Стварэнне альтэрнатыўных навучальных устаноў падштурхне беларускія ўлады да стварэння беларускамоўнай вышэйшай навучальнай установы.

Такую думку 1 лютага на канферэнцыі, прысвечанай праблемам беларускай мовы і нацыянальнай культуры, выказаў шэф‑рэдактар газеты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

Паводле яго слоў, усе дзеянні ўлады па стварэнні беларускамоўных груп у дзіцячых садках, беларускіх класаў у школах, а таксама школ і гімназій з беларускай мовай навучання былі выкліканы тым, што бацькі дзяцей, якія жадалі атрымліваць адукацыю на беларускай мове, шукалі альтэрнатыўныя адукацыйныя ўстановы, дзе такая магчымасць была б ім прадастаўлена.

«Пасля закрыцця беларускамоўнага ліцэя імя Якуба Коласа ўлады былі вымушаны стварыць некалькі беларускамоўных школ. Проста таму, што яны ўбачылі: ліцэй не спыніў сваё існаванне.
Замест таго каб пайсці ў рускамоўныя школы, яго вучні вырашылі вучыцца ў падполлі, а потым здаваць экзамены экстэрнам», — зазначыў А.Дынько.

Ён лічыць, што ўлады могуць пайсці на адкрыццё дзяржаўнага універсітэта з беларускай мовай навучання пасля таго, як такі універсітэт будзе створаны на альтэрнатыўнай аснове.

Гэту думку падтрымала прадстаўнік грамадскай арганізацыі «Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны» Алена Анісім.
Паводле яе слоў, ТБМ распрацоўваліся альтэрнатыўныя праграмы вышэйшай адукацыі. «Урэшце рэшт, у Беларусі дзейнічаюць універсітэты, якія фінансуюцца рознымі замежнымі дзяржавамі або міждзяржаўнымі фондамі. Так што пры каардынацыі намаганняў і пры вялікай рабоце можна стварыць такі фонд, сабраць грошы і арганізаваць альтэрнатыўны беларускамоўны універсітэт», — лічыць А.Анісім.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?