Нацыянальны аэрапорт Мінск з 1 жніўня запускае новую паслугу для пасажыраў міжнародных рэйсаў — FastTrack. Сэрвіс дасць авіяпасажырам магчымасць пасля рэгістрацыі на рэйс прайсці перадпалётны надгляд у прыярытэтным парадку праз асобны пункт надгляду.

Ён будзе карысны для авіяпасажыраў, якія спазняюцца, а таксама для падарожнікаў, што эканомяць і плануюць свой час. Кошт паслугі складзе 20 рублёў.

Каб скарыстацца паслугай, пасажыр павінен быць зарэгістраваны на рэйс і мець пры сабе раздрукаваны пасадачны талон і папяровы чэк аб аплаце гэтай паслугі. Пры наяўнасці гэтых дакументаў пасажыры міжнародных рэйсаў могуць прайсці ў пункт надгляду А для праходжання перадпалётнага надгляду. Дзецям да 3 гадоў паслуга прадастаўляецца бясплатна.

Аплаціць FastTrack можна праз сістэму «Разлік» (АРІП) або ў інфакіёску, устаноўленым пры ўваходзе ў пункт надгляду А. У першым выпадку шлях для аплаты будзе такі: «Разлік» — «Іншыя плацяжы» — «Нацыянальны аэрапорт Мінск» — «FastTrack» — нумар авіябілета або нумар броні. Пасля аплаты неабходна раздрукаваць чэк і прадаставіць яго разам з пасадачным талонам у пункце надгляду А.

Для тых, хто будзе аплачваць праз інфакіёск, трэба выбраць на галоўным экране ўкладку «Папулярныя плацяжы», потым — спосаб аплаты (аплата карткай або наяўнымі сродкамі), у спісе плацяжоў перайсці да «FastTrack», увесці нумар авіябілета або нумар броні. Пасля аплаты з чэкам прайсці ў пункт надгляду А. Пасля ажыццяўлення аплаты (незалежна ад спосабу) грашовыя сродкі не вяртаюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0