Дзяржсакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Адам Ліпіньскі заявіў аб стварэнні незалежнай тэлевізіі для Беларусі. Спадарожнікавая трансляцыя можа распачацца ўжо ў 2007 годзе. «Сродкі на гэтае ёсць -- застаўся толькі шэраг тэхнічных пытанняў», -- паведаміў палітык Еўрапейскаму радыё для Беларусі пасля свайго выступлення ва Ўроцлаве ў межах фестываля «Цяпер Беларусь!».
(Ліпіньскі:)
«Я вельмі спадзяюся, што ўжо сёлета мы вырашым пытанні датычныя праекту тэлевяшчання і з пачатку наступнага году зможам яго распачаць. Засталіся яшчэ некаторыя тэхнічныя і арганізацыйныя пытанні. Ва ўсіх іншых сэнсах мы ўжо прыгатаваныя – канцэптуальна, палітычна і фінансава».
Паводле міністра, праект рыхтуецца ў згодзе з беларускімі адмыслоўцамі.
(Ліпіньскі:)
«Калі праект пачнецца, то гэта будзе тэлевізія, якую будуць рабіць беларусы для беларусаў... Мы канешне ж робім гэта ў кантакце з беларускім бокам».
Адам Ліпіньскі паведаміў таксама, што разам з тэлеканалам польскі ўрад плянуе падтрымаць стварэнне новай незалежнай беларускай інтэрнэт-газэты.
Стварэнне новых медыяў – гэта толькі адзін з кірункаў дапамогі польскага ўраду Беларусі. Сярод іншых, якія ўжо паспяхова рэалізуюцца, -- стыпэндыяльная праграма «імя Кастуся Каліноўскага» для студэнтаў, выключаных з беларускіх вну па палітычных прычынах.
(Ліпіньскі:):
Я магу сказаць, што пакуль мы ва ўладзе і пакуль сытуацыя на Беларусі будзе такая, як зараз, то такія праграмы па дапамозе будуць працягнутыя. Гэта не аднаразовы і не папулісцкі праект. Дапамагаць беларусам, што трапілі пад рэпрэсіі рэжыму, – наш абавязак. Мы, палякі, можна сказаць сплочваем зараз маральны доўг – калісьці, у 70-ыя-80-ыя гады міжнародная грамадзскасьць дапамагала Польшчы. Так што прашу гэта трактаваць з нашага боку як сталую, працяглую і эфэктыўную дапамогу.
Праблемы Беларусі нe могуць не хваляваць еўрапейскую супольнасць. Палітык перакананы, што на міжнароднай палітычнай арэне Беларусь займае вельмі важнае месца. І цікавасьць да беларускіх падзеяў будзе яшчэ больш ўзмацняцца.
(Ліпіньскі:)
Напярэдадні аранжавай рэвалюцыі ва Украіне ўкраінская тэматыка таксама была мала вядомая ў краінах Заходняй Эўропы. Гэта пазьней ужо, шмат у чым дзякуючы ініцыятыве еўрадэпутатаў з польскіх партыяў «Грамадзянская платформа» і «Права і справядлівасьць», заходнія краіны абудзіліся і заангажаваліся ва ўкраінскія справы, а тэма зрабілася вельмі вострай.
Я думаю, што з Беларуссю таксама будзе нешта падобнае – бо мы лабіруем інтарэсы Беларусі і ў Брусэлі, гэтая тэма робіцца вельмі важнай у парламентах еўрапейскіх краінаў. Таму паступова Беларусь станецца вядомай у Эўропе і гэта адбудзецца дзякуючы не толькі дзеянням нашага ўраду, але і пазіцыі польскага грамадства.
Вольга Класкоўская, Алена Васілеўская, «Еўрапейскае радыё для Беларусі», Уроцлаў.
Еўрапейскае радыё для Беларусі