Стаўка экспартнай пошліны на сырую нафту ў Беларусі з 1 лютага зніжана з $119,1 за 1 т да $100,9. Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове ўрада нумар 106.

Памер пошліны скарэкціраваны ў сувязі з аналагічным зніжэннем экспартнай пошліны на нафту з 1 лютага ў Расійскай Федэрацыі. Да ўзроўню расійскіх зменшаны і экспартныя пошліны на нафтапрадукты. Так, пошліна на светлыя нафтапрадукты (лёгкія і сярэднія дыстыляты, газойлі, бензол, талуол, ксілолы) складае $80,3 супраць ранейшых $92,6 за 1 т. На цёмныя нафтапрадукты (маслы, адпрацаваныя нафтапрадукты, мінеральныя воскі, кокс нафтавы, бітум нафтавы і іншыя астаткі нафтаперапрацоўкі) — $43,2 за 1 т (ранейшая стаўка — $49,9 за 1 т).

У адпаведнасці з міжурадавым беларуска‑расійскім пагадненнем стаўкі экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты ў Беларусі ўстанаўліваюцца ў памеры, роўным стаўкам, што прымяняюцца ў Расіі. Уводзіцца ў дзеянне яны павінны ў тыя ж тэрміны, што і стаўкі, якія ўстанаўліваюцца адпаведнымі нарматыўнымі прававымі актамі Расійскай Федэрацыі.

Згодна з беларуска‑расійскімі дамоўленасцямі пошліна на нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь з Расіі, у 2009 годзе разлічваецца з прымяненнем каэфіцыента 0,356. Такім чынам, з 1 лютага яна складае для Беларусі $35,9 за 1 т.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0