27.07.2019 / 01:16

«Аляксандр Рыгоравіч, не ідзі на аб’яднанне з Расіяй!» Агнявое інтэрв’ю з уласнікам «Дарыды», мільянерам Уладзімірам Дзялендзікам 51

За свае 66 гадоў беларускі бізнэсмен Уладзімір Дзялендзік паспеў шмат: пабудаваць буйную кампанію «Дарыда», стварыць аднайменны футбольны клуб, два тэрміны адпрацаваць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў… Нядаўна Дзялендзік з’явіўся ў СМІ праз сумную нагоду — ён на сваім «Ягуары» трапіў у ДТЗ, у якім загінула жанчына. Дзялендзік цалкам прызнаў віну, кампенсаваў усе выдаткі пацярпелым, і ў выніку суд амніставаў бізнэсоўца. Пра гэта і шмат пра што яшчэ Уладзімір Дзялендзік распавёў у вялікім інтэрв’ю «Нашай Ніве».

Журналістаў ён прымае ў сваім працоўным кабінеце на «Дарыдзе». Апрануты вельмі сціпла — статус выдаюць хіба толькі масіўны гадзіннік і беласнежныя красоўкі «Louis Vuitton». Дарэчы, красоўкі і цішотка той жа маркі на Уладзю, унуку бізнэсоўца, які таксама прысутнічае ў кабінеце падчас гутаркі разам са сваімі бацькамі: Наталляй, дачкой Дзялендзіка, і яе мужам-каталонцам Адрыяна.

 

Уладзімір Дзялендзік: З чаго пачнем размову? Эканоміка, бізнэс, палітыка?

«Наша Ніва»: Пачнем, можа, з бізнэсу? Вы казалі, што ўжо не дырэктар «Дарыды», што паўнамоцтвы ў вашай дачкі. Чым тады займаецеся цяпер?

УД: Я не дырэктар, але я заснавальнік. Што такое «Дарыда»? Сёння мы экспартуем не толькі ў Літву, але і ў Іспанію. Будзеце ў Іспаніі, то ўбачыце ў гандлёвых сетках нашы напоі: у Барселоне, вакол Барселоны і амаль па ўсёй краіне.

І вось «Дарыда» паднімаецца, прыносіць карысць у першую чаргу Рэспубліцы Беларусь, ну і ў тым ліку свайму ўласніку. 

Мая дачка — заснавальніца. Калі я быў дэпутатам, то не меў права карыстацца акцыямі. Але дачка жыве за мяжой [у Іспаніі — НН]. Адпаведна, хто тут сочыць за ўсім? Яе бацька.

Дачка замужам за іспанцам, яна займаецца прасоўваннем нашай прадукцыі на іспанскі рынак. І зяць дапамагае. Заходні рынак вельмі складаны, сёння беларускую прадукцыю там не знойдзеш. Але мы ў гэты рынак увайшлі, і ўвайшлі надоўга. Ужо там зарабляем.

[У Беларусі] ёсць прызначаны дырэктар. Я кансультую і займаюся развіццём бізнэсу, бо развівае яго заўсёды ўласнік.

«НН»: І якое апошняе важнае рашэнне вы прынялі?

УД: Запусцілі новую марку вады. Я дапамагаю з прасоўваннем у Іспаніі. Далейшую сітуацыю пакіну без каментароў: у мяне шмат чаго ёсць, не толькі «Дарыда», але і іншыя бізнэсы. Пра іх СМІ пакуль не ведаюць, ведаюць толькі дзяржорганы.

«НН»: Адкрылі б таямніцу.

УД: Не асабліва хачу каментаваць. Але, акрамя «Дарыды», ёсць яшчэ два бізнэсы, і яны не малыя.

«НН»: Але прыкладна, што гэта? Крыптавалюта?

УД: Не, я займаюся толькі той эканомікай, якая дае працоўныя месцы людзям. Я скажу так: сфера паслуг. Ёсць і гандаль, невялікая сетка… І лагістычны цэнтр адкрыю буйны.

«НН»: Сетка крамаў?

УД: Астатняе пакінем за бортам. Далей хочаце самі шукайце, хочаце — не. Але я вам сказаў чыстую крыштальную праўду.

«НН»: Добра. Раскажыце тады, як ад вясковага хлопца прайсці шлях да ўласніка «Дарыды» і яшчэ некалькіх бізнэсаў? Вы пачыналі з кінамеханіка «салігорскай раённай перадзвіжкі». Сёння, напэўна, ніхто і не ведае, што гэта.

УД: Хачу сказаць, што я пастаянна бываю на малой радзіме. Апошні раз быў месяцы два таму.

