08.09.2019 / 17:50

Гаспадар першага мінскага гей-клуба расказаў пра атмасферу, наведнікаў і канфлікты з уладай 39

Арт-клуб «Вавілон» адкрыўся ў Мінску ў 2001 годзе. І, пераконвае яго дырэктар Ігар Паланскі, стаў акном, праз якое ў тусовачнае жыццё сталіцы хлынула свежае паветра свабоды.

Да «Вавілона» ў Мінску працаваў гей-клуб «Нарцыс», які ў народзе называлі «Люцікам», нядоўга працаваў «Оскар», але менавіта «Вавілону» наканавана было стаць легендай. Што ж у ім было асаблівага? Сёння, праз дзесяць год пасля закрыцця, на гэтае пытанне спрабуе адказаць Ігар Паланскі.

Сэкс за фіранкамі і танцы топлес

«Нічога звышасаблівага ў «Вавілоне» не было. Была маладосць, быў імпэт, было жаданне перавярнуць гэты свет. Не толькі ў мяне, але і ва ўсіх «прыхаджан» «Вавілона», — расказвае Ігар Паланскі.

Арт-клуб «Вавілон» знаходзіўся па вуліцы Талбухіна, непадалёк ад парку Чалюскінцаў. Клуб займаў трэці паверх гадзіннікавага завода. Па мерках клубаў ён быў гіганцкім — 800м3. Па словах Ігара Паланскага, там было не цікава «піць вадзяру і здымаць цёлак пад «Фрыстайл». Хацелася чагосьці большага.

«Насамрэч, я працаваў не адзін. У мяне была цудоўная каманда: Танечка Ціхамірава і Макс Югаў — так, той самы ды-джэй на радыё. Мы разам з імі прыдумалі першую забаўляльную праграму — «Дзень Святога Патрыка».

«Да «Вавілона» ў Мінску ніхто ніколі не ведаў тэматычных вечарынак кшталту «Новы год у жніўні». Мы першыя, хто зладзіў травесці-шоу, а таксама шоу для жанчын ва ўзросце — «Вяленький цветочек». Я, дырэктар клуба, выходзіў да гасцей у сукенках, спяваў зразумелыя маім гасцям песні, напрыклад песню «Каханне колеру неба», — расказвае Ігар.

Чаму «Вавілон» пазіцыянаваў сябе як гей-клуб?

«Гэта быў свядомы выбар. Мне хацелася, каб у Мінску была такая прастора, дзе людзі нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі змогуць адчуваць сябе спакойна, не баючыся таго, што ім наб’юць пысу. «Вавілон» трымаўся на творчых людзях. Побач Макаёнка, 9, творчая інтэлігенцыя з тэлебачання была нашымі пастаяннымі «прыхаджанамі» — я так заўсёды называў сваіх гасцей. Калі тагачаснае кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі даведалася, дзе адпачываюць іх супрацоўнікі, іх галоўны крычаў на нейкай нарадзе: «Я разганю гэты гей-клуб! І меў на ўвазе не «Вавілон», а якраз-такі тэлебачанне», — расказвае Ігар Паланскі.

«Даходзіла да смешнага. Прастытуткі, якія працавалі побач, пад раніцу заканчвалі працу і прыходзілі да нас адпачываць. Яны ведалі, што ніхто іх не будзе тут чапаць. Калі пачынала гучаць песня «Rivers of Babylon» ад Boney М, у зале рабілася нешта неверагоднае: дзяўчаты і хлопцы распраналіся па пояс і танцавалі топлес. У зале адпачывалі вядомыя людзі, пілі гарэлку, і на іх ніхто не звяртаў увагі. Той жа Барыс Маісееў. Ён быў у нас шмат разоў. Усе любілі адно аднаго. Не хаваю, што сэксам у нас маглі займацца адразу за фіранкамі. Усе пра гэта ведалі, нават міліцыя. Усе ўсміхаліся. Пакуль гэта не дайшло да кіраўніка Першамайскага раёна», — расказвае гаспадар «Вавілона».

«Пакуль у кабінетах сядзяць камуністы, Беларусь так і будзе гамафобнай» 

«Прозвішча ў кіраўніка Першамайскага раёна было Скакун, як цяпер помню. Вось ён і скакаў тут, крычаў, што гэта справа яго гонару — закрыць рассаднік распусты. Былі ў нас і праверкі, і АМАП маскі-шоу ладзіў, і тварам усіх на падлогу клалі. Вінавацілі нас у тым, што ў нас квітнее тут гвалт», — кажа Ігар.

