Як паведамляюць Праваабаронцы за свабодныя выбары, у Метадычным дапаможніку па выбарах дэпутатаў для ўчастковых выбарчых камісій, зацверджаным у канцы траўня, паведамляецца, што ЦВК здымае забарону на фотаздымку на ўчастку.
«Нягледзячы на тое, што Выбарчы кодэкс не ўказвае на права назіральнікаў ажыццяўляць фотаздымку ў памяшканні для галасавання, трэба дазваляць назіральнікам па іх просьбе зрабіць некалькі фотаздымкаў. Пры гэтым назіральнік не павінен ствараць перашкоды для сябраў участковай камісіі і выбаршчыкаў», - напісана ў метадычцы.
Таксама ў дапаможніку паведамляецца, што старшыня ўчастковай камісіі можа загадзя вызначыць месца, з якога дазваляецца зрабіць здымкі, размясціўшы там указальнік «Месца для фотаздымкі».
Падчас папярэдніх выбарчых кампаній у Беларусі праваабаронцы не раз фіксавалі выпадкі, калі з участкаў выдалялі незалежных назіральнікаў, якія фатаграфавалі.