08.08.2019 / 15:52

У Маладзечне паставілі спектакль, дзе прастытуткі гавораць па-беларуску 17

Дзявочыя бойкі, жыццё на чамаданах, прага лёгкіх грошай. На сцэне маладзечанскага тэатра распавялі гісторыі беларускіх дзяўчат з правінцыі, што вырашылі зарабляць целам, піша «Рэгіянальная газета».

Здача разам з перадпрэм’ерным паказам спектакля «Дзеўкі» адбылася ў Мінскім абласным драматычным тэатры 30 ліпеня.

Спектакль паставілі па аднайменным сцэнары Дзмітрыя Багаслаўскага «Дзеўкі». Рэжысёрам выступіў Данііл Абухоў. Мастак-пастаноўшчык Андрэй Жыгур.

Студэнтак іграюць актрысы Кацярына Шчарбач, Кацярына Панедзька, Наталля Скарынка, Анастасія Макарэвіч. Іх старэйшую калегу іграе Яўгенія Стэцэнка.

Спектакль ідзе на беларускай мове. У канцы актрысы агучваюць разважанні жанчын па-руску.

Сумкі і чамаданы

Пастаноўка дзёрзкая і правакацыйная, таму на падрыхтоўку не выдаткоўвалі вялікі бюджэт. Каб скласці асноўную дэкарацыю ў выглядзе вялікай вешалкі з жаночымі сумкамі, запрасілі прынесці гэты аксесуар жыхароў горада. За некалькі дзён сабралі патрэбную колькасць — праект стаў народным.

Ад першых хвілін спектакля актрысы задаюць разняволены настрой сакавітай беларускай мовай са слэнгам і матамі. Страсці кіпяць усю пастаноўку. Каханне, дэтэктыў, інтрыгі, драма — юныя студэнткі сутыкаюцца з рознымі выпрабаваннямі.

У кожнай з гераінь свая прычына, чаму абрала такую прафесію. Але праблемы, з якімі сутыкаюцца, вельмі падобныя.

Галоўны рэквізіт у пастаноўцы — чамаданы. Яны адлюстроўваюць стан душы персанажаў, іх жаданне і гатоўнасць у любы момант змяніць жыццё. Толькі б знайшоўся той, хто выцягнуў бы за руку.

Актрысы агучваюць адказы на стэрэатыпныя пытанні, якія могуць узнікнуць да прадстаўнікоў такога роду заняткаў. Пра што думаюць прастытуткі і аб чым мараць.

Як і ў многіх творах мастацтва, расповед пра лёсы прастытутак — толькі адзін са слаёў пастаноўкі. Тэма правінцыі і вялікага горада, а таксама жаданне «зваліць адсюль» знаёмая многім беларусам. Пра гэта разважаюць гераіні, абмяркоўваючы, якое жыццё для іх было б лепшым.

Актрыса Наталля Скарынка ў вобразе.

Дырэктар тэатра спачатку быў супраць

На «Дзеўкі» тэатр сабраў аншлаг, прытым што гэта быў перадпрэм’ерны паказ. Гледачы на выхадзе абмяркоўвалі ўбачанае: хто быў у захапленні, а хто ў шоку ад нечаканага градуса напала жарсцяў і правакацыйнасці.

— Спачатку я быў супраць пастаноўкі, — дзеліцца дырэктар тэатра Юры Крывенькі. — Думаў, як жа буду яго прадаваць? У нас публіка, якая чакае пэўных карцін, і гэта дакладна ў звыклыя рамкі не ўкладваецца. А пасля зладзілі адкрытую чытку з навучэнцамі маладзечанскіх каледжаў. Іх рэакцыя на твор усё расставіла па месцах. Яны ахвотна разважалі над творам, былі адкрытыя і шчырыя, а дабіцца такога ад моладзі дарагога варта. Вырашылі паспрабаваць.

Грошай на эксперыменты не мелі, таму з рэквізітам дапамаглі гледачы. У выніку атрымалася. Я задаволены спектаклем. Асабіста для мяне гэта штуршок.

Важна і тое, што і аўтар твора, і рэжысёр — нашы маладыя беларускія творцы, а спектакль беларускамоўны. Данііл скончыў ГІТІС, а вось у Беларусі менавіта «Дзеўкі» сталі яго дэбютам. Думаю, гледачы атрымаюць ад пастаноўкі і задавальненне, і нагоду паразважаць.

Злева направа: в.а. загадчыка пастановачнай часткі Павел Грывіцкі, актрыса Яўгенія Стацэнка, мастак-­пастаноўшчык Андрэй Жыгур, актрысы Кацярына Шчэрбач, Анастасія Макарэвіч, рэжысёр­-пастаноўшчык спектакля Данііл Абухоў, актрыса Наталля Скарынка.

Гэта спектакль пра надзею

Пра тое, чаму варта ісці на «Дзеўкі», расказаў рэжысёр Данііл Абухоў:

— Спектакль пра выбар і пра жаданне кінуць штосьці старое і пачаць нешта новае. Пра мары і тое, як яны разбураюцца. Пра расчараванне і надзею. Больш за ўсё пра надзею. У чалавека можна забраць грошы, сям’ю, Радзіму, дом, але нельга забраць надзею.

Пакуль у чалавека ёсць надзея, ён жыве. Калі надзея памірае — памірае і сам чалавек.

Афіцыйная прэм’ера спектакля будзе ў верасні.

103
Гражданин России / Адказаць
08.08.2019 / 16:12
Учитывая модель поведения Республики Беларусь на международной арене, мова для представительниц данной профессии выбрана очень удачно. 
8
Вецер валос. / Адказаць
08.08.2019 / 16:40
Культура на босую нагу.
3
Трактарыст-максімаліст / Адказаць
08.08.2019 / 17:07
Правакацыйнасць загалоўка артыкула на парадак перавышае правакацыйнасць спектаклю.
Паказаць усе каментары/ 17 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру