30.07.2019 / 14:43

Расстраляюць мужчыну, які пад Новы год забіў паленам дзвюх бабулек 16

Віцебскі абласны суд прысудзіў расстрэл 50-гадоваму Віктару Паўлаву. Пра гэта «Нашай Ніве» паведаміў мясцовы праваабаронца Леанід Свецік.

Паўлава абвінавачваюць у тым, што ўзімку ён забіў дзвюх пенсіянерак у вёсцы Прысушына.

1 студзеня сваякі адной з жанчын не змаглі дазваніцца да яе, каб павіншаваць з Новым годам. На наступны дзень яны ізноў не дазваніліся. Тады вырашылі, што мог зламацца тэлефон і пакінулі заяўку рамонтнікам, каб тыя праверылі.

Але бяда была не з тэлефонам. Абедзвюх жанчын знайшлі мёртвымі ў іх уласнай хаце. Адной было 78 гадоў, другой —76.

Суседзі ўзгадалі, што ў пенсіянерак быў памагаты, які займаўся гаспадаркай, жыхар суседняй вёскі Слабада. Гэта і быў той Віктар Паўлаў. Яго затрымалі.

Забойства было здзейсненае 30 снежня, высветліла следства, Паўлаў прыйшоў у дом да сясцёр-пенсіянерак і моцна іх пабіў. У якасці зброі выкарыстаў палена.

Пры гэтым скраў грошы і некалькі бутэлек віна — агулам на 179 рублёў. Пераапрануўся, штаны, на якіх была кроў забітых, паклаў у мех і выкінуў. Пасля пайшоў па крамах закупацца перад святам.

На судзе абвінаваўца палічыў віну Паўлава даказанай. Дзеянні Паўлава былі кваліфікаваныя пракурорам як «асабліва небяспечны рэцыдыў злачынства», паведамляе «Вясна».

Справа ў тым, што раней мужчына быў судзімы — і таксама за забойства.

У сваю чаргу адвакатка Паўлава пераконвала суд, што забойства адбылося ў выніку спрэчкі і было справакавана адной з жанчын, якая нібыта абражала абвінавачанага, бо мела прэтэнзіі да якасці пабудаванага ім хлява. На думку абаронцы, мэты забіваць жанчын абвінавачаны не меў — проста прыйшоў купіць віна, якім гандлявалі жанчыны.

У сваёй прамове адвакатка таксама звярнула ўвагу на змякчальныя абставіны: яе падабаронны супрацоўнічаў са следствам, напісаў яўку з павіннай, раскаяўся. Абаронца прасіла суд даць мужчыне яшчэ адзін шанец на выпраўленне і не прымяняць да яго выключную меру пакарання.

У апошнім слове абвінавачаны выказаў шкадаванне і раскаянне за ўчыненае, таксама папрасіў суд не прымяняць да яго найвышэйшую меру.

NN.by

2
Алесь Белы / Адказаць
30.07.2019 / 15:29
паўторнае забойства, падвойнае - і ізноў без намеру. Наступныя , калі даць яму такую магчымасць - таксама будуць без намеру. проста па звычцы, неўсвядомленай.
10
Скураныя крылы / Адказаць
30.07.2019 / 15:45
Ёсць і пажыццёвае, але яшчэ ёсць і палітыка.

9
ugo / Адказаць
30.07.2019 / 16:17
Пра гэта паведаміў мясцовы праваабаронца Леанід Свецік. --------- Да таго часу, пакуль праваабаронцы будуць бараніць такіх "звяроў", народ паціху будзе падтрымлiваць лукашэнка. ------ Бярыце прыклад з ЗША (у адрозненне ад Еўропы), дзе вось такіх садзяць на электрычнае крэсла і ахвотнікаў "паспачуваць" забойцы няма.
Паказаць усе каментары/ 16 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру