянні і жыцця без граху», — кажа Луканін.

«Памятаю, я прыйшоў з рэчамі на суд. Суддзя пытаецца, што гэта ў мяне, я адказваю: вы мне можаце даць штраф альбо пасадзіць на суткі. Штраф — гэта не малыя для мяне грошы, таму я прашу пакараць мяне арыштам. На гэта суддзя пачала казаць: «Што вы, калі я вас пасаджу, то я спаць не змагу». — «Затое мае дзеці застануцца не галоднымі». У выніку мне ўсё ж далі штраф, які быў памерам у тры мае месячныя заробкі», — расказвае Сяргей.

Вядомая справа, што сілавікам не падабалася такая актыўнасць прапаведніка. «На пастара нашай царквы націснулі адносна маіх пропаведзяў. Нейкі час у інтарэсах царквы я адмовіўся ад гэтага». Сяргей Луканін кажа, што вырашальным тут быў прыезд у царкву аднаго еўрапейца. «Ён яшчэ не звярнуўся, але ведаў, што ён будзе гаварыць мне. Ён сказаў, што ведае аднаго чалавека ў царкве, якія не выконвае сваё прызванне, заклікаў гэтага чалавека пакаяцца. «У гэты момант выйшаў я, стаў на калені і пачаў каяцца.

Пасля я сказаў пастару, што больш не магу не прапаведваць на вуліцы. Ён зразумеў мяне, але праз некалькі месяцаў я быў звольнены ў сувязі з тым, што юрыст быў царкве больш не патрэбны».

У выніку Сяргей Луканін быў вымушаны пачаць пошукі працы. Ён звяртаўся ў Мінскую абласную і Мінскую гарадскую калегіі адвакатаў, але там яму адказвалі, што ён «не падыходзіць» праз сваю дзейнасць. «Дасылаў рэзюмэ на пасаду юрыста ў больш чым 300 кампаній, у асноўным яму адказвалі: «Разумееце, апошнія 12 гадоў вы прапрацавалі ў царкве». Я зразумеў, што застаўся без прафесіі.

На шчасце, мне дапамог мой сябра Юрась Зянковіч, які адкрыў у Мінску офіс міграцыйнай адвакатуры, цэлы год я ўзначальваў гэты офіс». Праз нейкі час праз недахоп кліентаў я сышоў з канторы.

«Я пачаў шукаць працу на будоўлі. У гэты момант размаўляў са сваім сябрам з Паўднёвай Караліны. Ён кажа: калі будоўля, то мо лепш у ЗША. Паўтаруся, я ніколі пра гэта не думаў. Пасля малітваў стала зразумела, што Бог выводзіць мяне з гэтай краіны», — кажа Сяргей Луканін.

На сямейнай радзе было прынятае рашэнне, што ў ЗША накіруюцца толькі Сяргей і старэйшая дачка, а жонка з двума малодшымі дзецьмі застанецца ў Беларусі, бо не было гарантыі, што візу атрымаюць усе сямейнікі.

Сяргей з'ехаў у ЗША па турыстычнай візе, а ўжо потым падаў прашэнне аб прытулку на рэлігійнай глебе. Пакуль гэтае рашэнне не разгледжанае. Луканін мае права працаваць, але ўсё яшчэ не можа запрасіць да сябе жонку і дзяцей.

«Мы прыляцелі ў Нью-Ёрку, мой сябра паказваў горад. У адзін з момантаў мне захацелася пачаць прапаведаваць, звяртацца да людзей. Але там хадзілі два паліцэйскія, дачка, якая нагледзелася на мае затрыманні, папрасіла: можа, не трэба? Мы падышлі да паліцэйскіх, спыталі, ці можна тут звяртацца да людзей. Канечне, ніякіх праблем, адказалі яны. Майму шчасцю не было мяжы, на сваёй кепскай англійскай мове я стаў гаварыць пра пакаянне і жыцці ў Хрысце», — расказвае Сяргей Луканін.

Сяргей Луканін прапаведуе ў Нью-Ёрку.

Сяргей Луканін прапаведуе ў Нью-Ёрку.

Паўднёвая Караліна як месца жыхарства была абраная праз тое, што там у Сяргея Луканіна шмат сяброў, якія дапамагалі яму пры пераездзе. Цяпер ён працуе будаўніком.

«За гадзіну працы я спачатку атрымліваў 12 даляраў, цяпер — 16. Працую не меней як 10 гадзін на дзень, бывае па 14-16». Грошы ён дасылае ў Беларусь, для жонкі і дзетак.

«У Паўднёвай Караліне добра ставяцца да людзей працы. Яны паважаюць будаўнікоў, іншых людзей, якія працуюць рукамі. Ёсць праца — і добра», — кажа спадар Луканін. Ён жыве ў гарадку Грынвіл, далучыўся да мясцовай рускамоўнай царквы, пастарам там Дзмітрый Сарыагло, малдаванін па паходжанні, які 15 гадоў быў пастарам у Беразіне. Кожную нядзелю Сяргей Луканін ідзе прапаведаваць.

«Тут ёсць для каго прапаведаваць. Хапае і людзей, якія не вераць у Бога. І тых, хто ходзіць у царкву толькі таму, што гэта царква іх бацькоў, а не таму, што яны адчуваюць патрэбу. Ёсць адчуванне, што ЗША — вельмі свабодная краіна. Часам у мяне ёсць жаданне сказаць: «Госпад вас любіць».

Раней Сяргей здымаў жыллё, але праз нейкі час царква прапанавала купіць яму кемпер — гэта такі дом на колах, як у амерыканскіх фільмах. «Гэта камфортнае жыллё, з душам, кухняй, некалькімі ложкамі», — расказвае Луканін.

Дачка Сяргея скончыла ў ЗША апошні клас школы. «Цяпер яна жыве асобна ад мяне, у яе свой аўтамабіль, зарабляе неблагія грошы, выконвае розныя даручэнні ў знаёмых». Дачка хоча працягнуць вучобу, але для гэтага патрэбна атрыманне статусу ўцекача.

На будоўлі разам з дачкой.

На будоўлі разам з дачкой.

«Усе мігранты, з якімі я размаўляў, кажуць, што першыя два гады слязьмі плакалі. Жонка мне кажа: «Але ты ж не плачаш». «Бо ўсё за мяне выплакваеш ты», — адказваю ёй. Некаторыя сябры пытаюцца, ці збіраюся я вяртацца. Канечне, я сумую па радзіме, але з маім пакліканнем там мяне чакаюць затрыманні, суды і штрафы. У мяне ёсць адчуванне, што Бог для мяне зрабіў такі план, з гэтым адчуваннем прасцей спраўляцца з праблемамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?