Каля помніка, май 2004 года. Удзельнікі канферэнцыі, прысвечанай Аляхновічу. Сыны і праўнучкі тады ўпершыню наведалі магілу бацькі і прадзеда.

Каля помніка, май 2004 года. Удзельнікі канферэнцыі, прысвечанай Аляхновічу. Сыны і праўнучкі тады ўпершыню наведалі магілу бацькі і прадзеда.

У 1989 годзе драматурга Францішка Аляхновіча сімвалічна перапахавалі ў Вільні з былых Кальвінісцкіх могілак на могілкі Росы. Была прыгожая акцыя з акадэмічнай вечарынай. Памяць Францішка Аляхновіча была ўшанаваная, але была зробленая першая памылка ў гэтай гісторыі.

Найстарэйшы на той час віленскі беларус Янка Багдановіч (удзельнік пахавання Францішка Аляхновіча ў 1944 годзе) адзіны ведаў сапраўднае месца магілы і паказаў яго. Лявон Луцкевіч і Хведар Нюнька кіравалі працэсам. Трохі ўкапаўшы зямлі, яны пабаяліся, што раптам гэта не тое месца і яны не знойдуць магілы. Таму ўзялі толькі зямлю. І скрыначка з зямлёй і ёсць перапахаваннем Францішка Аляхновіча. Памылка палягала ў тым, што трэба было капаць па-сапраўднаму і знайсці парэшткі. У тыя часы гэта можна было зрабіць проста, гэта сёння зрабіць эксгумацыю па заканадаўстве вельмі складана.

2008 год. Паэтычныя чытанні на месцы сапраўднага спачыну Аляхновіча на Кальвінісцкіх могілках.

2008 год. Паэтычныя чытанні на месцы сапраўднага спачыну Аляхновіча на Кальвінісцкіх могілках.

Памылка другая, што неўзабаве паставілі пластыкавую мадэль помніка. Дзеля гэтага быў зроблены грунтоўны падмурак. Тут узгадаю Сяржука Вітушку і Сяргея Харэўскага, якія самаахвярна працавалі там цэлы дзень. Не трэба было ставіць тую пластыкавую мадэль помніка. Крыж мог прастаяць даўжэйшы час і помнік паставілі б з трывалага матэрыялу.

У 2008 годзе помнік стаў выклікаць непакой сваім станам. Сталі раіцца, што рабіць. Пагаварылі з аўтарам помніка, скульптарам Эдуардам Падбярэзскім. Ён сказаў, што такі ж помнік, толькі з трывалага матэрыялу, у камені, будзе каштаваць каля 20 000 даляраў. Сума, у нашым разуменні, вельмі вялікая для помніка. Як прыклад, на Росах помнік архтэктару Вівульскаму стаіць больш сціплы. У той жа размове Эдуард Падбярэзскі пагадзіўся, што пластыкавая мадэль цяперашняга помніку Аляхновічу выбіваецца са стылёвага кантэксту Росаў і прапанаваў зняць пластыкавую мадэль і зрабіць з яе форму, якая каштавала б 2000 літаў — гэта каля 900 даляраў на тыя грошы.

Пасля той размовы быў створаны арганізацыйны камітэт і складзена адозва:

«Юбілей Францішка Аляхновіча

9 сакавіка споўнілася 125 гадоў з дня народзінаў Францішка Аляхновіча, славутага беларускага драматурга. Яго жыццё і творчасць непарыўна звязаныя з Вільняй: тут ён нарадзіўся, тут працаваў, тут пахаваны. Гісторыкі часта называюць яго бацькам беларускага тэатра. Але афіцыйнымі беларускімі ўладамі гэты геніяльны чалавек дагэтуль не абласканы. У Рэспубліцы Беларусь няма яму ніводнага помніка, ні вуліцы з ягоным імем. У гонар Францішка Аляхновіча не створаны ні музеі, ні тэатры, яго не вывучаюць у школе. Як арыштавалі яго бальшавікі ў 1927 годзе, прычапілі яму ярлык «ворага народа», так да сёння не дачакаўся прызнання ў роднай дзяржаве.

