Алена Кузьміч-Лукашэвіч — фатографка з Мінска. Увечары 25 ліпеня яна з’явілася ў Брэсце і паспрабавала забраць сына ў былога мужа.

Па словах Уладзіслава, бацькі малога, Алена ўжо чацвёрты раз спрабуе «скрасці дзіця».

Трансляцыю з месца падзей вялі брэсцкія блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў.

Уладзіслаў распавёў ім, што Алена прыехала разам з нейкім сваім сябрам: «Мы былі на вуліцы, Алена выхапіла дзіця і закрылася ў машыне».

Калі бацька пабег за імі, сябар Алены пырснуў з балончыка яму ў твар.

Выклікалі міліцыю. Сябра дзяўчыны забралі. Сама яна разам з малым засталася ў машыне — закрылася там і адмовілася выходзіць.

Міліцыя нібыта паведаміла, што нічога не можа зрабіць.

Улад заблакаваў выезд Алене, пачалася шматгадзінная асада. Усю ноч жанчына з дзіцём прасядзелі ў аўто.

Раніцай 26 ліпеня прыехалі органы апекі, міліцыя, чыноўнікі. Пачаліся перамовы.

Агулам у машыне Алена з сынам правялі каля 14 гадзін.

Вярнуўся на месца падзей і сябар Алены, якога забірала міліцыя. Ноч мужчына правёў у аддзяленні, пасля яму прысудзілі штраф за дробнае хуліганства, распавёў «Нашай Ніве» блогер Аляксандр Кабанаў.

У выніку і Алена з сябрам і дзіцём, і Улад, і чыноўнікі дамовіліся, што паедуць вырашаць пытанне ў адміністрацыю Маскоўскага раёна Брэста. У машыну да Алены сеў адзін з чыноўнікаў, на гэтым настаяў Улад, бо баяўся адпускаць жанчыну адну з дзіцём.

На думку Улада, сітуацыя можа быць звязаная з судом — пасяджэнне прызначылі на 6 жніўня, на ім вырашыцца, з кім застанецца хлопчык. Улад мяркуе, што Алена баіцца прайграць суд, таму і вырашыла забраць дзіця загадзя.

Алена жыве ў Мінску. У яе ўжо ёсць дачка ад іншага мужчыны.

Алена працуе фатографам: здымае пераважна вельмі малых дзяцей, немаўлят. Ёй давярала фатаграфаваць сваё дзіця Ларыса Грыбалёва.

Але ж Улад наракае на Алену: па яго словах, яна была праблемнай маці, не даглядала дзяцей. 

«Наша Ніва» звязалася з Аленай, але яна адмовілася ад каментароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0