На Філіпінах абвешчаная нацыянальная эпідэмія дэнге. З пачатку года тут памерла 622 чалавекі ад хваробы, якая перадаецца камарамі, паведамляе CNN.

Паводле Міністэрства аховы здароўя краіны, з пачатку 2019-га зафіксавана звыш 146 тысяч выпадкаў, што на 98% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Улады доўгі час пазбягалі радыкальных рашэнняў і нават заяўлялі, што дэнге была «лакалізаваная».

Эпідэмія была абвешчаная для таго, каб урадавыя ўстановы маглі лепш вызначыць зоны рызыкі. «Важна, каб у гэтых раёнах была аб'яўлена нацыянальная эпідэмія, каб вызначыць, дзе патрэбна рэакцыя, і каб даць магчымасць органам мясцовага самакіравання выкарыстоўваць свой Фонд хуткага рэагавання для вырашэння эпідэмічнай сітуацыі», — заявіў міністр аховы здароўя Францыска Дзюк.

Дэнге — від ліхаманкі. У цяжкай форме выклікае крывацёкі, зніжэнне ціску і ўзроўню трамбацытаў у крыві, смерць. Перадаецца ад хворых людзей, малпаў і кажаноў да здаровых праз камароў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0