Няма там у мяне нічога і нікога, ужо нават сваякоў не засталося. Але я прыязджаю з настальгіяй. У нас добры вялікі аграгарадок Зажэвічы, у Салігорскім раёне. Амаль як горад: вуліца, на якой я калісьці жыў, даўжынёю 10 кіламетраў. А там дзесяць такіх вуліц!

Дык вось, што такое кінамеханік. На конях ці на грузавіку калгас вазіў па вёсках апаратуру. Я прыходзіў, расстаўляў і ўключаў апаратуру ў клубе. Ну і там ужо дзеці прыбягалі: хтосьці бясплатна заскочыць, тое-сёе… А я ж чалавек па жыцці добры.

«НН»: Кінамеханік — гэта была «блатная» праца?

УД: Гэта быў аўтарытэт. Вяскоўцы заказвалі, што прывезці. А прывозіў жа, тое, што давалі. І пасля дамаўляешся, каб табе далі найхутчэй нейкі новы фільм, які нядаўна выйшаў.

«НН»: Адпаведна, і самі глядзелі. Што найбольш падабалася?

УД: Я заўсёды любіў — і па сёння люблю — гістарычную ці ваенную тэматыку, палітычную…

Увогуле, маё вясковае дзяцінства было выдатнае: басанож пабегаць па зямлі, паплаваць у рацэ… А пасля я ўжо паехаў у горад вучыцца, ажаніўся…

«НН»: А чаму вы не засталіся ў вёсцы, а вырашылі з’язджаць?

УД: Усе марылі ў горад выехаць. Каб я быў тупы чалавек, неадукаваны, то стаў бы механізатарам, а не стаў бы бізнэсменам, дэпутатам… Але Госпад Бог даў мне розум ці нейкія іншыя якасці, ну і вось, сяджу тут, з вамі размаўляю.

«НН»: То бок калі застаўся механізатарам — значыць, тупы?

УД: Не тупы, але малаадукаваны чалавек. Не тупы, я выбачаюся за гэтую фразу. Я сказаў гэта пра сябе, пра людзей я не маю права казаць, што яны тупыя.

***

«НН»: Дык а як пачынаўся бізнэс?

УД: Здарылася адна гісторыя — нікому не расказваў, упершыню вам раскажу.

Яшчэ да «Дарыды» з’явіўся ў мяне аўтамабіль.

Тады было прыватнае таксі, кааператыўнае. Толькі-толькі з’яўлялася. Я працаваў інжынерам у Інстытуце мікрабіялогіі і на таксі падпрацоўваў.

«НН»: Але ж тады машына была рэдкасцю, прычым не таннай.

УД: На машыну пайшлі і мае грошы, і цешча дапамагла, і сям’я…

Карацей, стаю я каля вакзала, чакаю пасажыра. Ідзе адзін, са скрынямі.

Пытаюся: «Куды ехаць?»

Ён адказвае: «Не ведаю, куды ехаць, куды адвязеш».

Кажу, ну сядай, будзем вырашаць.

Аказалася, гэты пасажыр вёз спіртамеры з Санкт-Пецярбурга. Гэта карысны прыбор быў, самагонку мераць, гарэлку, ніхто ж не ведаў, колькі дакладна градусаў.

Кажа, давай іх прадаваць з табой.

Кажу: ну давай.

Павёз яго на базар. І гэтыя спіртамеры ў нас разляцеліся з хуткасцю гуку. Адзін 5 рублёў каштаваў. За дзень мы іх напрадавалі столькі, што амаль хапіла б на «Жыгулі».

Частку грошай яму трэба было вярнуць у Пецярбург, але і мы зарабілі. Ну вось з такога бізнэсу я і пачынаў.

Затым сабралася кампанія, выпускалі ўгнаенні, каб кветкі саджаць, агуркі. Але пасля паміж сабой усе перасварыліся… Ну і я пайшоў шукаць далей сабе хлеб, шукаць сабе бізнэс.

А ў Беларусі была крытычная сітуацыя з продажам тэхнікі. Тады Дзялендзік — вось такі, якога вы бачыце, толькі малады, сеў і пакаціў шукаць, дзе ж прадаваць тую тэхніку. Дабраўся да Арэнбурга, там трапіў нават да губернатара Ялагіна… Пачаў прадаваць тэхніку на Расію. Адпраўлялі «МАЗы» на Расію, тут паркоўка была.

А побач санаторый «Крыніца». Там лячылі калісьці алкашоў ад гэтай справы. Пасля запояў мінеральная вада чысціць усе вантробы.

І я ведаў пра гэтую ваду. Прабурыў свідравіну, запусціў першы цэх.

З гэтага і пачалася будавацца «Дарыда», я ў яе паціху ўкладваў грошы.

«НН»: Сёння модны выраз «ліхія 90-я». Сапраўды былі ліхія для вас?

