Увечары 12 чэрвеня ў Сьветлагорску (Гомельская вобласьць) міліцыяй былі затрыманыя двое грамадзянаў за тое, што павесілі на інфармацыйнай тумбе плякат «Сьветлагорск – за свабоду!»
Беспартыйная Натальля Бордак і сябра Партыі БНФ Тэльман Масьлюкоў вывесілі на цэнтральнай вуліцы гораду плякат, напісаны флямасьцерамі. Патрульныя міліцыянты, якія ў гэты час праязджалі па вуліцы, зьнялі плякат і запатрабавалі, каб грамадзяне паехалі зь імі ў раённы аддзел унутраных справаў «для высьвятленьня асобаў» (хоць Т. Масьлюкоў прад’явіў вадзіцельскія дакумэнты).
У аддзеле міліцыі на працягу прыкладна 30 хвілінаў міліцыянты пісалі рапарт і пратакол выняцьця плякату, а таксама па тэлефоне правяралі ў Гомелі сапраўднасьць асабістых дадзеных затрыманых. Калі Н. Бордак і Т. Масьлюкоў спыталі, чаму не складзены пратакол затрыманьня, міліцыянты адказалі, што яны нікога не затрымлівалі, і што грамадзяне прыехалі ў аддзел міліцыі па сваёй згодзе.
13 чэрвеня Н. Бордак і Т. Масьлюкоў накіравалі заявы начальніку раённага аддзелу міліцыі з просьбай растлумачыць, чаму яны былі затрыманыя без складаньня пратаколу аб затрыманьні, а таксама з просьбай вернуць плякат, каб зноў вывесіць яго на тым жа месцы.