Ігар Паланскі расказвае, што душылі «Вавілон» як маглі.

«І час працы нам скарачалі, і пагражалі, і штрафавалі. Была ў адміністрацыі Першамайскага раёна такая Вера Андрэеўна, не памятаю яе прозвішча. Вось я па натуры добры чалавек, але яе кляну да сёння. Яна адказвала за камунальную гаспадарку, бардзюры фарбавала, а пасля прыйшла ў культуру. От яна мне крыві папіла! Абсалютна непрабівальная была, выклікала, нешта патрабавала. А да нас таксама чыноўнікі прыходзілі. Я пасля да іх звяртаўся з просьбай абараніць, адбіцца ад Веры Андрэеўны. Ведаеце, што яны адказвалі? У вас у клубе хораша, мы будзем прыходзіць, але дапамагаць не станем — раптам пад намі крэсла загарыцца. Не-не, не павінен ніхто ведаць, што мы таксама з «вашых», — кажа Ігар Паланскі.

На думку Ігара Паланскага, сітуацыя не змянілася і сёння.

«У кабінетах па-ранейшаму сядзяць выхадцы з СССР, старыя, тоўстыя дзядзькі, камуністы, якія баяцца ўсяго новага. Ведаеце, я неяк ішоў ля Нацыянальнай бібліятэкі. А там упрыгожвалі горад да нейкага свята рознакаляровымі сцяжкамі. І вось ідуць 15-гадовыя падлеткі і кажуць: «Ой, гляньце, як прышпільна, сцяг ЛГБТ». ЛГБТ — разумееце! — ні під***аў, ні гамадрылаў. Вось калі гэта пакаленне сядзе ў кіруючыя кабінеты, тады нешта зменіцца. А пакуль кіруюць 70-гадовыя дзяды, Беларусь застанецца гамафобнай», — разважае Ігар.

Інна Афанасьева спявала на табурэтцы, а Б’янка да гэтага павінна 50 даляраў

«Вавілон» для многіх цяпер папулярных артыстаў быў першай пляцоўкай, на якой ім даводзілася выступаць.

«У мяне спявалі амаль усе салісты аркестра Фінберга. Пачынаў тут Саша Нема, Юрачка Вашчук, той, што цяпер Тэа, Ларыса Грыбалёва… Ды шмат хто, баюся кагосьці пакрыўдзіць, калі не назаву», — распавядае Ігар Паланскі.

Ігар Паланскі з Ларысай Грыбалёвай.

Для спявачкі Іны Афанасьевай наведнікі «Вавілона» прыдумалі нават асаблівы тытул. Яе называлі «гей-іконай».

«Інна Уладзіміраўна — шыкоўная жанчына і спявачка. Яна выступала ў мяне шмат разоў, прычым ганарару не прасіла. Калі пасля «Вавілона» я адкрыў клуб «Коста Дзіва», запрасіў на адкрыццё Іну Афанасьеву. А ў «Коста Дзіве» сцэны не было. Яна выйшла і проста спявала перад публікай. А ззаду пачалі крычаць: «Нам не відаць, не чуваць». І тут Афанасьева заўважыла табурэтку. Звычайную, круглую, аббітую дэрмацінам. Яна стала на табурэтку, загадала трымаць яе за адну руку, бо на абцасах была, у другой руцэ трымала мікрафон. Так паўтары гадзіны праспявала на табурэтцы», — расказвае Ігар.

З «Вавілона» пачала сваю кар’еру і спявачка Б’янка.

Б'янка з Ігарам Паланскім.

«Цяпер зоркай стала, на сувязь не выходзіць. Ну нічога, пачакаем! Яе цяпер ужо нідзе не чуваць. Значыць, хутка з’явіцца на мінскіх пляцоўках. А пачынала яна ў «Вавілоне» 17-гадовай дзяўчынкай. Цудоўная дзяўчынка была. Песенька ў яе цудоўная была, нашым наведнікам падабалася, яна сама яе напісала: «Нягледзячы на тое, што гей». Песня пра хлопчыка, у якога закахалася дзяўчынка, а ён аказаўся геем.

А неяк раз пазычыла 50 даляраў на спаднічку, каб купіць на «Імпульсе». Грошы пазычыла, а так і не вярнула. Я быў не так даўно ў яе на канцэрце, а яна зрабіла выгляд, што не пазнала мяне. Непрыгожа. Ну нічога, вернецца. Нікуды не падзенецца. Задраць нос лёгка, а вось падаць балюча», — кажа Ігар.

Выступалі ў «Вавілоне» і вядомыя артысты: той жа Барыс Маісееў, парадыст Аляксандр Пяскоў, шведскі гурт Army of Lovers.