УД: Ох… (уздыхае). Больш, чым «ліхія», лепш іх не ўзгадваць.

Але ў мяне аховы ніколі не было. Ніколі! Хаця разборак было навалам.

«НН»: Напрыклад?

УД: Пра такога «Шчаўліка» чулі? Царства яму божае, дзе ён там падзеўся, я не ведаю [Беларускі злодзей у законе Уладзімір Клешч па мянушцы «Шчаўлік» знік у снежні 1997 года — НН]. У 90-х на Маякоўскай быў рэстаран, дзе групоўкі збіраліся. У «Шчаўліка» свая групоўка была, у іншых — іншыя…

І была такая гісторыя. Прыехалі на нашу стаянку людзі, збілі вартаўнікоў, забралі некалькі МАЗаў і прадалі кудысьці. Мы высветлілі, хто гэта. Нас тады можна было і саміх у турму саджаць, бо мы мелі газавыя пісталеты, дарэчы… Але мы знайшлі, хто нас абакраў, вярнулі сваё. І пасля сабралі сваю каманду і не давалі да нас лезці бандытам. Ну і абапіраліся трохі на сілавыя структуры.

«НН»: Былі знаёмствы сярод сілавікоў?

УД: Тады і сілавікі каму хочаш служылі… І сам не ведаў, як той казаў, якому богу служыць. І тыя, і тыя рабавалі, і белыя, і чырвоныя.

«НН»: Ці былі выпадкі, каб вашаму жыццю пагражалі?

УД: Не было такога. Я дыпламатычна разбіраўся.

«НН»: Але ж газавы пісталет насілі.

УД: Легальна! У мяне доўга быў пісталет, я яго пару гадоў таму здаў.

«НН»: Кожны дзень насілі з сабой пісталет?

УД: Тады, у 90-я? Так, кожны дзень.

«НН»: Хоць раз прымянялі яго?

УД: Ніводнага разу.

«НН»: А адціснуць бізнэс у вас не спрабавалі?

УД: Адціснуць — не. Але ж «карміць» трэба было ўсіх навокал — вось гэта было.

«НН»: Папулярная версія, што ў 90-я ўсіх крымінальных аўтарытэтаў дзяржава знішчыла фізічна. На вашу думку, гэта гарадская легенда ці праўда?

УД: Я на 100% веру, што так магло быць. І трэба было б. Бо іх і сутыкалі лбамі паміж сабою, каб яны самі сябе знішчылі. І гэта правільная палітыка была. Шмат хто перайшоў у легальны бізнэс, перагледзеўшы свае прынцыпы і погляды. З крымінальнікаў пацярпелі недальнабачныя людзі.

***

«НН»: А як вы ўспрынялі развал СССР?

УД: Я ставіўся да гэтай сітуацыі па-добраму. Бо мусіць быць усё ж самастойная беларуская дзяржаўнасць.

Я і сёння так лічу.

Стаю за дзяржаўнасць Рэспублікі Беларусь. І зараз публічна звярнуся да Аляксандра Рыгоравіча і прама скажу: «Аляксандр Рыгоравіч! Не здавайся! Не ідзі на адзіную валюту! Не ідзі на аб’яднанне з Расіяй, мы мусім жыць самастойна!»

Сёння яго [Лукашэнку] ўся апазіцыя абароніць, калі толькі ён адстаіць свой гонар і годнасць і не аддасць дзяржаўнасць у нейкія рукі.

Вось давайце падумаем — што Пуціну перашкаджае проста сябраваць? Вось вы мне адкажыце — што перашкаджае? Што, трэба Савецкі Саюз стварыць зноў? Што, трэба, каб мы ў складзе Расіі былі? Калі ласка ж, мы супрацоўнічаем, давайце жыць, працаваць, межы вашыя мы абараняем, на адной мове размаўляем… Не было б і гэтай Украіны, каб Пуцін не палез туды. Я супраць таго, каб лазіць у чужы агарод.

Вам ніхто такога можа не скажа, але я скажу смела і адкрыта: не трэба лезці ў чужы агарод! І Украіна была б мірная, каб не… Гандлюй, хадзі ў госці адно да аднаго, сустракайся…

Я за дзяржаву Беларусь стаю! Мы прывыклі ўжо да дзяржавы сваёй, любім яе і кожны кут у ёй ведаем. І свой рубель ведаем! І ён нам пасуе. Худа-бедна, бывала і горш… Але перажылі ж! Перажываем! Вось маё меркаванне.

«НН»: Але чаму Расія ва Украіну палезла, а да нас не лезе? Бо Украіна радыкальна адвярнулася ад Расіі?

УД: Бо ў нас разумны прэзідэнт! Ён вядзе правільную палітыку. Але ціск на яго каласальны! Каб быў хто іншы, нават каб я такі Дзялендзік быў бы, то мог бы і зламацца! Гэта трэба, каб чалавек быў сур’ёзны і з сілай волі. Бо ціск ідзе. Яны чым нас шантажуюць: эканамічна. Але перажывём, я вам кажу. Нават калі Расія нам паставіць 300 даляраў за тысячу кубаметраў газа — ды пражывём мы!

Таму калі пойдзе такая сітуацыя, то трэба правесці рэвізію нашых прадпрыемстваў, заняцца энергіяй, каб не праядалі гэты газ без карысці. І выпускаць прадукцыю пад замову, не на склад выпускаць, а тое, што прадаецца.

А беспрацоўным дайце зямлю. Столькі зямлі ж! Дайце людзям, не бярыце падатак, хай вырошчваюць часнык, цыбулю. Хай яны на сябе працуюць.

«НН»: Але атрымліваецца, што Беларусь мусіць выбіраць з кім сябраваць: ці толькі з Еўропай, ці толькі з Расіяй? На двух крэслах жа не ўтрымаемся.

УД: А мы і не сядзім на двух крэслах.

«НН»: Больш сядзім на расейскім?

УД: Не! Прэзідэнт займае такую пазіцыю сёння, бо расіяне для нас — блізкія людзі. І прэзідэнт наш пераконвае расійскую алігархію: давайце нармальна, чаму вы нас шантажуеце газам, чаму малако не хочаце браць, мяса? Тым больш, што мы Еўразійскі саюз стварылі.

Прэзідэнт вядзе дыялог. А за спіною Пуціна сядзяць людзі, якія не хочуць гэтага, а хочуць праглынуць усё, што можна.

«НН»: А Еўразійскі саюз — гэта правільны крок?

УД: Ну гледзячы на першапачатковыя дамоўленасці, калі ўсе роўныя, то канечне, гандлюй свабодна.

Але сёння ідзе палітычная гульня — зламаць Беларусь у склад Савецкага Саюза ці Расіі. Расія хоча падмяць пад сябе Беларусь цалкам. Дык мы абараняемся. Чаго вы хочаце? Давайце сябраваць.

Ніхто ж не перашкаджае расійскай уладзе весці дыялог. А яны: дайце адзіны рубель! Навошта? У нас свая валюта.

Еўропа вунь уся ваюе…

У мяне зяць каталонец — ён за Пучдэмона! Ён нацыяналіст! Ён за тое, каб аддзяліцца!

«НН»: Да Адрыяна, зяця Дзялендзіка: А чаму вы за незалежную Каталонію?

Адрыяна: Эканамічны фактар. Каталонія будзе больш паспяховай асобна ад Іспаніі. Не хутка, не адразу, але праз 7—8 гадоў будзе нашмат лепш, чым сёння.

«НН»: Наколькі рэальна атрымаць незалежнасць каталонцам?

Адрыяна: Пакуль нерэальна. Але ў будучыні будзе, раней ці пазней.

Дзялендзік: А навошта нам Расія? Навошта? Я ведаю, што сёння ўсе цалкам падтрымліваюць прэзідэнта і абарону суверэнітэту.

***

«НН»: Працягнем пра палітыку. Вы былы дэпутат парламента. Чаму сёння не ідзяце [на выбары]?

УД: Я надта прамы чалавек. Дэпутату трэба быць гнуткім.

Напрыклад, я казаў тады і сёння кажу: калі адменяць прыгоннае права для чыноўнікаў, артыкул Крымінальнага кодэкса пра перавышэнне паўнамоцтваў? Пакуль яго не адменяць ці не зробяць больш мяккім, чыноўнікі будуць ціха сядзець, бо нельга ж крок налева ці направа зрабіць. Памідорка гніе, ён яе не можа прадаць! Бо паставяць «перавысіў паўнамоцтвы» — і ўсё, ідзі ў каталажку.

І выступаю, каб чыноўнікам далі волю. Крадзе? Хабар бярэ? Тады так, саджайце ў турму, з гэтым трэба змагацца.

«НН»: А калі саджаюць, як вы кажаце, у каталажку, а пасля праз паўгода выпускаюць і адпраўляюць калгасам кіраваць?

УД: Ну, гэта я не буду каментаваць, не надта дасведчаны. Але дактароў, асабліва добрых спецыялістаў, трэба выпускаць праз нейкі час. Добрых дактароў трымаць за кратамі, гэта, можа, і злачынства. Не ўсіх, але хаця б найлепшых варта памілаваць.

«НН»: Калі зайшла гутарка пра крымінал: а звышжорсткія тэрміны за наркотыкі?

УД: За наркотыкі трэба сур’ёзна караць. Ёсць і правакацыі, напэўна, трэба глыбока разбірацца. Але тых, хто прадае, трэба караць па поўнай праграме.

