Даследчыкі высветлілі, што калі пэўны ўзровень амілоіда ў крыві спалучаецца з двума іншымі асноўнымі фактарамі рызыкі, хваробу можна дыягнаставаць з дакладнасцю 94%.

Амерыканскія навукоўцы знайшлі новы спосаб распазнавання хваробы Альцгеймера задоўга да першых сімптомаў. Цяпер выявіць раннія змены, якія адбываюцца ў арганізме чалавека, дапаможа просты аналіз крыві, піша ТАСС са спасылкай на The Telegraph.

Спецыялісты з Медыцынскай школы Вашынгтонскага ўніверсітэта ў Сэнт-Луісе правялі даследаванне, у якім узялі ўдзел больш за 150 чалавек ва ўзросце, старэйшым за 50 гадоў. Пры гэтым толькі 10 добраахвотнікаў мелі пэўныя праблемы са здароўем. Дакладныя прычыны хваробы Альцгеймера да гэтага часу цалкам невядомыя. Аднак навукоўцы нагадваюць, што прыкладна за 20 гадоў да ўзнікнення першых прыкмет захворвання, такіх як блытанасць свядомасці і зацямненне памяці, у галаўным мозгу назапашваюцца небяспечныя бэта-амілоідныя бялкі. Менавіта яны і лічацца галоўнай крыніцай развіцця хваробы.

Усе пацыенты далі медыкам як мінімум адзін ўзор крыві і прайшлі пазітронна-эмісійную тамаграфію (ПЭТ) мозгу. Дадзены метад, як сцвярджаюць спецыялісты, дазваляе на малекулярным і клеткавым узроўнях ацаніць інтэнсіўнасць абмену рэчываў у тканках арганізму. Эксперты вывучылі аналізы крыві паддоследных і выявілі, што, калі пэўны ўзровень амілоіда ў крыві спалучаецца з двума іншымі асноўнымі фактарамі рызыкі хваробы Альцгеймера — узрост і наяўнасць генетычнага варыянту APOE4 — дадзенае захворванне можна дыягнаставаць загадзя. Прычым дакладнасць тэсту складае амаль 94%.

«Цяпер мы выкарыстоўваем метады сканавання галаўнога мозгу для выяўлення прыкмет хваробы Альцгеймера, аднак гэта вельмі дорага і займае шмат часу», - падкрэсліў прафесар Рэндал Бейтман з Медыцынскай школы Вашынгтонскага ўніверсітэта. «З дапамогай аналізу крыві мы патэнцыйна можам праводзіць агляд тысячы людзей у месяц. Гэта азначае, што можна больш эфектыўна прыцягваць удзельнікаў да клінічных выпрабаванняў, што дазволіць нам хутчэй знайсці спосабы лячэння захворвання, а таксама палегчыць чалавечыя пакуты», - сказаў ён.

Хвароба Альцгеймера з'яўляецца найбольш распаўсюджанай формай дэменцыі. Сярэдняя працягласць жыцця хворага пасля дыягнаставання захворвання залежыць ад яго веку, але, як правіла, складае ад 7 да 10 гадоў. Паводле Сусветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ), каля 50 млн сталых людзей у свеце хворыя на дэменцыю, з іх дзве траціны пакутуе на хваробу Альцгеймера. Іх колькасць з кожным годам расце і, паводле некаторых прагнозаў, да 2050 года можа перавысіць 130 млн чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0