«Наша Ніва» пацікавілася ў фермера Яўгена Кавалевіча і ў каардынатаркі праекту «Усё сваё» Ксеніі Вяцкай, ці карыстаюцца попытам у беларускага пакупніка экалагічныя, але нашмат больш дарагія прадукты.

На Палессі кліентуры нуль, прадаёмся толькі ў Мінску

Фермер з-пад Пінска Яўген Кавалевіч расказвае, што займаецца камерцыйнай дзейнасцю толькі другі год.

Сям'я фермераў Кавалевічаў. Фота з архіва Яўгена Кавалевіча.

Сям'я фермераў Кавалевічаў. Фота з архіва Яўгена Кавалевіча.

«У Мінску нават не пытаюцца кошты, проста просяць пэўную колькасць пэўнага сыру. А ў нас на Палессі не проста мала кліентаў, іх няма наогул. Я не ведаю, ці звязана гэта з коштам, самы дарагі наш сыр каштуе 45 рублёў за кілаграм», — распавядае фермер.

Яўген Кавалевіч вырабляе розныя гатункі сыроў: мацарэлу, рыкоту, фету. Сыр, які каштуе 45 рублёў, вытрыманы ад трох месяцаў да паўгода. Называецца «Палескі».

«Па рэцэпце — гэта аналаг французскага сыру том (tomme), але праз тое, што малако для яго даюць нашы палескія каровы, вырашылі даць яму мясцовую назву», — тлумачыць Яўген.

Замовы на сыр Яўгену паступаюць у асноўным ад яго падпісчыкаў у інстаграме.

«Калі набіраецца пэўная колькасць замоў, я сам адвожу сыр у Мінск. Калі хтосьці замовіць сыр з іншых рэгіёнаў, напэўна, паспрабуем пераслаць поштай. Але гэта тэорыя, такія далёкіх замоў у нас яшчэ не было», — кажа фермер.

Яўген радуецца, што людзі ўсё ж цікавяцца экалагічным харчаваннем, і марыць пра тое, каб кірмашы кшталту «Усё сваё» адбываліся рэгулярна.

«Асабліва ў пачатку лета. Веснавыя сыры самыя жоўтыя і смачныя», — расказвае ён.

Не душыце фермераў сертыфікатамі — і экалагічных прадуктаў у Беларусі стане болей

Год таму актывістка руху Slow Food і арганізатарка праекту «Усё сваё» Ксенія Вяцкая арганізавала першы ў Беларусі кірмаш фермераў, які аб’яднаў каля 50 фермераў з усёй Беларусі.

Ксенія Вяцкая, фота з архіва гераіні.

Ксенія Вяцкая, фота з архіва гераіні.

«Ад такіх кірмашоў выігрываюць усе: і пакупнікі, і фермеры. Фермеры жывуць адасоблена, некаторыя з іх нават упэўненыя ў тым, што яны адзіныя ў Беларусі, хто пячэ хлеб або вырошчвае спаржу. Таму мая задача стаіць найперш у тым, каб пазнаёміць фермераў адзін з адным, каб натуральных прадуктаў у Беларусі станавілася больш, каб фермеры ўтваралі калабарацыі. Напрыклад, на леташнім кірмашы ў нас былі хлопцы, якія рабілі казінакі з расійскіх і ўкраінскіх арэхаў, а ў нас яны пазнаёміліся з фермерам, які вырошчвае грэцкія арэхі ў Беларусі. Цяпер тыя казінакі — цалкам беларускія», — расказвае Ксенія.

А асноўная праблема фермераў Беларусі не ў дарагіх цэнах на іх прадукцыю, а ў тым, што заканадаўства замінае фермеру выйсці на вялікі рынак.

«Па законе ніводзін фермер не можа проста прадаваць сваю прадукцыю ні ў рэстаранах, ні ў магазінах. Патрэбная сертыфікацыя. А сертыфікат каштуе каля 6000 беларускіх рублёў. Як вы разумееце, ніводзін фермер не будзе гэтым займацца. Мне здаецца, што дастаткова атрымаць паперку з ветэрынарнай службы, што прадукт якасны. І ўсё. Дайце фермерам зялёнае святло», — кажа Ксенія.

Пастаянныя фермерскія рынкі, упэўненая Ксенія, — гэта ўтопія.

«Што самае галоўнае ў такіх кірмашах? Каб фермер пазнаёміўся са сваім пакупніком, каб расказаў пра тое, з чаго зроблены яго прадукт, каб пакупнік убачыў рукі і вочы таго чалавека, што прадае яму прадукты, таму я лічу, што кірмашы такія трэба праводзіць сезонна, як свята», — кажа жанчына.

А наконт таго, ці пераплачваць за якасць і натуральнасць, Ксенія кажа, што гэта асабісты выбар чалавека.

«Калі чалавек усведамляе, што трэба пачаць карміць сябе якаснай ежай, то пра якое «дорага» мы з вамі гаворым?» — усміхаецца Ксенія Вяцкая.

Некаторыя кошты на фермерскія прадукты

Многія фермеры ў сваіх інстаграм-акаўнтах разам з прапановамі адразу размяшчаюць і кошты на свае прадукты. Вось за якія грошы сёння можна купіць хатнія прадукты:

  • Яйкі — 4 рублі дзясятак
  • Тварог — 10 рублёў за кілаграм
  • Малако — 3 рублі за літр
  • Смятана — 5 рублёў за літр
  • Ёгурт грэчаскі — 5 рублёў за літр
  • Варэнне — ад 7 рублёў за 250 грамаў
  • Кунжутны алей — 6 рублёў за 100 грамаў
  • Каўбасы хатнія — ад 35 рублёў за кілаграм
  • Сыры хатнія — ад 25 рублёў за кілаграм. 
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?