«НН»: Караць — маеце на ўвазе найвышэйшую меру?

УД: Не, маю на ўвазе саджаць. Я лічу, што смяротнае пакаранне трэба адмяніць. Хай чалавек жыве і выкупляе свае дзеянні.

«НН»: Вернемся да вашай працы ў парламенце. У старым інтэрв’ю вы казалі, што вам дэпутацтва не прыносіла задавальнення.

УД: Спачатку прыносіла, пасля — не.

«НН»: А навошта ж вы туды пайшлі?

УД: Каб змяніць сістэму. Але для гэтага трэба ствараць кааліцыі. Інакш не прасунуць нічога. Але калі не думаючы людзі галасуюць, то не зменіш нічога. Трэба ісці з канструктыўнымі прапановамі. Не ісці, як некаторыя: «Вось Лукашэнка там чорт яго ведае што!». Дык а Лукашэнка ж хоць пабудаваў палацаў, ператварыў гарады, худа-бедна, але зрабіў Беларусь унікальнай, зрабіў еўрапейскай краінай.

Ці не? Можа вы, апазіцыянеры, і інакш лічыце. А я думаю, што ён унёс лепту…

Вось мне не трэба яму дупу лізаць. Я на пасаду не прэтэндую. Таму я кажу, як яно ёсць!

А калі недзе і пабудавалі паказушны гарадок, які развальваецца, то гэта ж не ён пабудаваў. А хтосьці пабудаваў, каб выслужыцца.

Правільна вы пішаце: нельга прэзідэнту хадзіць каровам хвасты падвязваць… Дык а хто? Хто акрамя яго?

Хто ж будзе кіраваць? Той, хто думае, як грошай скрасці? Дык правільна ён [Лукашэнка] іх!

«НН»: Але што за сістэма, калі без прэзідэнта не могуць гаўно з-пад каровы прыбраць?

УД: А шмат сёння адбярэш разумных высокаразвітых людзей?

Я вам скажу як кіраўнік «Дарыды»: шукаў памочніка, дай Бог, каб з сотні можна было аднаго нармальнага выбраць!

Трэба, відаць, як у бальшавікоў раней было: вырошчваць спецыяліста паступова, па ступенях навучання. А ў нас няма гэтай школы.

Стварылі Акадэмію пры прэзідэнце. Прэзідэнт грукаў кулаком, дзірку ў стале прабіваў: стварыце нармальную Акадэмію! Але што, ён сам там будзе сядзець кіраваць ёю?

Няма на каго абаперціся! Менталітэт людзей у нас яшчэ такі — прынясе хтосьці на талерцы. Таму яму [Лукашэнку] і прыходзіцца паўсюль запрагацца!

Гэта персанальна маё меркаванне. Я не падлізваю нікому!

«НН»: Падчас працы ў парламенце вы ўсё ж дамагліся нейкіх пераменаў, якіх хацелі?

УД: Я выступаў супраць выплат у канвертах, дзяржава пачула. Таксама я настойваў, каб праводзілася аналітыка — бо закон ствараецца, а падзаконныя акты ці іншыя законы яму супярэчаць. А гэта ж і стварае карупцыю!

«НН»: Зараз жа якраз ідзе хваля барацьбы з карупцыянерамі. А што трэба, каб карупцыі не было? Заробкі падняць чыноўнікам?

УД: Канечне, заробкі! Але пакуль заканадаўчая база буксуе, гэта і схіляе чалавека, спакушае яго.

Толькі заробкі — мала, трэба заканадаўчую базу мяняць.

І трэба, каб у чыноўніка пенсія была вялікая. Калі ён будзе ведаць, што яго чакае пенсія тысяча ці паўтары даляраў, то будзе думаць: нафіг мне гэтыя сто даляраў хабару, я ж згублю пенсію, згублю ўсё!

«НН»: Як былы парламентарый як вы ацэніце спрэчныя законы, якія прынялі сённяшнія дэпутаты? Дэкрэт супраць дармаедаў, напрыклад?

УД: Абсурд.

Бо не трэба трымаць на заводах лішніх людзей. Трэба выпускаць столькі, колькі можам прадаць, я ж ужо казаў. Гэта ж уплывае і на кошт прадукту: бо трэба ж усім работнікам хоць трохі заплаціць, адпаведна, тавар прадаецца даражэй.

Абсурд. Гэты закон трэба адмяніць і забыць, яго катэгарычна нельга прымяняць.

Я не ведаю, хто прыдумаў гэты закон — Шчоткіна ці хто. Але гэта аплявуха прэзідэнту, гэта раздражняе толькі людзей супраць прэзідэнта.