А гэта чалавек варты ўсялякай ўвагі і павагі. Ён стваральнік першых беларускіх тэатраў у Вільні і Мінску, аўтар дзясяткаў п'ес, выдавец і публіцыст. Асабліва трэба адзначыць ягоную кнігу «У капцюрох ГПУ». Пасля таго, як у 1933 г. яму удалося вырвацца з савецкага пекла ў родную Вільню, былі напісаны гэтыя ўспаміны. Кніга адразу быля перакладзена на сем моваў. Такім чынам беларус Францішак Аляхновіч ці не самы першы расказаў свету пра жахі савецкай карнай сістэмы. Сёння на могілках Росы ў Вільні яму ўсталяваны помнік. На жаль, гэта не сапраўдны помнік, а пластыкавая мадэль. Чакалася, што беларускія ўлады знойдуць сродкі і паставяць каменны манумент — не дачакаліся, таму сёння беларускія грамадскія арганізацыі ствараюць камітэт, каб самастойна паставіць помнік. Заклікаем усіх Беларусаў да ўдзелу ў гэтай ініцыятыве. Францішак Аляхновіч заслужыў на прыстойную памяць — ён як Янка Купала і Якуб Колас стаў класікам беларускай літаратуры».

Вынік адозвы быў мінімальны. Ахвяраванні склалі 5 асоб з Вільні:

Вольга Саковіч — 100 даляраў
Леакадзія Шышэя — 100 літаў
Таццяна Сапач — 50 літаў
Людвіка Кардзіс — 100 літаў
Хведар Нюнька — 100 літаў.

Хведару Нюньку, на ягоную просьбу, грошы былі вернутыя ў 2014 годзе. Астатнія ахвяраванні захаваныя і ляжаць па сёння.

Яшчэ ў 2008 годдзе я звярталася з лістамі да старшыні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» Алены Макоўскай. Спадарыня Макоўская пагадзілася з праблемай, але ініцыятывы ніяк не падтрымала. 

У тым жа 2008 годзе мы з Ленай Глагоўскай, гісторыкам з Гданьска, даследчыцай Францішка Аляхновіча і добрай знаёмай яго сям'і, добра прааналізавалі верш Аляхновіча «Тэстамент» і пачалі думаць проста пра камень на яго магіле. Падзяліліся сваёй думкай з аргакамітэтам — і нас падтрымалі. Мы аб'ездзілі віленскія майстэрні па вырабах помнікаў. Са знаёмым лясніком з Падброддзя (Побрадзе) аб'ездзілі навакольныя палі і знайшлі годны камень. Дамовіліся аб прывозцы ў Вільню, з кіраўніцтвам могілак — аб замене помніка, з майстрамі — аб устаноўцы каменя. Калі падлічылі свае фінансавыя магчымасці — аказаляся, што мы банкруты для гэтай справы. Адліццё толькі формы існуючага помніка каштавала 580 еўра.

Таму справа з каменем спыніляся. Прычына простая: ніхто з нас не мог асабіста кампенсаваць гэтыя выдаткі.

Мы знайшлі літоўскага скульптара, які прапанаваў рэстаўраваць існуючы помнік — зрабіць яго са штучнага каменю. Дэмантаж і рамонт каштаваў бы 3800 еўра.

У 2010 годзе пачаліся гаворкі са скульптарам Генікам Лойкам аб ягонай канцэпцыі помніка.

У перыяд да 2015 года справа не забывалася, вяліся пошукі фінансаў, быў пададзены нават праект у дэпартамент нацыянальных меншасцяў Літвы, але ўлады Літвы грошай не знайшлі.

Унукі і праўнукі Францішка Аляхновіча спачатку пагадзіліся фінансаваць рамонт помніка, але пасля раздумалі.

Сучасны стан помніка на могілках Росы. Ён патрабуе рамонту.

Сучасны стан помніка на могілках Росы. Ён патрабуе рамонту.

На сёння вядуцца перамовы з віленскай мэрыяй аб магчымасці ўключэння рэстаўрацыі помніка ў план агульнага парадкавання могілак Росы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?