Франц Сіўко.

Франц Сіўко.

Франц Сіўко. Дзень бубна. — Мінск: Логвінаў, 2008. Кнігарня «Наша Ніва», 2008, 276 с.

Спачатку мне трохі муляла мова Франца Сіўко, калі я стаў чытаць ягоны «Дзень бубна». Як на мой густ, у ёй замнога паланізмаў або такіх слоў, што гучаць як паланізмы. Але потым мне падумалася, што там, дзе аўтар вырас — у каталіцкім асяроддзі на Віцебшчыне — яго мова можа быць значна больш натуральная і не такая ўжо і «польская», якой яна чуецца ў маіх беластоцкіх вушах. Потым фабула зацягнула маю ўвагу настолькі, што мова адышла ўжо на другі план.

«Удог» і «Дзень бубна» — гэта дзве аповесці у кніжцы, якія аўтар назваў прыпавесцямі. Ёсць яшчэ і трэцяя, якая класіфікавана аўтарам як аповесць. Я хачу звярнуць увагу чытачоў «Часопісу» менавіта на гэтыя дзве прыпавесці.

«Удог» — змрочная і цяжкая гісторыя пра нацыянальнае пракляцце, пра атручаныя цела ды дух нацыі. Гісторыя пачынаецца пралогам, у якім дзеянне адбываецца ў 1831 годзе.
Група касінераў з усходнебеларускай вёскі імкнецца далучыцца да антырасейскіх паўстанцаў, але расейская настаўніца Пелагея поіць іх атручанай самагонкай. Пакуль касінеры спяць, Пелагея саджае ў вёсцы расліну ўдог — ні то куст, ні то дрэва — якая і дае атрутныя ягады.
Касінеры на другі дзень рана пракідваюцца ды хапаюць свае косы, але замест таго, каб прабірацца далей да паўстанцаў, у прыпадку тупога, дзікага шалу пачынаюць нішчыць усё кругом сябе.
А атрутная расліна за ноч паспявае распусціць ні то лісцікі, ні то іголкі і застаецца расці ў вёсцы.
Далей аўтар пераносіць чытача ў 60—70‑я годы ХХ стагоддзя, у тую самую вёску. У вёсцы з’яўляецца нашчадніца Пелагеі, Наталля, якая таксама ведае пра страшную моц расліны і таксама, як яе прабабка, ненавідзіць тутэйшы народ.
Аднойчы яна таксама выціскае з ягад удогу атрутны пачастунак для людзей з вёскі. Удог за сто з гакам гадоў паспеў тут добра разрасціся… У маім пераказе сімвалізм прыпавесці можа падацца замала рафінаваным, але сіла твору не ў сімвалізме, а як раз у яго жорсткім рэалізме. Сіўко паказвае нацыянальную дэгенерацыю і ганьбу праз трывожныя драбніцы штодзённасці.
«Дзень бубна» можна назваць беларускім прыкладам літаратуры фэнтэзі.
Дзеянне адбываецца ў краіне, якая называецца Азёрная Цюханія. Галоўны ваявода падымае свой калгасны народ на вайну супраць вугроў. Па афіцыяльнай версіі, вугры нішчаць палі з гарохам, які з’яўляецца нацыянальнай ежай цюхаў — насельнікаў Цюханіі.

Падзеі раману паказаны аўтарам з двух пунктаў глежання: адзін пункт гледжання — гэта погляд працаўніцы рыбалоўнага калгасу Кіці, а другі — погляд вугрыхі Стужкі, якая жыве ў тутэйшым возеры. Далей расказваць, што там адбываецца, не буду, каб не псаваць задавальнення будучым чытачам. Скажу толькі, што лёс абедзвюх гераінь — Кіці і Стужкі — акрэсліцца ў «эміграцыі», дзе абедзве зразумеюць, што найважнейшы сэнс іх існавання — даць жыццё іншай істоце, каб прадоўжыўся колазварот жыцця.

Ян Максімюк; з падляскага арыгіналу з svoja.org пераклала ПК

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0