Нават калі беларус працуе за мяжой, грошы ён вязе сюды! Я быў у Кітаі, там кажуць так: «Дзе б кітаец ні працаваў, карысць ён нясе толькі сваёй дзяржаве».

Ну а калі не працуе, то і хай не працуе. Хай сядзіць!

«НН»: Другі закон — нядаўні, пра адтэрміноўкі ад арміі падчас вучобы.

УД: Можа на мяне ўлады пакрыўдзяцца, але скараціць сілавыя і ўзброеныя структуры трэба. У нас моладзь і так малаадукаваная…

Але два разы адтэрміноўку даваць — я супраць. Калі ён увесь час вучыцца: то так, то завочна… Я супраць. Войска патрэбнае.

«НН»: А вы самі служылі?

УД: Я не служыў. Па стане здароўя.

«НН»: Вы не служылі, але лічыце, што служыць хлопцы павінныя.

УД: Так.

«НН»: Абавязкова?

УД: Абавязкова.

«НН»: На паўтара года. Васямнаццацігадовага хлопца.

УД: Як вы ні кажыце, трэба, каб навучанне ён прайшоў, каб дысцыпліна была, каб не ламалі вокны і дзверы і гэтак далей. Дысцыпліна трэба, каб была, так ці не?

І ў любой краіне існуюць сілавыя структуры, паўсюль, гэта стабільна трэба.

А вы мне, напэўна, хочаце прапанаваць кантрактнае войска? Дык краіна яшчэ не гатовая. Вернемся да палітыкі. Нас не адпускае Расія, вы ж бачыце, цісне і цісне, рознымі метадамі.

Каб Расія не ціснула, можа, мы б калі-небудзь і перайшлі на кантрактнае войска. Але ёсць палітычныя інтрыгі, якія граюць вялікую ролю.

Паглядзіце на Украіну — там ідзе нагнятанне. А іх бандэраўцы і нацыяналістычныя групоўкі могуць уварвацца куды хочаш.

А незадаволеныя прэзідэнтам, калі яны сюды зброю ўцягнуць, і так зробяць, што мы тут разню зладзім паміж сабой? Вось такога і трэба баяцца.

«НН»: Украіна там сама з сабою не можа разабрацца. Але пра ціск Расіі: вы лічыце, што нашы салдаты тэрміновай службы, якія па паўгода траву фарбуюць…

УД: Ды якая разніца!? Усё роўна Пуцін пабаіцца!

Ён можа Кіеў заняць за хвіліну, але ж вы разумееце, чым скончыцца, калі народ супраць. Яны з Чачнёй не маглі справіцца.

Ды і калі б штосьці здарылася, то на Пуціна ўвесь свет бы ашчэрыўся, а нас абараняла б Літва, Польшча, і далі б і нафту, і газ. Суседзі дапамогуць, упэўнена кажу.

Ніхто не хоча, каб мы ішлі ў залежнасць.

***

«НН»: Вы казалі ў старым інтэрв’ю: «Я з асалодай размаўляю на беларускай мове, я паляшук». Чаму ў нас беларуская мова ў заняпадзе?

УД: Я сам ужо прывык на трасянцы, таму размаўляю як размаўляю. Але за мову беларускую я стаю грудзьмі, разарваў бы кашулю! Увесь народ заклікаю праз ваша выданне — давайце беларускасць любіць! Заклікаю беларусаў на мове размаўляць, каб беларусамі шчырымі былі!

Пакуль людзі саромеюцца. У нас жа 70 гадоў забівалі беларускую мову — ЦК КПСС і Савецкі Саюз. Але моладзь сёння паступова пераходзіць. З часам сітуацыя выправіцца, я на 200% упэўнены.

Калі, канечне, мы пад Расію не пяройдзем. Тады, канечне, русакі будуць нам казаць: чаго гэты вы, лапатнікі, будзе гаварыць на беларускай мове? Але я не думаю, што Рыгоравіч здасца.

***

«НН»: Як вы ацэньваеце свой фінансавы стан?

УД: У мяне за мяжой капіталу няма. Мае нашчадкі атрымліваюць на жыццё нармальна, але харомаў там не маюць. Здымаюць дом, бо сям’я вялікая.

У мяне ёсць сябры мільярдэры. Дык яны жывуць гэтак жа, як і я. Яны лятаюць на сваіх самалётах, я лятаю бізнэс-класам. Але якая розніца?

«НН»: Але ж вы мультымільянер, можна так сказаць?

УД: Можна так.

«НН»: Гаворка ідзе пра дзясяткі мільёнаў даляраў?

УД: Калі ацаніць, то, канечне, дзясяткі мільёнаў. «Дарыда» сёння каштуе да 50 мільёнаў еўра.

«НН»: Была нейкая рэч, на якую ну вельмі шмат патрацілі?

