Дзіўная сітуацыя разгортваецца вакол судовага разбіральніцтва наконт экстрэмісцкіх публікацый газеты «Вечерній Могілёв».

Чытайце: Мінінфарм знайшоў экстрэмізм у двух артыкулах «Вечернего Могилёва»

Справа была так: маладзечанскі ЛГБТ-актывіст Валянцін Цішко паскардзіўся на абразлівыя публікацыі, камісія пры Міністэрстве інфармацыі знайшла ў матэрыялах прыкметы экстрэмізму. Гэтае рашэнне перадалі ў магілёўскую міліцыю, тая звярнулася ў суд, каб аштрафаваць выданне.

Аднак газета з рашэннем камісіі пры Мінінфарме не пагадзілася і падала сустрэчны пазоў.

Каля газеты ў гэты час утварылася група падтрымкі, прадстаўнікі якой пачалі тэрарызаваць Міністэрства інфармацыі ў розных формах. Асноўная пляцоўка змагання — інтэрнэт, куды яны публікуюць свае довады з шэрагу: «Экспертная камісія Мінінфармацыі створана ў год Майдана!». 

Сцвярджаецца, што неназваныя колы «Дзікага Захаду» выдаткавалі 16 мільёнаў еўра на барацьбу з «Вечернім Магілёвам», на якія спакусіліся адказныя асобы шэрагу ведамстваў, у тым ліку Мінінфарма. 

Няздольнасцю ўтрымацца перад такімі грашыма і тлумачыцца судовы працэс супраць газеты. 

Публікуецца гэта ў той жа суполцы «УКантакце», дзе публікуюцца і нататкі газеты.

«Калі сярод былых партработнікаў пачалася эпідэмія змены арыентацыі, яна не абышла і Мінінфармацыі. Наколькі гэтая ржа раз'ела вышэйшыя эшалоны ўлады — жудасць! Вакханалія садамітаў працягваецца, хто яе спыніць?» — такім пытаннем задаюцца на сайце выдання.

Цікава, што міністру інфармацыі Аляксандру Карлюкевічу ўжо нават даслалі «падарунак» у выглядзе жалезнага відэльца і гальштука «каб нагадаць, у што могуць выліцца заляцанні з Дзікім Захадам».

Абаронцы і газетчыкі патрабуюць адклікаць рашэнне экспертнай камісіі. Відаць, не ведаючы механізмаў — міністэрства гэтага зрабіць не можа.

Але як у міністэрстве агулам ставяцца да такіх абвінавачанняў і перформансаў? Як выявілася, Аляксандр Карлюкевіч у адпачынку, на пытанні «Нашай Нівы» адказаў першы намеснік Павел Лёгкі. 

«Да перформансаў ставімся з іроніяй, — адказаў Лёгкі. — Гэта спроба псіхалагічнага ціску ў час судовага разбіральніцтва. Галоўнае, што калі скончыцца суд, тады мы яшчэ пагаворым. А так… Ну гэта такая піяр-акцыя, каб прыцягнуць увагу да выдання, якое відавочна не аблашчана чытацкай аўдыторыяй і папулярнасцю. Бо іначай як трызненнем не назваць тое, што пішуць яны і група падтрымкі. Якія 16 мільёнаў еўра на барацьбу з газетай? Ці не завысока яны пра сябе думаюць?» — сказаў намеснік міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?