Да нядаўняга часу жыхара Оршы Ігара Казмерчака ведалі толькі як грамадскага актывіста. Цяпер ён абраў новую сферу дзейнасці — зарэгістраваўся прыватным прадпрымальнікам, піша Беларускае Радыё Рацыя. Разам з аднадумцамі ён робіць сувенірную прадукцыю і ўжытковыя рэчы — майкі, заплечнікі, торбачкі — з беларускімі надпісамі. Прычым ёсць некалькі рысаў, якія вылучаюць аршанскую прадукцыю з падобнага асартыменту.
Прыкладам, гэта папулярызацыя творчасці мясцовых мастакоў, гаворыць Ігар Казмерчак. — Бо, як ні круці, людзі ў нас рэдка ходзяць па карцінных галерэях, і яшчэ радзей набываюць карціны. А гэта дае магчымасць мастакам паказаць, што яны тут ёсць увогуле. Другая задача — гэта папулярызацыя беларушчыны праз гумар.
На майках і кубках, якія робіць Ігар Казмерчак, цікавыя не толькі малюнкі, але і надпісы. Прычым іх не трэба прыдумляць адмыслова: «Пра Дуброўна ў нас цэлы цыкл. Гэта «мы з Дуброўна, нам усё роўна», «Дуброўна і Ляды — сталічныя гарады», там статуя Свабоды ўпісаная ў герб Дуброўна… Гэтыя фразы ўсе этнаграфічныя, гэтак гавораць мясцовыя. А мы іх падхопліваем, па-мастацку аздабляем і вяртаем у родныя мясціны, ужо для продажу».
Ігар Казмерчак марыць, што майкі і кубкі з дасціпнымі надпісамі неўзабаве будуць у кожнага земляка. Цэны прадпрымальнік імкнецца трымаць дэмакратычныя з улікам невысокіх заробкаў патэнцыйных пакупнікоў.