УД: Я шмат выдаткаваў на футбол. [Дзялендзік — стваральнік і ўласнік футбольнага клуба «Дарыда». Сёння каманда ўжо не існуе — НН] Стадыён пабудаваў, яго, праўда, развалілі.

І сёння я падтрымліваю. «Дынама» і яшчэ адну каманду паю вадою. Падтрымліваю дзіцячы дом. Дапамагаю і бедным. На той свет усё не забярэш.

«НН»: Вы сябе лічыце беларускім алігархам?

УД: Не. Я іх усіх ведаю, я з імі ў нармальных адносінах. Але я — сялянскі мужык.

«НН»: А хто тады алігархі? Шакуцін? Чыж?

УД: Ды кіньце вы! Яны голыя ходзяць! Хто перакрэдытаваны, хто залез у каласальныя грошы…

Ёсць людзі багатыя, і без крэдытаў, без дзяржпадтрымкі… Рэальныя людзі, якія правільна паставілі бізнэс, правільна працуюць. Можа і не алігархі, але багатыя людзі.

Але я не буду іх называць.

А Юра Чыж ужо штаны ледзьве носіць. Не крыўдзіце яго, яго і так шмат мусіруюць… А ён і так, бедны, напакутаваўся.

«НН»: Ну не дзіўна, калі яго сапраўды затрымалі падчас уцёкаў у бок літоўскай мяжы.

УД: Да ладна, бог з ім. Яны ўсе самі сабе разбамбілі бізнэсы.

«НН»: А сёння ў Беларусі ёсць сярэдні клас?

УД: Няма. Усе сярэдні клас, прымітыўна кажучы. Багатых — ну можа, адзін працэнт.

А зусім бедных ці такога сярэдняга класа… Няма.

«НН»: Гэта плюс ці мінус?

УД: Гэта дрэннавата.

«НН»: А што зрабіць, каб сярэдні клас з’явіўся?

УД: Я ж казаў. Патрэбная рэвізія эканомікі, трэба даказаць патрэбнасць такой рэвізіі прэзідэнту і ўсім.

***

«НН»: Раней вы казалі, што з апазіцыйных палітыкаў вам ніхто не падабаецца. Штосьці змянілася сёння?

УД: Я ведаю іх гнілую палітыку і як яны сябе паводзяць.

А сёння я і не ведаю нікога. Возьмем, ну, дэпутата Канапацкую. Ну які з яе канструктыўны апазіцыянер? Брахаць хадзіць? Гаў-гаў-гаў? Я супраць. Калі выступаеш, то напішы праграму, як хочаш змяніць краіну: што зробіш, дзе прыцягнеш інвестыцыі. А «гаў-гаў-гаў, давайце выбары памяняем»… Ну прыйдзе час, раней ці пазней, калі стабільна будзе. У нас сёння праблема жа з Расіяй. Як сёння аддаць [уладу], што будзе? Як ва Украіне будзе.

А хто прыйшоў да ўлады ва Украіне? Яўрэі! І яўрэі паміж сабой дзясяты год ілбамі стукаюцца, не могуць разарваць кармушку! І будуць працягваць!

Вось што добрага ва Украіне? Яўрэі ваююць! Прабачце за грубае слова.

«НН»: А вы такі побытавы антысеміт, атрымліваецца.

УД: Нуу… Не ведаю, што паляціць у мой бок, калі апублікуеце мае словы. Але ж яўрэі насамрэч паміж сабою ваююць. Гэта ж не схавана.

Але я думаю, што нашы беларускія яўрэі на мяне не пакрыўдзяцца, таму што яны нармальныя ўсе яўрэі. Нашы разумна вядуць сваю палітыку, не лезуць.

«НН»: А як вы ставіцеся да рэстарана «Паедзем, паядзім», дарэчы? Гэта той, што побач з Курапатамі.

УД: Я лічу, што забаўляцца там не трэба. На могілках я б музыку не ўключаў. А калі людзі хочуць паесці спакойна — то хай ядуць. Калі ў яго не баліць на могілках штосьці рабіць — то лічу так.

***

«НН»: Ваша цытата з інтэрв’ю «Народнай волі»: «Жанчыны ў нас пасля 40 за сабою не глядзяць»…

УД: Гэта дакладна. Як хочацца, каб жанчыны за сабою глядзелі! Яны ж і на вёсках, і паўсюль свае торбы возьмуць, шапку нацягнуць і ідуць, і ты думаеш — ёлкі зялёныя, колькі ж табе гадоў?! А ёй толькі 40 гадоў…

«НН»: Але ж тое, бо не хапае грошай, а не таму, што няма жадання.

