24 студзеня ў Літве пісалі агульнанацыянальную дыктоўку. Зайздросна робіцца, як нашы браты‑літоўцы шануюць сваю родную мову. Арганізуюць дыктоўку салідныя ўстановы: Дзяржаўная Моўная Камісія, Акадэмія навук, Энцыкляпэдычнае выдавецтва і многія іншыя. Для напісаньня абсталяваныя месцы ў кожным самакіраваньні.За межамі Літвы ахвотных напісаць дыктоўку запрашалі амбасады, напрыклад, у Менску, у літоўскай амбасадзе сёлета пісала шаснаццаць чалавек. Тэкст дыктоўкі гучаў праз Нацыянальную тэлевізію, радыё і інтэрнет. І гэта быў толькі першы тур. Пераможцы ў другім туры будуць пісаць больш складаны тэкст, і хтосьці атрымае прыз — шматтомную нацыянальную энцыкляпэдыю. Але прыз — не галоўнае. Галоўнае — удзел. Дыктоўка задуманая як сьвята роднай мовы, магчымасьць сустрэцца і пазнаёміцца тым людзям, якім асабліва рупіць лёс сваёй мовы. Прычым, да ўдзелу ў дыктоўцы прафэсіяналы мовазнаўцы не дапускаюцца, яна разьлічана на людзей паспалітых.
А што ж у нас, у Беларусі? Летась энтузіясты паспрабавалі і ў нас штось такое арганізаваць. Журналісты, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў зьвярталіся да дзяржаўных установаў, каб тыя падтрымалі — пусьцілі ў бібліятэкі, школы, унівэрсытэты. На жаль, адносіны нашых уладаў да роднай мовы — вядома якія. Не пусьцілі. Але энтузіясты не здаліся і наладзілі дыктоўку ў памяшканьнях сваіх грамадзкіх арганізацыяў. Хоць і сьціпла, але атрымалася сьвята. Як у людзей.
Сёлета Таварыства Беларускай Мовы зноў зьвярнулася да ўладаў з прапановай падтрымаць агульнанацыянальную дыктоўку. Яшчэ невядома, які будзе вынік, можа сёлета і пераменіцца на лепшае, хутка пабачым. Я хацеў зачапіць іншую тэму. Пра сам тэкст дыктоўкі.
Давялося мне пагаварыць са спадаром Алегам Трусавым, старшынём ТБМ, і вельмі ён мяне зьдзівіў.
Сёлета, у другі раз, да напісаньня прапануецца той самы тэкст.Тэкст выдатны, нічога ня скажаш, — прадмова Мацея Бурачка да кнігі «Дудка беларуская». Кожнаму беларусу яго варта ведаць на памяць. Тым, хто летась ня браў удзелу ў дыктоўцы, безумоўна, варта яго напісаць. А што рабіць астатнім, хто ўжо пісаў?
Не, я б зрабіў ня так. Паколькі мы, патрыёты беларускай мовы, пакуль ня маем дзяржаўнай падтрымкі, то і дыктоўка наша можа быць не зусім дыктоўкай.Я б зрабіў яе тэкст загадзя вядомым і пастараўся максымальна шырока праз газэты, праз інтэрнэт гэты тэкст распаўсюдзіць. А сам тэкст уяўляў бы сабою тлумачальны артыкул, альбо інструкцыю. Тэмы кожны год мяняліся б. Напрыклад, «Беларускія прозьвішчы», «Традыцыйная кухня», «Назвы нашых вёсак» і т.д.
Кожны ахвотны напіша тэкст дыктоўкі і пакіне яго сабе, а арганізатарам пашле другую частку, невялічкае сачыненьне на гэтую самую тэму — пра сваё прозьвішча, пра даўнейшы кулінарны рэцэпт, які зьберагаецца ў ягонай сям’і, пра назву роднай вёскі і ваколіцаў… Найцікавейшыя допісы можна было б далей публікаваць.
Можа, хто‑небудзь прапануе лепшую ідэю? Давайце гаварыць, да 21‑га лютага, Міжнароднага дня роднай мовы, калі ўсё павінна пачацца, часу яшчэ трохі ёсьць.