На сталічным рынку арэнды кватэр выявілася тэндэнцыя на стабільнае патанненне ўсіх відаў жылля. Пасля пэўнай стабілізацыі цэннікаў арэнды ў другой дэкадзе студзеня, сёння попыт на стандартныя кватэры істотна знізіўся, а вось прапанова стала актыўна павялічвацца.

З’явіліся аднапакаёўкі і за 200 USD

Сярэдні кошт арэнды трохпакаёвых кватэр складае цяпер 350 долараў плюс квартплата. А вось у новабудоўлях Малінаўкі і Сухарава трохпакаёўкі з вялікай агульнай плошчай і без мэблі прапануюцца ўсяго за 300 долараў.

Арэнда ў цэнтры патаннела на 150—200 USD

Больш за ўсё за апошнія два тыдні ў сталіцы патаннелі высокаліквідныя двухпакаёвыя і невялікiя па плошчы трохпакаёвыя кватэры па праспекце Незалежнасцi, каля плошчы Перамогi i побач са станцыяй метро «Нямiга». Раней кватэры ў гэтых прэстыжных межах каштавалi 600—700 долараў, а сёння прапануюцца ўжо не даражэй чым за 450—500 долараў. Выключэнне складаюць толькi сапраўды элiтныя кватэры з сучасным еўрарамонтам i пэўным наборам дарагой мэблi i бытавой тэхнiкi. Прапанова такога жылля ў Мiнску абмежавана, таму мiнулагоднi цэннiк па гэтых шыкоўных кватэрах у памеры каля 1500 долараў сёння застаецца нязменным.

Гаспадары згаджаюцца i на студэнтаў

Яшчэ ўвосень амаль усе ўладальнiкi «лiшняга» жылля абавязкова патрабавалi ад агенцтваў, каб кватаранты не былi студэнтамi. Не вiталася здача якасных кватэр маладым сем’ям з малымi дзецьмi. Сёння сiтуацыя змянiлася такiм чынам, што не ўладальнiкi кватэр выбiраюць кватарантаў, а менавiта клiенты «прыглядаюцца» да жылля i гаспадароў. Цяпер амаль усе агенцтвы нерухомасцi прапануюць свае паслугi па факце засялення, калi бакi заключаюць дагаворы ў прысутнасцi спецыялiстаў рынку жыллёвай нерухомасцi. Улiчваючы той факт, што аплата арэнды жылля ажыццяўляецца выключна ў доларах, якi ў апошнi час працягвае даражэць, гаспадары кватэр прапануюць заключаць дагаворы мiнiмум на 3—6 месяцаў, дзе цана арэнды была б стабiльнай. А вось кватаранты пры заключэннi такiх дагавораў патрабуюць ад уласнiкаў жылля гнуткай сiстэмы платы, якая магла б знiжацца адпаведна з рынкавымi рэалiямi. Цяпер на рынку арэнды жылля пачалi з’яўляцца такiя выпадкi, калi адну вялiкую двухпакаёвую цi трохпакаёвую кватэру здымаюць адразу дзве маладыя сям’i. Гаспадары кватэр пачалi згаджацца i з такiмi варыянтамi арэнды.

Арэнда можа патаннець яшчэ на 20—50 USD

Спецыялiсты агенцтваў жыллёвай нерухомасцi адзначаюць, што рэальна з новага года арэнда кватэр у рублях толькi падаражэла. Свае заробкi большасць кватарантаў атрымлiвае таксама ў рублях, якiя з пачатку года амаль увогуле не павялiчылiся. У студзенi рынак арэнды «з’ядаў» валюту кватарантаў, якая была набыта яшчэ па старым курсе да Новага года. Ужо ў лютым па кiшэнi кватарантаў ударыць павелiчэнне камунальных плацяжоў, а таксама цяжкасцi з дэфiцытам ужо дарагой замежнай валюты. Паводле агучаных раней прагнозаў спецыялiстаў, у лютым—сакавiку небагатыя кватаранты пачнуць масава адмаўляцца плацiць такую арэнду. Такi прагноз пачынае спраўджвацца ўжо цяпер. Істотна памяншаецца попыт на ўсе тыпы арэнднага жылля, а прапанова сёння толькi павялiчваецца. Спецыялiсты арэнды жылля ўпэўненыя, што ў сакавiку мiнiмальны кошт арэнды невялiкiх не вельмi якасных кватэр можа знiзiцца нават да 180—150 долараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?