Апасенні звязваюць з доўгатэрміновым уздзеяннем на навакольнае асяроддзе прыродных узгаранняў, маштабы якіх у гэтым сезоне дасягнулі выключнага ўзроўню. Такія пажары — патэнцыйная пагроза для Арктыкі і клімату ў цэлым, кажуць эксперты. На спадарожнікавых здымках бачныя аблокі дыму, якія дасягаюць арктычных раёнаў.

«Праблема ў тым, што сажа, якая падае на лёд, зацямняе яго. Тым самым памяншаецца здольнасць паверхні адлюстроўваць і затрымліваецца больш цяпла», — кажуць у Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі. У сувязі з гэтым у бліжэйшай перспектыве льды ў Арктыцы будуць змяншацца значна хутчэй.

У Greenpeace дадаюць, што сажа і попел паскараюць не толькі раставанне арктычных ільдоў, але яшчэ вечнай мерзлаты, гэтыя працэсы суправаджаюцца выдзяленнем газаў, якія ўзмацняюць глабальнае пацяпленне. У сваю чаргу павышэнне тэмпературы стварае яшчэ больш умоў для новых лясных пажараў.

Па інфармацыі Greenpeace, у гэтым сезоне ў Расіі згарэла ўжо больш за 12 млн гектараў лесу — гэта больш за плошчу Партугаліі ці Славакіі і Харватыі разам узятых. Самыя магутныя лясныя пажары бушуюць у Іркуцкай вобласці, Краснаярскім краі і Якуціі. Агульная плошча прыродных узгаранняў у гэтых рэгіёнах дасягае 3,5 млн га. Расійскія ўлады не тушаць пажары ў цяжкадаступных тэрыторыях, паколькі выдаткі на гэта перавышаюць прагназаваную шкоду.

Магутныя прыродныя ўзгаранні зафіксаваныя сёлета не толькі ў Сібіры, але яшчэ на Алясцы і ў Грэнландыі. Паводле Сусветнай метэаралагічнай арганізацыі, з пачатку лета гэтыя пажары выдзелілі столькі СО2, колькі Швецыя або Бельгія за год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0