Слуцкая епархія адказала «Нашай Ніве», чаму ў Салігорску вырашана ўзвесці новую царкву. Па звестках БПЦ, у горадзе на 106 тысяч чалавек існуе 5 праваслаўных рэлігійных грамад. Але толькі адзін храм дзее — кафедральны сабор. Астатнія — на стадыі будаўніцтва. У тым жа Маладзечне і Слуцку — па 5 дзейных цэркваў, у Вілейцы — 3.

Кафедральны сабор Салігорска, ілюстрацыйнае фота.

Кафедральны сабор Салігорска, ілюстрацыйнае фота.

«Паводле вынікаў пасяджэння Рады Беларускага саюза архітэктараў і Рады галоўных архітэктараў абласцей, гарадоў і раёнаў Беларусі, якое адбылося ў Салігорску 15 чэрвеня 2017 года, была вынесена рэкамендацыя звярнуць асаблівую ўвагу на мастацка-эстэтычнае ўспрыманне горада і, у прыватнасці, на будоўлю архітэктурных аб’ектаў, параўнальных па харастве і адметнасці з кафедральным саборам», — кажуць у епархіі.

Вылучыць зямельны ўчастак пад храм свяціцеля Мікалая Цудатворца прыход прасіў яшчэ чатыры гады таму. Подпісы пад зваротам у райвыканкам пакінулі 5 тысяч салігорцаў.

План мікрараёна №21. Ружовы прамавугольнік унізе — месца, дзе плануюць пабудаваць царкву.

План мікрараёна №21. Ружовы прамавугольнік унізе — месца, дзе плануюць пабудаваць царкву.

«Плануецца, што храм свяціцеля Мікалая Цудатворца будзе служыць месцам малітвы для жыхароў некалькіх новых мікрараёнаў Салігорска. Яго пабудова закрывае пытанне аб далейшым заснаванні праваслаўных прыходаў у межах горада, — адзначае Слуцкая епархія. — Дагэтуль у Салігорску няма помніка Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Узвядзенне храма заклікана запоўніць гэты прабел. На яго тэрыторыі будзе створаны мемарыял 75-годдзя Перамогі, у падмурак якога плануецца закласці капсулы з зямлёй са спаленых нацысцкімі акупантамі вёсак Салігоршчыны. Канцэпцыя храма прадугледжвае ўвекавечанне памяці народных герояў, сярод якіх — зажыва спалены карнікамі ў царкве святар Іаан Лойка з вёскі Хорастава, партызанскі камандзір Васіль Корж, браты Іван і Міхаіл Цубы».

У епархіі дадаюць, што праект будоўлі не прадугледжвае высякання дрэваў.

«Участак пад храм знаходзіцца на ўскрайку рэшткі ляснога масіву, якую некарэктна называць паркавай зонай».

Чытайце таксама: У парку на ўскрайку Салігорска збіраюцца будаваць храм. Гараджане супраць: і так шмат цэркваў!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?