Ва Украіне адбыліся пазачарговыя парламенцкія выбары, у выніку якіх пераканаўчую перамогу атрымала прэзідэнцкая партыя «Слуга народа». Такі вынік быў прадказальны, таму рэзультат выбараў нельга назваць нечаканым. Але сама меней адзін сюрпрыз гэтыя парламенцкія выбары прынеслі. Партыя скандальнага блогера і журналіста Анатоля Шарыя атрымала больш за 2% галасоў, трапіўшы на 10-е месца.

Яна апярэдзіла нават такіх мастадонтаў украінскай палітыкі, як нацыяналістаў са «Свабоды», партыю Анатоля Грыцэнкі «Грамадзянская пазіцыя» і партыю мэра Львова Андрэя Садавога «Самапомач».

Хаця такі вынік і не дае партыі месцаў у парламенце, паводле ўкраінскага заканадаўства, пераадолеўшы 2% бар’ер, яна зможа атрымліваць фінансаванне з украінскага дзяржаўнага бюджэту. Паводле папярэдніх падлікаў, да наступных выбараў «Партыя Шарыя» штогод будзе атрымліваць ад дзяржавы амаль 500 тысяч даляраў. З улікам скандальнасці асобы блогера, які яшчэ 7 гадоў таму з’ехаў з Украіны і заняў крытычную адносна Украіны пазіцыю ў расійска-ўкраінскім канфлікце, навіна пра фінансаванне «Партыі Шарыя» дзяржаўным бюджэтам была ўспрынята патрыятычнай часткай украінскага грамадства са здзіўленнем і абурэннем. Што такі Анатоль Шарый і ў чым яго феномен?

Анатоль Шарый, фота: Wikimedia Commons.

Анатоль Шарый, фота: Wikimedia Commons.

Анатоль Шарый — 40-гадовы ўраджэнец Кіева, які пачаў займацца журналістыкай яшчэ ў сярэдзіне 2000-х. Але сапраўды пераломным быў для яго 2011 год. Яшчэ ў часы Януковіча ў яго ўзнікла некалькі канфліктаў з праваахоўнай сістэмай Украіны, і ў 2012 годзе ён быў вымушаны з’ехаць за мяжу. Міліцыя абвінавачвала Шарыя ў хуліганстве (ён ужыў траўматычны пісталет супраць чалавека) і інсцэнізацыі замаху на сябе, Шарый абвінавачваў міліцыю ў тым, што нібыта яна і справакавала той канфлікт з траўматам. Паведамлялася, што Шарый папрасіў палітычнага прытулку ў Літве, але бачылі яго таксама і ў Нідэрландах.

Звышпапулярным блогерам Шарый стаў у 2014 годзе. Шарый, які негатыўна ставіўся да Еўрамайдану і інтэграцыі Украіны ў ЕС, стварыў скандальны ютуб-блог, у якім ён, як сцвярджаў, выкрываў фэйкі галоўных украінскіх СМІ, змагаўся з прапагандай і «замбаваннем» людзей. У некаторых расследаваннях Шарыя сапраўды сустракаюцца рэальныя абвяржэнні хлусні і памылак украінскіх СМІ, чый прафесійны ўзровень не заўсёды высокі. Але значная частка яго расследаванняў — маніпуляцыі, перакручванні, ссоўванні акцэнтаў, калі з дапамогай абвяржэння нейкай дробнай нязначнай дэталі блогер спрабуе абвергнуць усё паведамленне. І Шарый гэта робіць вельмі таленавіта: у манеры простага свайго хлопца, бадзёрым адважным голасам ён незанудна і харызматычна паказвае сябе аптымістычным змагаром з несправядлівасцю і фэйкамі — такім медыйным Робінам Гудам.

Паколькі імідж праваахоўных органаў ва Украіне крытычна негатыўны, частка ўкраінскага грамадства бачыць у Шарыю сапраўднага пакутніка і ахвяру мянтоўскага самавольства.

Хаця Шарый і пазіцыянуе сябе як незалежны журналіст, і не прыхоўвае сваёй прарасійскай пазіцыі, займаецца ён амаль цалкам выключна ўкраінскімі «фэйкамі». Некаторыя нязначныя фэйкі расійскіх СМІ ён усё ж раскрывае, але ігнаруе самыя гучныя і рэзанансныя.

Адзін з галоўных мэсэджаў Шарыя: ва Украіне адбываецца грамадзянскі канфлікт, выкліканы прыходам да ўлады «бандэраўцаў». Блогер не саромеецца і называе жыхароў Заходняй Украіны «неўкраінцамі», «паўкроўкамі», «чацвёртакроўкамі», якія да таго, як іх «вызваліў» Сталін, «падавалі супы парабкам палякаў».

Тым не менш, поспехі Шарыя фенаменальныя. У фэйсбуку ён мае амаль 340 тысяч падпісчыкаў, а на ютубе — пад 2 мільёны. Яго відэа маюць больш за 2,7 мільярда праглядаў, што робіць яго адным з самых паспяховых палітычных блогераў не толькі Украіны, але і свету.

Шарый здолеў канвертаваць сваю папулярнасць і ў палітычны капітал. Сёлета ў пачатку чэрвеня ён зарэгістраваў «Партыю Шарыя», сімвалам якой стаў чырвоны паветраны шарык. Хаця Шарый і стаў лідарам сваёй партыі, ЦВК забараніла яму браць удзел у парламенцкіх выбарах, паколькі блогер не пражываў ва Украіне мінімальна неабходныя паводле заканадаўства апошнія 5 гадоў.

