Здарэнні3838

«Я баялася: раптам у мужа дах паехаў?» У мінчанкі, якая 14 гадзін сядзела ў машыне з сынам Дэкстэрам, свая праўда

Мінчанка Алена Лукашэвіч-Кузьміч 25 ліпеня прыехала ў Брэст да свайго 4-гадовага сына Дэкстэра, які жыве з яе мужам Уладам (Улад і Алена цяпер разводзяцца). Скончылася ўсё скандалам. Жанчына закрылася з дзіцём у аўто і прасядзела там увесь вечар і ўсю ноч. На месца прыехалі органы апекі, міліцыя, мясцовыя чыноўнікі… У выніку дзіця змясцілі ў прытулак, цяпер Алена і Улад чакаюць рашэння суда, які вызначыць, з кім застанецца сын.

Суд адбудзецца ў пачатку жніўня. Да пасяджэння 4-гадовы Дэкстэр будзе знаходзіцца ў прытулку. Алена плануе да суда знаходзіцца ў Брэсце: кажа, штодня наведвае сына.

Алена Лукашэвіч-Кузьміч

Алена пагадзілася распавесці «Нашай Ніве», навошта яна сядзела з малым 14 гадзін у машыне і што ўвогуле адбываецца ў іх з Уладам сямейным жыцці.

«Мы жылі ў Польшчы, але муж не плаціў падаткі, яму анулявалі візу. Тады вярнуліся ў Беларусь, жылі ў Мінску.

Нарадзілі сына. Назвалі Дэкстэрам. Улад вельмі хацеў такое імя малому. Праз серыял гэта ці не, не скажу, можа, і так [серыял «Дэкстэр» расказвае пра серыйнага забойцу, які з дзяцінства быў сацыяпатам — «НН»]. Калі нарадзіўся малы, мы яшчэ жылі ў Польшчы, і Уладу здавалася, што Дэкстэр — класнае еўрапейскае імя. Ён настойваў — і я пагадзілася: ну, думаю, калі бацька вельмі хоча, то хай так і будзе», — узгадвае Алена.

Але, кажа яна, нядаўна Улад забраў сына і пераехаў да сваіх бацькоў у іншы горад:

«Я адсутнічала дома па сваіх справах, мяне не было дзень. Улад сабраў сына, забраў каштоўныя рэчы і з’ехаў у Брэст».

У Алены ёсць яшчэ адно дзіця: 8-гадовая дачка Ева ад папярэдняга шлюбу. Еву Улад адвёз да маці Алены перад тым, як з’ехаць з Мінска.

Раней Улад Кузьміч выказваўся, што Алена была не надта ўзорнай матуляй: маўляў, кепска даглядала і Еву, і іх агульнага сына Дэкстэра. Жанчына гэта рашуча абвяргае:

«Гэта няпраўда. І з яе бацькам мы цывілізавана развяліся, цяпер падтрымліваем адносіны, сябруем. І я адэкватная мама, вяду здаровы лад жыцця, займаюся спортам. Не гуляю недзе, не прападаю на тусоўках. Заўсёды займалася дзецьмі!»

Алена кажа, што і сама дакладна не разумее, чаму муж раптоўна вырашыў збегчы ў Брэст.

«Мы не рыхтаваліся да разводу, нават не гаварылі пра гэта. Сваркі не было. Ён проста раптоўна з’ехаў. Пасля казаў, што яму чамусьці падалося, што я хачу з’ехаць у Расію разам з дзецьмі. Я спрабавала да яго дагрукацца: якая Расія?! Але безвынікова», — запэўнівае жанчына.

«Пасля адразу паехала ў Брэст. Але там Улад проста зачыніў перад маім носам дзверы. Ён і ўсе яго сваякі паадключалі тэлефоны. Тыдзень я не магла да іх дазваніцца, не ведала, дзе мой сын, што з ім. Я выклікала і міліцыю, і апеку — і ніхто не мог да іх дагрукацца.

Толькі праз тыдзень органы апекі неяк угаварылі Улада паказаць мне сына. Мяне пусцілі ў кватэру, але не далі пабыць з сынам сам-насам. Калі я трохі прычыніла дзверы ў пакой, дзе была з Дэкстэрам, на мяне адразу накінуўся бацька мужа, ізноў выклікалі апеку, міліцыю…

Было зразумела, што Улад не аддасць мне сына. Тады, каб хоць неяк бачыць дзіця, на словах мы дамовіліся, што я буду прыязджаць на выходныя і Улад будзе дазваляць мне сустракацца з сынам, — распавядае Алена. —

На наступных выходных я прыехала разам з Евай: у іх добрая сувязь з Дэкстэрам, яны вельмі сябруюць. Але Улад зноў не пусціў мяне да сына, нават не паказаў яго. То не адказваў на тэлефон, то казаў, што дзіця спіць, есць — карацей, занятае і не можа сустрэцца са мной.

І ў выніку паўтара месяца я не бачыла сына зусім».

Алена кажа, што пазней да яе дайшлі нядобрыя чуткі: нібыта адвакат мужа раіць таму забраць малое дзіця і з’ехаць у Расію.

«Я паўтара месяца не бачыла сына і зразумела, што трэба яго проста забраць», — кажа Алена.

Тады яна ўзяла машыну сяброў (бо яе зялёнае аўто муж добра ведаў і адразу б заўважыў).

Таксама Алена папрасіла кагосьці з сяброў з’ездзіць з ёй. Адзін пагадзіўся.