УД: Ды не грошай! Усё адно жанчына мусіць надаваць сабе ўвагу, нават за капейкі! У нас такія шмоткі прыгожыя…

Вось возьмем іспанскіх жанчын. Яны адзяваюць шмоткі простыя, але прыгожанька. Маечку адзявае ці кофтачку і ідзе, ганарыцца. Дык і ў нас, адзень ты гэтую кофтачку прыгожа, чуб начашы расчоскай і шмат табе не трэба! А ісці як бабуля, нават губы не пафарбаваўшы: «Чаго ж ты да мяне прычапіўся? Мне ж ужо 40 гадоў! З мужчынамі не сплю!»… Кепска гэта.

Жанчыны сябе рана ў старасць заганяюць. Гэта крый божа.

Гэта не ад беднасці, а ад культуры і адукацыі. Пра гэта трэба па радыё, па тэлевізары гаварыць…

«НН»: З жанчынамі за 40 зразумела. А моладзь вам як?

УД: Дэградуе моладзь. Я ж казаў, што немагчыма супрацоўніка знайсці. Асобу знайсці цяжка. Высокаадукаваных людзей знайсці праблематычна, статус адукацыі трэба падымаць, перабудаваць універсітэты, каб і рэктары, і выкладчыкі былі сучасныя, адукаваныя. Трэба выходзіць на кантакт з Еўропай, пераймаць вопыт адусюль.

***

«НН»: Раней вы не хацелі гаварыць на гэтую тэму. Можа, сёння ўжо прыспеў час? Хачу спытаць пра смерць сына. Гэта было забойства? Наркотыкі?

УД: Я ж казаў, што за наркотыкі я б саджаў на вялікія тэрміны.

Вось гэтая сітуацыя адбылася. Ён прыняў наркотык не той якасці.

«НН»: Спайс?

УД: Не. Тады яшчэ не было спайсаў.

Яму прадалі нейкі сурагат у горадзе, прыйшоў дадому, увечары прыняў… Раніцай знайшлі ў ложку.

Ён перыядычна ўжываў, не пастаянна. Я вазіў яго, лячыў, але безвынікова.

«НН»: Колькі было сыну?

УД: 25 гадоў.

«НН»: Прабачце за такое пытанне: але гэта здарылася ад таго, што было зашмат грошай? Залатая моладзь, усякае такое?

УД: Яго ўцягнулі сябры. Ён сам расказваў, што прапаноўваў ім — давайце я вам лепш гарэлкі куплю! Але…

Ён часам саскокваў, бывала, год не калоўся. Затым ізноў…

Наталля, дачка Уладзіміра Дзялендзіка: Час быў такі. Сёння гэтага б не адбылося. Тады быў час без кантролю.

УД: І ў мяне як у бацькі не было часу пракантраляваць. Калі я даведаўся, ужо цяжка было выводзіць яго з крызісу.

І Вяснянка тады быў такі раён, куды ўвесь зброд з’ехаўся. Так атрымалася… І сябры, якія яго і ўцягвалі, даўным-даўно ляжаць на могілках.

***

«НН»: Пра ДТЗ з вашым удзелам ужо шмат пісалі. У выніку вы трапілі пад амністыю — але перад прысудам ці было вам страшна?

УД: Не тое каб страшна… За тое злачынства не думаю, што мяне б у клетку пасадзілі б. Заслуг у мяне хапае, ну далі б мне тры гады з адтэрміноўкай, ці чатыры, ці колькі… Больш нічога мне б не было. Але дарагое ж іншае.

На душы і тады, і сёння — я чалавека загубіў. Гэта самы цяжкі боль. Я ж адразу ўзяў віну — пасля, калі я крымінальную справу падпісваў, нават не стаў чытаць. Ні свае паказанні не перачытваў, ні чужыя.

 «НН»: А чаго ўвогуле баіцеся? Ёсць штосьці?

УД: Канечне.

«НН»: Чаго?

УД: Не буду агучваць… Ды не, смерці не баюся. Прыйдзе час і прыйдзе. Галоўнае, канечне, каб не ляжаць і каб не даглядалі мяне. Для такога энергічнага чалавека як я гэта непрымальна… А чаго баюся — тое хай са мною застаецца.

Улад Швядовіч, фота Надзеі Бужан

27
Усяслаў / Адказаць
27.07.2019 / 05:03
Сапраўды, інтэрв'ю - агонь!
107
Леонид -А / Адказаць
27.07.2019 / 07:02
Я вырос в деревне ,-механизаторы ,пастухи ,полеводы,....Да ,они академий не заканчивали ,но они были Людьми ! Этому мажору на Ягуаре до них очень далеко !
35
Zyrafa / Адказаць
27.07.2019 / 07:54
Дзякуй. Добрае інтэрв'ю.
Паказаць усе каментары/ 51 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру