ААТ «Белтрансгаз» падпісала з «Газпромам» дадатковае пагадненне па цане на газ для Беларусі на 2009 год, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

У «Газпроме» і «Белтрансгазе» гэтую інфармацыю пакуль не каментуюць.

Умовы кантракта на пастаўку ў Беларусь расійскага газу ў 2009 годзе былі ўзгоднены 30 снежня мінулага года ў Маскве на сустрэчы намесніка старшыні праўлення «Газпрама» Валерыя Голубева з беларускай дэлегацыяй. 31 снежня намеснік старшыні праўлення ААТ «Газпром» Аляксандр Мядзведзеў паведаміў, што ўдакладненне працы кантрактнай формулы з Беларуссю адбывалася «на базе дамоўленасцей, якія былі дасягнуты падчас візіту прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі і яго сустрэч з расійскімі прэзідэнтам і прэм’ерам» 22 снежня ў Маскве.

Тады ж афіцыйны прадстаўнік «Газпрома» Сяргей Купрыянаў падкрэсліў: станоўчым момантам у перамовах Расіі і Беларусі па цане на газ з’яўляецца тое, што падпісанне дадатковых пагадненняў магчыма «ў любы момант». «Паколькі ў нас з «Белтрансгазам» дзейны кантракт, і тут, што называецца, над намі не капае — у нас няма неабходнасці падпісваць за дзве хвіліны да канца сыходзячага года, таму што ёсць працэдура пераразліку цаны», — зазначыў Купрыянаў.

31 снежня 2006 года ААТ «Газпром» і «Белтрансгаз» падпісалі кантракт на пастаўку і транзіт газу ў 2007—2011 гадах. Формула разліку цаны на газ для Беларусі прывязана да сярэднееўрапейскай цаны з улікам паніжальнага каэфіцыента. Так, у 2008 годзе кошт газу для Беларусі павінен складаць 67% ад сярэднееўрапейскай цаны за вылічэннем транспартных расходаў, у 2009 годзе — 80%, у 2010 годзе — 90%. Да 2011 года Беларусь павінна выйсці на аплату газу па еўрапейскай цане.

У першым квартале 2008 года Беларусь купляла расійскі газ па 119 долараў за 1 тыс. куб. метраў, з другога квартала цана ўстаноўлена на ўзроўні 127,9 долара.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0