Барыс Маісееў у «Вавілоне».

Якія тусоўкі? Узышла астра — вось яна радасць пенсіянера

Пасля «Вавілона», які праіснаваў пяць гадоў, Ігар Паланскі адкрыў яшчэ адзін гей-клуб, «Коста Дзіва». Гэты клуб канчаткова зачыніўся ў 2017 годзе.

Дырэктар «Вавілона» і сам забаўляў гасцей.

«Сёння арт-клубы незапатрабаваныя. Я гляджу на цяперашніх гееў і разумею: яны іншыя. Калі адкрываць нейкую ўстанову, то трэба гэта рабіць з 18—19-гадовай моладзю. А я яе не разумею. Ёсць у Мінску «Бурлеск», але гэта зусім не тое, не «Вавілон». Ды я пакуль не гатовы да новых эксперыментаў, я выгарэў эмацыйна», — расказвае Ігар Паланскі.

Сёння Ігар працуе над новымі праектамі, назірае, што новага адбываецца ў гэтай сферы за мяжой. Падарожнічае і вырошчвае астры на лецішчы.

«Я магу схадзіць кудысьці патусавацца, але мне гэта нецікава. Раней людзі паспявалі добры дзясятак устаноў за ноч аб’ехаць. А цяпер возьмуць адзін кактэйль у адным бары — і гэтага ім дастаткова. Не трэба людзям ніякія культурныя праграмы. А я хачу, каб шоу працягвалася.

Хоць я атрымліваю асалоду ад таго, што назіраю за гэтым збоку. Установы адкрываюцца-закрываюцца, змяняюць назвы і канцэпцыі. У людзей, відаць, з’явіліся лішнія $50 тысяч на тое, каб адкрыць чарговую ўстанову, размазаць грошы па сценах, а пасля не ведаць, як іх з гэтых сцен аддзерці. Быў я на Зыбіцкай. Адно быдла! А арэнда ад 40 еўра за квадрат. Хочаш не хочаш, а будзеш цэны заламваць. Затое міліцыя радуецца, рэйды свае ладзіць. Затрымліваюць за распіццё. А чаму гэта адбываецца? Таму што няма магчымасці ў чалавека адпачываць у бары, ён бярэ бутэльку ў краме і ідзе ў двор. Сумна», — кажа Ігар Паланскі.

Ігар Паланскі сёння.

Зараз Ігару 50 год. Ці лічыць ён сябе шчаслівым?

«Абсалютна. У мяне ёсць сапраўдныя сябры, дом, мама, якой 82 гады. Лецішча, дзе я адпачываю і вырошчваю астры. Распусціўся новы гатунак астры, а я рады. І думаю: «Вось яно, жыццё пенсіянера». Ці шкадую аб нечым? Часам шкадую, што маё асабістае жыццё склалася не так, як я марыў. Шкада, што мільянерам не стаў. У перыяд «Вавілона», натуральна, мог разбагацець. Але мне тады была цікавая творчасць, было больш цікава перад публікай з’явіцца ў сукенцы, чым клапаціцца пра бізнэс. А так… Мне мой дзядуля калісьці казаў, што жыццё трэба пражыць так, каб пад старасць табе людзі не хацелі плюнуць у твар. Я спадзяюся, я так і жыў. І што пад старасць людзі не захочуць мне пляваць у твар, а захочуць успомніць, як калісьці крута адпальвалі пад песню «Rivers of Babylon», — адказвае ён.

Наталля Тур, фота з архіва Ігара Паланскага

5
Аленка / Адказаць
08.09.2019 / 17:17
Жывеш - жывеш, і ў 35 год даведваешся, што Інна Афанасьева - гей-ікона))) І што ж там за спадніца была ў Б'янкі за 50 даляраў
6
litwin / Адказаць
08.09.2019 / 17:31
нажаль у нас няма свайго рынка ТВ. гэта гісторыя дзеля кіно нашага . 50 і пенсіянер , стаміўся змагацца з совкамі і былымі акупантамі ?
33
Белачупакабра / Адказаць
08.09.2019 / 18:17
Ніколі не наведваў ніякіх клубаў, але шчыра хачу сказаць дзякуй людзям любых поглядаў, якія рухаюць краіну наперад, ня гледзячы на існуючы рэжым. Беларусь будзе вольнаай і талерантнай краінай для ўсіх, хто паважае нашу мову, гісторыю і незалежнасць. А як хто кахае, не мае значэння.
Паказаць усе каментары/ 39 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру