Старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка нядаўна заявіў, што Служба бясьпекі Ўкраіны працуе над даручэньнем прэзыдэнта Віктара Юшчанкі рассакрэціць тайныя архівы савецкіх спэцслужбаў ад 1917 да 1991 году, гэта значыць, з усяго бальшавіцка‑савецкага пэрыяду ўкраінскай гісторыі.

Працэдура рассакрэчваньня зойме ў архівістаў СБУ час да канца 2009 году.
Што азначае гэтае рашэньне ўкраінскага прэзыдэнта?

Уладзімір Вятровіч, дырэктар аддзелу архіваў СБУ, сказаў нашаму радыё, што ўкраінскія гісторыкі атрымаюць вельмі каштоўную крыніцу інфармацыі пра найноўшую гісторыю свае краіны – у прыватнасьці, пра Галадамор 1933 – 1934 гг., дзейнасьць УПА, змаганьне з дысыдэнтамі. Зь яе змогуць скарыстаць літаральна тысячы навукоўцаў, паколькі СБУ абяцае, што з дагэтуль засакрэчаных папак КГБ будзе створаны электронны архіў і што доступ да гэтага архіву зь цягам часу будзе магчымы ў кожным абласным цэнтры.

Па‑другое, усе тыя звычайныя грамадзяне, негісторыкі, каго цікавіць лёс сваякоў ці сямейнікаў, рэпрэсаваных у савецкую эпоху, змогуць пашукаць зьвестак аб іх у дакумэнтах, якія да гэтай пары былі недаступныя. У гэтым сэнсе

адкрыцьцё архіваў КГБ ва Ўкраіне абяцае быць падзеяй зь вялікім грамадзкім рэзанансам.

Ці сапраўды архівы ўкраінскага КГБ могуць утрымліваць нейкія сэнсацыйныя матэрыялы, якія дададуць штосьці істотнае да ўжо складзенага вобразу савецкай сыстэмы? Усё ж такі самыя важныя дакумэнты захоўваліся, калі ўвогуле захоўваліся, у Маскве.

Уладзімір Вятровіч кажа, што значная частка сакрэтных матэрыялаў, нават тых датычных выключна Ўкраіны, знаходзіцца па‑за межамі яго краіны або была зьнішчаная ў розныя пэрыяды савецкай гісторыі. Але ён адначасова запэўнівае, што тое, што захавалася ва Ўкраіне – гэта «кландайк для амбітнага гісторыка, на якім чалавек сапраўды можа зрабіць сябе імя». Вятровіч не выключае, што рассакрэчанымі ўкраінскімі архівамі зацікавяцца і замежныя гісторыкі‑саветолягі, паколькі доступ да архіваў КГБ у Маскве ўсё яшчэ моцна абмежаваны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?