Фота: sharij.net.

Фота: sharij.net.

«Партыя Шарыя» дэкларуе неабходнасць прыцягнення да адказнасці «старых» палітыкаў, кантролю новай улады, выступае за нейтралітэт Украіны, пакаранне злодзеяў, вольнае развіццё культур і развіццё адносін з Еўрасаюзам.

Маючы велізарны камунікацыйны патэнцыял, Шарый здолеў, фізічна знаходзячыся за межамі Украіны, сабраць вялікую колькасць актывістаў для сваёй партыі. Прыхільнікі «Партыі Шарыя» рэгулярна праводзяць акцыі ў буйных гарадах Украіны, пакідаюць на вуліцы чырвоныя шарыкі, наведваюць са скандаламі акцыі іншых палітычных партый, арганізоўваюць аўтапрабегі з чырвонымі шарамі і гэтак далей.

У выніку на выбарах партыя, якую шматлікія сацыялагічныя інстытуты нават не хацелі ўключаць у спіс апытання, бо лічылі яе занадта маргінальнай, нечакана для ўсіх набрала 2,23%. І гэта пры поўнай адсутнасці медыйнай падтрымкі ва Украіне, якую мелі іншыя, нават самыя невялікія, партыі. Партыя сабрала каля 5% галасоў у чатырох рэгіёнах з вялікай доля прарасійскага электарата: Данецкая, Луганская, Харкаўская і Адэская вобласці.

У чым жа феномен «Партыі Шарыя»?

Феномен партыі Шарыя заключаецца ў тым, што ён з'яўляецца лагічнай часткай медыізацыі палітыкі агулам, лічыць журналіст кіеўскага радыё «Арыстакраты» Максім Гардус. І гэта сусветны трэнд — не забываем пра тое, што прэзідэнт ЗША Трамп не толькі мільярдэр, але і зорка тэлешоу і сацыяльных сетак. Новы прэм'ер Вялікабрытаніі Борыс Джонсан таксама па прафесіі журналіст.

Шарый заняў вельмі цікавую нішу — ён выпускаў ролікі, якія былі па танальнасці апазіцыйныя да мінулай улады. Аднак пры гэтым ён цалкам адрозніваўся ад каналаў, звязаных з апазіцыйнымі сіламі ва Украіне. Ён наўпрост не быў звязаны з пазамінулай уладай Януковіча. І гэтая незвязанасць дала яму пэўны крэдыт даверу.

Анатоль Шарый, скрыншот: YouTube.

Анатоль Шарый, скрыншот: YouTube.

Дацэнт Кіеўскага нацыянальнага эканамічнага ўніверсітэта Паўло Сацкі звяртае ўвагу на тое, што прарасійскія сілы ішлі на ўкраінскія выбары трыма калонамі, і Шарый быў сярод іх (разам з «Апазіцыйным блокам» і «Апазіцыйнай платформай»). Кожная з гэтых палітсілаў заняла сваю электаральную нішу. «Партыя Шарыя», па сутнасці, партыя лідара, і толькі Шарый са спіса гэтай партыі рэальна вядомы, і яго імя забяспечыла вынік гэтай партыі. І не апошнюю ролю ў забеспячэнні гэтага выніку сыгралі пратэсты актывістаў супраць рэгістрацыі Шарыя кандыдатам у дэпутаты. Імя яго і яго партыі даволі працяглы час фігуравала праз гэта ў СМІ.

Сам Шарый стварыў сабе імя як блогер са сваім меркаваннем і, нібыта, роўнааддалены ад улады як ва Украіне, так і ў Расіі.

Ён у сваіх відэа актыўна ўвасабляў лінію расколу ўкраінскага грамадства па прынцыпе супрацьстаяння заходніх і ўсходніх украінцаў, рэгіёнаў і этна-рэгіянальных груп. Гэта ўпісвалася ў асобныя трэнды расійскай інфармацыйнай вайны пра канфлікт светапоглядаў Заходняга рэгіёну (які нібыта незаконна захапіў уладу) і Усходняга (супраць яго насельніцтва і традыцый, нібыта, вядзецца вайна).

«Увесь феномен Шарыя ў тым, што сваёй дзейнасцю ў блогасферы ён стварыў вобраз міжрэгіянальнага супрацьстаяння ва Украіне на ўзроўні светапоглядаў, якія склаліся ў розных гістарычных рэаліях», — падсумоўвае спадар Сацкі.

Сяргей Рачынскі з «Інстытута дэмакратыі Піліпа Орліка» адзначае, што феномен Шарыя, хутчэй, не палітычны, а медыйны.

Шарый, які з'ехаў з Украіны, стаў папулярны менавіта на хвалі «апазіцыйнасці», хоць яго погляды ніколі не адрозніваліся паслядоўнасцю і незалежнасцю. Аднак публіку, стомленую ад прапаганды, гэта не бянтэжыла. Ім падабаўся яго свабодны стыль і гатоўнасць гаварыць пра ўсё.

На фоне тупой прапаганды ў многіх СМІ праца Шарыя ў YouTube выглядала цалкам нядрэннай публіцыстыкай.

Як і для многіх іншых журналістаў ва Украіне, для Шарыя стаў натуральным пераход з медыя ў палітыку. І праект яго імянной партыі стаў лагічным развіццём гэтага трэнду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?