Лечачы доктар Аляксея Навальнага б'е трывогу. Яна падазрае атручэнне хімічным рэчывам, у той жа час яе не падпускаюць да пацыента, яна аглядала яго з-за дзвярэй.

«Літаральна адразу ж нас выправадзілі са словамі «вы пабочныя людзі, ён пад арыштам, — наракае ў сябе ў фэйсбуку доктарка Васільева. — Але нам удалося ўсё ж такі праз дзверы агледзець нашага пацыента, сабраць скаргі і анамнез».

Яна звяртае ўвагу, што галоўнай доктаркай у бальніцы, куды прывезлі Навальнага, працуе дэпутатка ад «Адзінай Расіі».

У яе пацыента ніколі раней не было такіх сімптомаў: «Выяўны ацёк і рэзкая гіперэмія верхніх і ніжніх павек, перыарбітальнай вобласці, гнойныя выдзяленні з правай кан'юнктывальнай паражніны, выражаны сверб. Множныя папулёзныя высыпанні на скуры шыі, спіны, грудзей, локцевых згінаў рук. Клінічна скаргі і сімптомы адпавядаюць востраму таксічнаму кератыт-кан'юктывіту і дэрматыту і агульнай інтаксікацыі», — піша доктарка Васільева.

«Я як доктарка, якая лячыла найцяжэйшы апёк паверхні вачэй у Аляксея два гады таму, магу з упэўненасцю заявіць, што і ў 2017 годзе, і цяпер — гэта вынік уздзеяння хімічных рэчываў. Ніякай алергіі ў Аляксея няма і ніколі не было. Больш за тое — ён еў адну і тую ж ежу з усімі зняволенымі, ніякай новай парфумерыі або сродкаў асабістай гігіены не выкарыстоўваў», — адзначае яна.

«Мы не можам выключыць таксічнае пашкоджанне скуры і слізістых невядомым хімічным рэчывам з дапамогай нейкай «трэцяй асобы», — піша Васільева.

Яна настойвае, каб праваахоўныя органы ўзялі на хімічную экспертызу пасцелю Навальнага, а дактары — узялі сашкроб скуры, даследавалі валасы.

Аляксей Навальны — антыкарупцыйны блогер і самы вядомы крытык Уладзіміра Пуціна. Ён выявіў факты наяўнасці ў людзей з кола Пуціна маёмасці на сумы, якія ў шмат разоў перавышаюць афіцыйныя даходы дзяржчыноўнікаў. Навальнага не раз судзілі і арыштоўвалі, цяпер ён адбывае чарговыя 30 сутак, гэтым разам за заклік да мітынгу пратэсту супраць нерэгістрацыі апазіцыйных кандыдатаў на мясцовых выбарах у Маскве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?