«Гэта не бойфрэнд, гэта проста сябар. Заводзіць бойфрэнда мне цяпер і не хочацца, і часу на такое няма, — кажа Алена. — А пра тое, што ў гэтага сябра расійскае грамадзянства, я і сама даведалася толькі пасля яго затрымання, калі прачытала ў навінах».

Яна запэўнівае, што з’язджаць у Расію з малым не збіралася ні ў якім выпадку. Тое, што машына сяброў аказалася на расійскіх нумарах, сцвярджае Алена, гэта таксама проста супадзенне.

«Калі мы прыехалі ў Брэст, то пад’ехалі да дома, дзе жыў Улад. Ён быў на вуліцы з Дэкстэрам.

Я назірала за малым, хацела проста яго пабачыць. Пасля Улад загаварыў з нейкай жанчынай. Дэкстэр з іншымі дзецьмі бегаў вакол дома, я вырашыла падысці да яго, паглядзець, ці не адвык ён ад мяне за паўтара месяца.

Сын адразу пабег да мяне, пачаў абдымаць, казаць, як сумуе, пытацца, дзе я была… І спрацаваў мацярынскі інстынкт. Я ўзяла сына на рукі і пайшла ў машыну. Села, паспрабавалі выехаць — Улад кінуўся на капот, — кажа Алена. — Мы стаялі. Пасля нам заблакавалі выезд машынай.

Я нават званіла ў міліцыю! Паведаміла, што мне не даюць выехаць. Але пасля, калі міліцыя прыехала на месца, заявы прынялі ад усіх: ад Улада, ад яго сваякоў — але не ад мяне, — кажа Алена. — Пасля маці Улада ламілася ў машыну, пужала сына. Я зноў набрала міліцыю, але ніхто нічога не зрабіў».

Пасля Алена з сынам прасядзела ў аўто ўвесь вечар, усю ноч і ўсю раніцу. Агулам каля 14 гадзін.

«З сынам усё было добра. Яму было класна, я ўсё падала як гульню: маўляў, мы гуляем у піратаў, ад усіх хаваемся. Малому было весела і цікава паспаць не ў ложку, а ў «намёце», які я зрабіла ў машыне з пледаў, — кажа Алена. — Ежа і вада ў нас былі, была садавіна, гародніна. Пасля мама Улада нам перадала гаршчок, з гэтым праблемы таксама не было, Дэкстэр схадзіў на яго, можа, адзін раз».

Але ці не шкадуе Алена, што выбрала такі даволі радыкальны ўчынак?

«Сыну патрэбная мама. Я ж мусіла прыняць нейкія меры, каб яго вярнуць.

Муж быў заўсёды адэкватны, нармальны, мы з ім маглі нармальна размаўляць. А калі ён раптам знікае з малым, не паказвае мне яго паўтара месяца… Я не разумела, што адбываецца, можа, у мужа дах раптам паехаў? Я баялася, што ўвогуле ніколі больш не ўбачу сына», — тлумачыць Алена.

Цяпер Дэкстэр у прытулку. Алена кажа, што і яна, і муж ходзяць да малога штодня.

«Сын у парадку, дзякуй богу. Яму прыкольна, мы сказалі, што гэта такі летні лагер», — кажа Алена.

Яна плануе знаходзіцца ў Брэсце да суда.

«Я хоць атрымала магчымасць бачыць сына штодня. У Брэсце я з дачкой Евай, мы штодня ходзім да Дэкстэра, гуляемся з ім. Хаця б бачым яго», — расказвае Алена.

Часам яна бачыць мужа ў прытулку, калі прыходзіць да сына. Але, па словах жанчыны, Улад настроены вельмі катэгарычна: сын мусіць быць з ім — і кропка. Дамаўляцца з Аленай ён нібыта не хоча.

«Нават органы апекі нам казалі: дамаўляйцеся. Я казала Уладу, што нам трэба неяк сябраваць дзеля сына, спрабавала дамовіцца… Ён ніяк не ідзе насустрач. Я падазраю, што на Улада моцна ўплывае яго маці, яна прыходзіла ў органы апекі і казала такое: «Мы вырашылі, што нам лепш без мамы!» — узгадвае Алена.

У выніку лёс малога вырашыць суд.

«Я не хачу помсціць Уладу… Прапаную яму нармальны варыянт: сын жыве з мамай, як ва ўсіх сем’ях. А Улад у любы час можа прыязджаць да яго… Але муж не чуе мяне», — кажа Алена.

Каментары38

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан3

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан

Усе навіны →
Усе навіны

Джулі Дэвіс, якую некалі прызначалі паслом ЗША ў Беларусі, узначаліць дыпмісію ў Кіеве

Топ-3 карумпаваныя прэзідэнты Усходняй Еўропы — новы фэйк 1

«Мы зрабілі больш за любую іншую дзяржаву». Трамп абвясціў 8 мая Днём Перамогі ў ЗША30

Мінчанка папрасіла Кухарава памяняць ёй кватэру праз інфрагук ад суседскага камп'ютара3

Гігін атакуе Эйдэльман за лекцыю пра БНР: Пустое месца, поўны чайнік39

Расійскія ўлады ў 2024 годзе запатрабавалі ад Google выдаліць рэкордную колькасць кантэнту3

Інсайдар расказаў, што Хатаба атруцілі «Навічком». Памёр і куплены агент, які перадаў яму ліст13

Віцэ-прэзідэнт ЗША: У наступныя 100 дзён ЗША паспрабуюць арганізаваць перамовы Расіі і Украіны15

Роберт Дэ Ніра пра гендарны пераход дачкі: Я люблю яе гэтак жа, як любіў яго12

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан3

Новым спікерам Каардынацыйнай рады, хутчэй за ўсё, стане Арцём Брухан

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць